20-я ўгодкі беларускіх радыёпраграмаў у Пэрце, Аўстралія
Беларускім радыёперадачам у горадзе Пэрце ў Заходняй Аўстраліі 5-га сакавіка сёлета споўнілася 20 гадоў. Сёньня ня буду апісваць, як гэта адбывалася, хто браў удзел у іх зарганізаваньні, хто дапамагаў, чым і як, бо гэта я зрабіў у артыкуле, які быў надрукаваны ў газэце "Беларус" № 440 за сьнежань 1996-га году. Зараз я засяроджуся толькі на фармаце праграмаў.
Прадстаўляецца яна для слухачоў паангельску наступнымі словамі: "Гэта ёсьць радыёстанцыя 6 Э-Бэ-А эф-эм на частаце 95,3 Мгц. Добры дзень, шаноўныя слухачы! Сёньня ў праграме падаюцца весткі зь Беларусі, гісторыя, палітыка, эканоміка, біяграфіі выдатных асобаў - дзеячоў, навукоўцаў ды, наагул, кранаем пытаньні з усіх галінаў жыцьця беларускага народу ды весткі з жыцьця і дзейнасьці беларусаў у дыяспары." Чытаньне скрыптаў праходзіць зь перапынкам і, запоўненымі беларускай музыкай і песьнямі. А заканчваецца радыёпраграма так: "Наблізіўся час заканчэньня праграмы. Беларускія радыёперадачы з радыёстанцыі 6 Э-Бэ-А эф-эм на частаце 95,3 Мгц ідуць у эфір кожнае серады ад гадзіны 4-й да паловы на 5-ю папаўдні. У выкананьні праграмы бралі ўдзел: тэхнічны выканаўца Мік Блоняж, праграму падрыхтаваў і вёў Міхась Раецкі. Дзякуем за ўвагу! Бывайце здаровы!"
Ня раз нашыя праграмы ёсьць па-ангельску, але гэта бывае толькі тады, калі нешта паважнае адбылося ў Беларусі. У гэткі спосаб мы, жывучы далёка ад цэнтраў, дзе адбываюцца амаль усе важныя падзеі ў Аўстраліі (а гэтымі цэнтрамі зьяўляюцца Мэльбурн, Сыднэй і Брысбэн, г. зн. усходняя Аўстралія, ад якое мы жывём аддаленыя амаль на чатыры тысячы кілямэтраў), распаўсюджваем весткі пра Беларусь.
М. Р.