БЕЛАРУСКАЯ ПАНАРАМА

Першая беларуска ў кнізе рэкодаў Гінэса
Ірына Валенкова - выдатная беларуская альпіністка. Сярод ейных дасягненьняў - трохразовае ўзыходжаньне на Эльбрус, а таксама на найвышэйшы пік Паўночнай Амэрыкі, Мак-Кінлі ў Алясцы. Пасьля гэтага яна задумала ўзыйсьці на найбольшыя вяршаліны ўсіх кантынэнтаў. Але шэсьць гадоў таму яна ледзь ня страціла жыцьця, калі ўзыйшла на пік недаступнае тыбэцкае гары - Даўлагіры (вышыня больш за 8 тысячаў мэтраў). Ня здолеўшы дзеля непагадзі вярнуцца на базу, застаўшыся ў марозным разрэджаным на кісларод паветры, у цемені, яна на працягу 13 гадзін, не пакідаючы рухацца на вузкай ледзяной пляцоўцы, змагалася, каб застацца ў жывых. Гэта ёй каштавала адмарожаныя пальцы й страту ног, якія давялося замяніць пратэзамі. Ніхто яшчэ з альпіністаў ня выжыў у сытуацыі, у якой апынулася Ірына на піку гары. У такіх выпадках нешчасьліўцы гінуць на працягу некалькіх гадзін. Ірына Валенкова сталася свайго роду навучальным прыкладам для падрыхтоўкі альпіністаў. І толькі пасьля шасьцёх гадоў яна заслужыла на прызнаньне ёй месца ў кнізе рэкордаў Гінэса. Летась Ірына сталася адзіным прадстаўніком Беларусі ў кіраўніцтве Міжнароднае Асацыяцыі Альпіністаў. Пад эгідай гэтай аргнізацыі яна мае намер зьдзейсьніць увосень сёлета яшчэ адзін праект у Гімаляях - узыйсьці без кіслароду на гару Чуу-Ю (8 тыс. м.). Разам зь бел-чырвона-белым сьцягам, яна хоча ўзяць з сабой нацыянальную вопратку, каб надзець яе на вяршаліне й зрабіць відэаздымку. (Паводле "Белорусской деловой газеты", 11.03.02)

Катэдра беларусаведы
Пры Эўрапейскім Гуманітарным Унівэрсытэце (ЭГУ) ў Менску арганізуецца Цэнтар беларусаведы. Пра гэта паведаміў выдаваны ў ЗША бюлетэнь "Bridges" /"Масты"/. "Масты" выдае фундацыя, якая займаецца справай дапамогі ЭГУ. Фундацыю ачольвае былы амэрыканскі пасол у незалежнай Беларусі сп. Дэйвід Сўорц. Зь леташняга восеньскага нумару "Мастоў" даведваемся, што на чале беларусаведнага цэнтру ЭГУ стаіць сп. Уладзімір Гілеп. Сп. Гілеп рэалізуе цяпер два праекты: 1. Збор дадзеных і выданьне даведнікаў у сэрыі "Славутыя імёны Бацькаўшчыны". Выданьні ў гэтай сэрыі будуць пакладзеныя ў аснову курсу гісторыі беларускай культуры. 2. Рэстаўрацыя й перахаваньне помнікаў матарыяльнай культуры Беларусі (паркаў, сядзібаў і іншых старасьвецкіх будынкаў. Фундацыя дапамогі ЭГУ, якую ачольсвае сп. Сўорц, разьлічвае на грашовую падтрымку беларусаведнага цэнтру ЭГУ. Калі б хто жадаў падтрымаць гэты вартасны праект (ахвяраваньні можна адлічаць з падаткаў), зьвяртацца трэба на адрас: The European Humanities University Foundation, Inc., P. O. Box 1041, Vienna, Virginia 22183-1041; Phone/Fax: (703) 281-6534. E-mail: EHUF@aol.com. (ЯЗ)

