Пакарэньне Парыжу
На фінішаваўшым у апошні ўік-энд жніўня ў Парыжы чэмпіянаце сьвету па лёгкай атлетыцы трыўмфальна выступілі беларускія спартоўцы. Сем медалёў (тры залатыя, срэбраны і тры бронзавыя) узьнялі беларускую каманду на высокае чацьвёртае месца ў сьпісе 203 (!) краінаў-удзельніцаў сусьветнага форуму. У эўрапейскім табелі аб рангах беларусы ўладкаваліся на другой пазыцыі сьледам за Расеяй. На вышэйшую прыступку п'едэсталу ўзыйшлі Ірына Ятчанка (кіданьне дыску), Іван Ціхан (кіданьне молату) і Андрэй Міхневіч (штурханьне ядра). Лепшым трэнерам першынства стаўся беларускі спэцыяліст Уладзімер Сіўцоў, які падрыхтаваў двух чэмпіёнаў і ўладальніка бронзавага медаля.
Посьпех беларусаў быў з захапленьнем успрыняты заўзятарамі й спартоўцамі з розных куткоў плянэты. Французы сустракалі нашых суродзічаў воплескамі, ўзьнімалі рукі ўгору і паўтаралі: "Oh, Belarus!" Вельмі прыязна, шчыра віталі наш посьпех украінцы. Ды толькі расейцы рэагавалі надта холадна і нават агрэсыўна, бо бачылі ў суседзях галоўных канкурэнтаў.
К. ЛАШКЕВІЧ