Будзе нам утульным канадыйскі "пэчуорк"
А ў Канадзе скончыўся сэзон дажджоў, ...і пачаўся сэзон фэстываляў. І вось ужо ўзмываюць у неба кітайскія языкатыя цмокі, імчаць навыперадкі філіпінскія шматвёсельныя чоўны, маршыруюць галаногія шатляндцы ў клятчастых спадніцах, думдзяць афрыканскія барабаны, скочуць у бразільскай румбе таронтаўцы...
Фальклёрна-этнічныя фэстывалі сталі ня проста характэрнай асаблівасьцю Канады. Шматнацыянальная яе сутнасьць нагадвае тутэйшую стракатую коўдру "пэчўорк", ва ўзоры якога кожны этнас займае сваё адметнае месца. Гарманічны, мудрагелісты арнамэнт! Так прыемна ўсьведамляць, што ў гэтым сусьветным калейдаскопе сваё пачэснае і неад'емнае месца займае і наша беларуская культура. І нам ёсьць што паказаць і чым зьдзіўляць народ.
...Роўна два гады таму Віялета Кавалёва, толькі прыехаўшы ў Таронта, напісала: "Краіна гэта - амаль уся наша плянэта ў мініятуры. Тут ёсьць свой вялікі "Чайнатаўн", шматлікія польскія крамы, украінскія цэрквы, расейскія газэты, габрэйскія дантысты, нямецкія духавыя аркестры й лацінаамэрыканскія карнавалы... Тут няма, на жаль, амаль нічога беларускага, шырока вядомага па-за межамі ЗБК". ...А вось цяпер, праз два гады, газэта "Беларускае слова", што пад яе рэдакцыяй, разыходзіцца з паліцаў украінскіх і расейскіх крамаў у лічаныя дні. А 21-га чэрвеня павезла Віялета сваіх "Яваровых людзей" на фолк-фэстываль аж у Кітчэнэр.
Калі ўжо гартаць хроніку назад, дык можна прыгадаць, што менавіта Кітчэнэр тады, два гады таму, стаў месцам нараджэньня нашага фольк-гурта, а з гэтым і кропкаю адліку ў жыцьці таронтаўскіх беларусаў.
А пачалося ўсё з таго, што дзякуючы асабістым сувязям і намаганьням спн. Вікторыі Ціханоўскай, тамтэйшая расейская суполка запрасіла нас на мясцовы фэстываль і па-сяброўску падзялілася 15 хвілінамі свайго часу для выступу ў канцэрце. На што старшыня ЗБК Надзея Дробіна проста ўсплёснула рукамі: "А што ж паказвацьмем?" Ідэя, праўда, спадабалася, і, як заўсёдны "гэнэратар ідэй", пачала яна шукаць па сусеках таленты: а хто-ж тут у нас іграць-пяяць умее? І так ужо, відаць, было ад самага пачатку задумана Тым, хто мудрэйшы за нас, але менавіта ў гэты час і прыехала Віялета. Чалавек у гэтай справе спрактыкаваны (у Менску сьпявала і нейкі час кіравала калектывам "Майстроўня"), яна пачала неназойліва, але пераканаўча прыводзіць да дысцыпліны нашу стыхійную, неарганізаваную групу энтузыястаў (трэба сказаць, усе з радасьцю аддалі ёй пальму адказнасьці).
Часу для рэпэтыцыяў бракавала. Затое імпэту колькі было! ...На лужайку перад гледачамі, мінаючы адмыслова падрыхтаваную сцэну зь мікрафонамі (бо яна не ўмясьціла-б нас усіх), мы выйшлі, лічы, ўсёй суполкаю, зь дзецьмі й старэйшымі, у зробленых на хуткую руку строях і зь бел-чырвона-белымі сьцягамі...
Посьпех быў настолькі ашаламляльны, што цяпер мы маем адмысловыя запросіны для ўдзелу ў фэстывалі ад яго арганізатараў.
Але ў той дзень позьнім вечарам на банкеце, наладжаным сябрамі-расейцамі, усё яшчэ ўзбуджаныя гэтым нечаканым фурорам больш, чым віном, мы раптам вырашылі: а давайце зьбірацца штотыдня і сьпяваць! ...І хто мог тады сабе ўявіць, чым гэта ўсё абернецца.
Cьпяваючая група стала ня проста адзінкаю самадзейнасьці. Ва ўмовах, калі таронтаўская парафія страціла сьвятароў, і службы адбываюцца нерэгулярна, яна стала цэнтрам нашых пасядзелак-вячорак. Штотыдня людзі сустракаюцца, гутараць, гуртуюцца, справы робяцца, жыцьцё ідзе.
З таго часу гурт зьмяніў амаль увесь ягоны склад, цяпер бальшыню ўдзельнікаў складае моладзь, што вельмі радуе. Сьпяваючыя і несьпяваючыя юнакі й дзяўчаты цягнуцца да гурта, як матылі да сьвятла, а з тым уліваюцца ў жыцьцё Згуртаваньня. Зьмяніліся, сталі больш дасканалымі строі, стала абнаўляецца рэпэртуар, у які ўваходзяць старыя, нават старажытныя песьні (і дзе Віялета іх толькі знаходзіць!). "Яваровы людзі" ўдзельнічаюць ва ўсіх сьвятах і імпрэзах, што ладзіць Згуртаваньне Беларусаў Канады, езьдзяць з канцэртамі да беларусаў у іншыя гарады.
"Віялета, а ці магла ты сабе ўявіць, калі выпраўлялася ў Канаду, чым ты там будзеш займацца?" - "З усяго, што ўяўляла пра Канаду, толькі гэта і адбылося..."