Тацьцяна Адамовіч - беларуска-амэрыканская чэмпіёнка фэхтаваньня
У Злучаных Штатах жывуць стала або часова некалькі спартсмэнаў і спартсмэнак алімпійскага калібру. Зь іх найчасьцей можна пачуць пра Вольгу Корбут і Віталія Шчэрбу. Але ёсьць і іншыя выдатныя імёны ў гэтым радзе. Адно зь іх - Тацьцяна Адамовіч, якая адзначылася тым, што выступала шмат разоў ад імя Амэрыкі. У гутарцы з карэспандэнткай радыё "Свабода" спадарыня Адамовіч (дзявоцкае прозьвішча Барэйка; былая чэмпіёнка фэхтаваньня; ад 1968 г. жыве замужам у ЗША) сказала пра сябе: "Потым /пасьля пераезду ў ЗША/ я выйграла спаборніцтвы, стала чэмпіёнкай Амэрыкі і трапіла на Алімпіяду. Была чэмпіёнкай Амэрыкі па жаночай рапіры, пяць разоў на першынстве сьвету за Амэрыку фэхтавала, стала чэмпіёнкай вядомых міжнародных спаборніцтваў у Нью Ерку. Шмат разоў сустракалася на чэмпіянатах сьвету з нашымі беларускамі, маімі каляжанкамі - Бяловай, Самусенкай. Яны выступалі за СССР, і я зь імі фэхтавала. /…/ Такія сумныя думкі ў галаву лезьлі, калі я выходзіла на дарожку фэхтаваць са сваімі. Быў цікавы выпадак. У Вене фэхтавала з Аленай Бяловай. Яна ўжо была чэмпіёнкаю Алімпіяды, і ўсе прыйшлі да дарожкі паглядзець, як яна фэхтуе з амэрыканцамі, а людзі ня ведалі, што я беларуска. Я пачала выйграваць, але потым я зразумела, што нельга выйграваць у сваёй сяброўкі, бо яны ў такім становішчы, што яна потым ня будзе ў камандзе. Я падумала, што для мяне гэта перамога не такая важная, і я аддала ёй бой, яна выйграла. Потым трэнеры Ларыса Германцэвіч і Бокун падышлі да мяне і сказалі: 'Цяпер мы ведаем, што ты наша'. Шкада, што я прайграла, але я гэта зрабіла спэцыяльна". /…/ "У 1975-м годзе я пакінула спаборніцтвы і прадоўжыла вучыцца. Я скончыла ў Беларусі інстытут фізкультуры і тры курсы журналістыкі, была спартовай журналісткай. Тут я пайшла ва ўнівэрсытэт, каб атрымаць магістэрскую ступень у спорце, правучылася два гады, і тады я стала прафэсарам ва ўнівэрсытэце. Акрамя гэтай працы я адчыніла свой клюб - 'Заля Тані'. Я маю шмат таленавітых спартоўцаў, і я іх многіх натрэніравала для алімпійскай каманды ў Амэрыцы, некалькі чалавек ў алімпійскай камандзе - па тры, па дзьве Алімпіяды фэхтавалі мае маладыя спартоўцы, ёсьць чэмпіёны Амэрыкі, унівэрсыядаў".

Гарбачоў пра Чарнобыль і Беларусь
У інтэрв'ю брытанскаму тэлебачаньню Бі-Бі-Сі 7-га сакавіка сёлета Міхаіл Гарбачоў, былы прэзыдэнт Савецкага Саюзу, сказаў наступнае: "Мы /г. зн. кіраўнікі ў Крамлі адразу пасьля выбуху на чарнобыльскай атамнай станцыі/ думалі, што пацярпіць галоўна Ўкраіна, а тады пабачылі, што гэта - Беларусь". Або, як сказана ў транскрыпце інтэрв'ю: "We thought that the main impact will be on the Ukraine and then we realized it was Belarus." (Я. З.)

Беларуская мова ў Куінскім калэджы
У каталёгах аддзелу русістыкі Куінскага калэджу гарадзкога ўнівэрсытэту Нью Ерку зазначаецца, што на факультэце сучасных моваў выкладаюцца таксама мовы: беларуская, польская, сэрба-харвацкая, украінская. У праграме таксама паведамляецца, што ў спэцыялізацыю праф. Томаса Бёрда уваходзіць беларуская літаратура. Зазначаем, што праф. Томас Бёрд ёсьць рэдактарам ЗАПІСАЎ Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.