З жыцьця ў Пэрце (Аўстралія)

ХРОНІКА
У нядзелю 7-га ліпеня пасьля службы Божай, якую адправіў а. Уладзімер, прыбыўшыя сабраліся ў Грамадзкай Хаце, каб адзначыць 120-я ўгодкі народжаньня вялікага песьняра і прарока беларускага нацыянальнага адраджэньня Янкі Купалы. Урачыстасьць пачалася вітаньнем прысутных і паведамленьнем, што не прыбыў дакладчык. Аднак ён не забыўся перадаць касэту, на якой запісаў даклад. Касэтны даклад цягнуўся палову гадзіны, і ўсе былі задаволеныя зь яго.
Пасьля дакладу адбыўся пачастунак, у часе якога адбыліся разважаньні аб бяспраўным падпарадкаваньні беларускай маёмасьці ў Лёндане, Ангельшчына. У выніку гутаркі аб гэтым некалькі асобаў падпісалі пратэсты й выслалі ў Ватыкан.
У нядзелю 11-га жніўня пасьля службы Божай (дарэчы, яна цяпер заўсёды адпраўляецца ў Беларускай Грамадзкай Хаце, дзе дзеля службы зробленая дабудова, што разьвязала нашыя рукі ад безупыннага пазычэньня ў англіканаў) сабраліся сябры Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі, каб правесьці чарговую гадавую зборку.
Па прывітаньні й падзяцы прысутным за прыбыцьцё і выкананьне грамадзкага абавязку старшыня ўступаючай управы Міхась Раецкі (малодшы) пачаў зборку з наступнай праграмай: адкрыцьцё, справаздачы ўступаючай управы, выбары новай управы.
Агульную справаздачу зь дзейнасьці даў старшыня ўступаючай управы, а затым скарбнік-сакратар Алесь Мароз (малодшы) даў дакладную справаздачу з фінансавага стану арганізацыі, дабудову і кошты зьвязаныя зь ёю, сплата пазычкі ў банк і сучасны стан касы Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі. Па выслухваньні справаздачаў у знак удзячнасьці ўступаючую ўправу ўзнагародзілі бурнымі воплескамі ды пачалі прасіць, каб яе сябры ўзялі кіраўніцтва Аб'еднаньнем на наступную кадэнцыю, што ў сапраўднасьці адбылося. У новую ўправу ўвайшлі: Міхась Раецкі (малодшы), старшыня; Міхась Елаб, заступнік старшыні; Алесь Мароз (малодшы), сакратар-скарбнік; Марылька Елаб, сакратар-скарбнік; Міхась Раецкі (старэйшы), вонкавыя сувязі й радыё; Марыя Мароз, распаўсюджваньне прэсы.
Пасьля пажаданьня новай управе посьпехаў у працы адбыўся пачастунак, за прадрыхтаваньне якога шчыра дзякуем матушцы Ірэне, Марыі Мароз, Марыльцы Елаб і Сьвятлане Ніжнік.

Міхась РАЕЦКІ (старэйшы)
Кэнінгтон, Аўстралія