БЕЛАРУСКАЯ ПАНАРАМА

КНІГА ПРА БЕЛАРУСКУЮ ЗАМЕЖНУЮ ЛІТАРАТУРУ
У выдавецтве Бірмінгэмскага ўнівэрсытэту выходзіць вялікая манаграфія літаратураведа праф. Арнольда Макміліна (Arnold McMillin) - "BELARUSIAN LITERATURE OF THE DIASPORA". Кніга разьдзеленая на тры часткі: беларуская эміграцыйная літаратура; беларуская літаратура ў сучаснай Усходняй Эўропе (за выняткам Польшчы); і беларуская літаратура ў Польшчы. У кнізе разглядаецца творчасьць 50 аўтараў.
Цана кнігі - прыблізна 25 фунтаў. Пры большай колькасьці заказаў даецца 20 працэнтаў зьніжкі. Заказы слаць на адрас:
The General Editor, Birmingham Slavonic Monographs, Department of Russian, The University of Birmingham, Edgbaston, Birmingham B 15 2TT.

ПРАЦА ПРА МУЗЫКУ Й НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СЬВЯДОМАСЬЦЬ
Доктарская дысэртацыя Марыі Паўліны Сурвіллы, выкладчыцы амэрыканскае ВНУ, загалоўленая "Of Mermaids and Rock Singers: Placing the Self and Constructing the Nation Through Belarusan Contemporary Music" /Пра русалкі й рокераў: вызначэньне сябе й будаваньне нацыі праз беларускую сучасную музыку/. Тэма, трэба прызнаць, няштодзённая й ня зь лёгкіх. Але маладая аўтарка справілася зь ёю бліскуча. Довад гэтага - выданьне ейнае працы ў сэрыі "Выдатныя дысэртацыі". Кніга (192 ст.) выйдзе ў ліпені сёлета разам з аўдыёварыянтам на кампактным дыску. Ужо цяпер можна замовіць кнігу ў фірме Амазон (Amazon.com).

БЕЛАРУСКАЯ АКТОРКА Й ПАТРЫЁТКА ВІРДЖЫНІЯ ШЫМАНЕЦ
У красавіку сёлета праходзілі ў Францыі дні беларускай культуры, а ў Беларусі - дні культуры французскай. Французы прывезьлі ў Беларусь некалькі спэктакляў, у тым ліку "Чарнобыльскую малітву" паводле дакумэнтальнай аповесьці Сьвятланы Алексіевіч.
У складзе парыскае трупы прыехала й Віржыні Шыманец, якая паходзіць зь ведамай беларускай сям'і Шыманцоў. Французскія акторы выступалі ў Гомелі. Пра іхны выступ там менская "Белорусская деловая газета" (16.04.02) напісала: "Гомельскага гледача французскія акторы пацешылі таксама "Уяўнай камэдыяй" паводле твораў Мальера ды монаспэктаклем "Фані" паводле Л. Конці". У "Фані" (адзіным спэктаклі, які суправаджаўся перакладам) грала актрыса парыскага тэатру Віржыні Сіманьек (гэта значыць, Шыманец - рэд. "Б"). Яшчэ да адкрыцьця фэстывалю яна ўразіла гамяльчанаў сваёй прыгожай… беларускай гаворкай. Як выясьнілася, бацька Віржыні родам са Стоўпцаў, адкуль яшчэ хлопчыкам разам з бацькамі прыехаў у Францыю ў часе Другой Сусьветнай вайны. Але роднае мовы ні дзед, ні бацька не забыліся. За іхным прыкладам пайшла й Віржыні. Больш таго, спадарыня Сіманьек як запраўдная патрыётка выдае ў Парыжы газэту (фактычна, бюлетэнь - рэд. "Б") "Беларускія пэрспэктывы". Гэтае выданьне на французскай мове для тых, каго цікавіць доля Беларусі', - сказала яна карэспандэнту "БДГ".

Янка Запруднік

БАСКЕТБАЛІСТКА ЗЬ БЕЛАРУСІ
У вясновым баскетбольным сэзоне 2002-га году газэты паўночнай часткі штату Нью-Джэрзі - "Гудзон Дыспэтч", "Гэральд Ньюз", "Стар Леджэр" і інш. - ці раз адзначалі, што студэнтка ўнівэрсытэту Фэрлей Дыкенсон у горадзе Тынэк, Натальля Марчанка, выдатна гуляе ў баскетбола. Аднойчы было нават зазначана, што, як сказаў трэнер баскетбольнай каманды Фэрлей Дыкенсона, Натальля часта выводзіць каманду ў пераможцы.
І вось адночйчы журналіст газэты "Бэрген Рэкорд" Дж. П. Пэльцман зрабіў з Натальляй інтэрвію. Выявілася, што гуляе яна ў баскетбола даўнавата. Першы раз наведала ЗША ў 1999 годзе ў складзе баскетбольнай каманды Беларусі, а цяпер яна студэнтка па абмену. Дапытліваму, але ня вельмі падкаванаму ў палітычнай геаграфіі карэспандэнту хацелася ведаць, зь якое яна краіны - напэўна з Расеі - выказаў ён сваё меркаваньне. У гэтым мамэнце іхнае гутаркі Натальля кіўнула на сяброўку, амэрыканку польскага паходжаньня, каб тая гаварыла далей. А тая сказала яму такое: Натальля - беларуска, і яна ўжо стамілася тлумачыць вам, журналістам, дзе знаходзіцца Беларусь ды якая розьніца паміж Беларусьсю й Расеяй. Праўда, сказала сяброўка, Натальлі спачатку было цяжкавата тлумачыць, хто яна й адкуль, дзеля слабога веданьня ангельскае мовы, але цяпер яна мовай авалодала й добра даводзіць веды пра Беларусь англамоўным студэнтам.

В.К.