...І вось зноў Кітчэнэр. Усё той жа Victoria Park у цэнтры гораду, тая-ж сцэна. Да пачатку канцэрту публіку забаўляе, як і летась, нямецкі духавы аркестар (горад некалі заснавалі немцы, раней ён называўся Бэрлін). У праграме канцэрту ўкраінцы, грэкі, пуэрта-рыканцы, самалійцы... Нашыя дзяўчаты ў строях адразу прыцягваюць агульную ўвагу. Людзі падыходзяць, распытваюцца, хто мы й адкуль. Нашыя строі, бадай, што самыя прыгожыя, людзі кажуць, што такога ніколі ня бачылі. Гэта яшчэ што!.. А вось і выступ, першы ў праграме. ...Я назіраю за рэкцыяй гледачоў: адкрытыя вочы й рты, на замерлых тварах зьдзіўленьне, захапленьне. Потым пачынаюць адстукваць рытм ногі, пляскаць рукі... Я ўжо ведаю гэтую рэакцыю, гэты першы шок. Сапраўды, зараз акрамя "amazing!" яны нічога больш сказаць ня здольныя.
Але вось словы маіх сяброў-канадыйцаў, якім я часам наладжваю "міні-фэстывалі", даючы праслухаць дыскі зь беларускай фальклёрнай музыкай:
Сюзан Глёб: "Калі я ўпершыню пачула музыку Беларусі, я была ашаломленая рэхам барабаннага бою канадыйскіх індзейцаў. Першыя гукі агортваюць тваё сэрца, рытм нарастае, ён падхоплівае тваё сэрца і цябе і нясе на зьяднаньне са страсьцю сьпевакоў... Я заўважаю, што мае сьцёгны рухаюцца, і я чакаю, што вось зараз сьпевакі паведамяць мне нешта патаемнае. Я не разумею слоў, але адчуваю, як гукі гэтыя ўзьнімаюцца з глыбіні зямлі й яны пахнуць агнём. Яны чаруюць мяне... Як можна словамі сказаць, што адчувае маё цела, калі яно ў экстазе?"
Лінда Вандэр Ступ (ўдзельніца індзейскага фольк-гурта): "Па-першае, хачу сказаць, гэта - унікальныя сьпевы. Я-б не сказала, што яны падобныя да індзейскіх, хутчэй мэлёдыка песень падобная да ірляндзкай, як і музычныя інструмэнты. Як сьпявачка, я бачу ўнікальнасьць у надзвычайнай гармоніі галасоў, у гэтым шматслойным спалучэньні мужчынскіх і жаночых галасоў, якія твораць рытм песьні нават без інструмэнтаў. Ніколі ня чула такой манеры, калі ўдзельнікі ўступаюць не адначасова. І гэтыя канцоўкі музычнай фразы: то працяжныя, то раптоўны абрыў з нейкімі трукамі ў голасе - гэта майстэрства! Вельмі ўражаная дыяпазонам настрою і эмоцый. Варыяцыі ад узьнёслай радасьці, нястрымнай весялосьці да пяшчотнага суму і журбы адчуваюцца выразна, нягледзячы на моўны бар'ер. Колькі моцы, свабоды, пяшчоты, любові... як быццам із сэрца самой зямлі! ...Музыка дапамагае нам дзяліцца агульнымі каштоўнасьцямі й вучыцца адзін ў аднаго."
Фэстываль - гэта ня толькі канцэрт. Па ўсяму парку стаяць намёты, сталы, дзе можна пабачыць і набыць якіх толькі дзівосаў і цудаў, створаных майстрамі з усіх канцоў сьвету. Індзейскія "дрымкатчары" ("лаўцы сноў"), узбэцкія цюбяцейкі, эгіпэцкія папірусы, пэруанскія губныя гармонікі, пэрсыдзкія бранзалеты, афрыканскія глякі... Нас прывабіла выстава пакістанскіх вырабаў з оніксу. Доўга круціла я ў руках прыгожыя фігуркі й пацеркі, размаўляла з майстрамі, а думкі мае блыталіся з пытаньнямі. Няма тут беларускай палаткі, а як-бы дзівіліся людзі нашай вышыўцы, саломцы, кераміцы... Раптам успомніла: у мяне-ж з сабой бурштынавыя пацеркі (ад майго строя, яшчэ маміны...). "Хлопцы, а ці ведаеце вы гэткі камень?" - "О, прыгожа! Які лёгкі! Ці-ж гэта камень?" Я тлумачыла, а яны глядзелі на мяне няўцямна... "О, бой! Я-ж чуў пра гэта! Смала сасны! Амбэр. ...Вось як яно выглядае. Адкуль гэта?" - "Зь Беларусі." - "Беларусь?.. Ага, хакейная каманда! ...Прызнацца, я толькі на Алімпіядзе пра Беларусь і пачуў." (Вось-жа, сапраўды, наперадзе плянэты усёй, побач з расейскім балетам і індыйскім кіно...)
Падаліся дамоў, ідзем каля "харчовых радоў": каўказкія шашлыкі, карэйскія разнасолы, бэльгійскія вафлі... "Віялета, уяўляеш, а як-бы тут нашыя дранікі з мачанкай..." - "А хто рабіцьме? Нас на ўсё пра ўсё два дзясяткі чалавек, і так ужо кожны і жнец, і швэц. ...Ат, кінь."
Цудоўны горад Кітчэнэр... А можа, нашыя майстры, кулінары, камэрсанты ўжо едуць да нас?
...Сонца ўзьнімалася ўсё вышэй. Заканчваўся чэрвень - сэзон дажджоў.
Гарачае лета ахутвае, пакрывае сьпякотнай коўдрай Канаду. І кружаць, закружваюць яе каляровыя карнавалы. Сэзон фэстываляў у разгары...
Ірына ВАРАБЕЙ, Таронта