НОВЫ СТАРШЫНЯ ПЭН-ЦЭНТРУ
Новым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру абраны Андрэй Дынько. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе Адама Мальдзіса. Андрэй Дынько - перакладчык, публіцыст, аўтар шэрагу апавяданьняў. Яму 28 гадоў. Выкладаў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным ўнівэрсытэце, працаваў дырэктарам часопісу "Arche", галоўны рэдактар (з 2000 году) газэты "Наша Ніва". Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў.
Беларускі ПЭН-цэнтар - няўрадавая, непалітычная, некамэрцыйная арганізацыя. Створаны ён быў у лістападзе 1989 году. У траўні 1990-га Беларускі ПЭН-цэнтар прыняты ва Ўсясьветную асацыяцыю пісьменьнікаў "Міжнародны ПЭН-клюб". Як сябра Міжнароднага ПЭН-клюбу, Беларускі ПЭН-цэнтар мае статус "А" ў ЮНЭСКА й дарадчы статус у ААН.
ПЭН-цэнтар - аб'яднаньне прафэсійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэньня інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафэсій, удзелу ў міжнароднай літаратурнай супрацы, разьвіцьця беларускай культуры, выхаваньня ў грамадзкай сьвядомасьці высокіх гуманістычных ідэалаў - азначана ў Статуце арганізацыі.
У склад Беларускага ПЭН-цэнтру цяпер уваходзяць 85 пісьменьнікаў, якія жывуць у Беларусі й па-за ейнымі межамі - у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Нью-Ерку, Лёндане, Бэрліне, Флярэнцыі, Варшаве, Беластоку. Прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру зьяўляецца Васіль Быкаў, сябрамі - такія вядомыя пісьменьнікі, як Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Міхась Тычына, Валянцін Тарас, Карлас Шэрман і многія іншыя.

www.naviny.com