БЕЛАРУСКІЯ ПЕСЬНІ СПАДАБАЛІСЯ КАЗАКАМ
У Нямеччыне выйшлі два кампакт-дыскі з запісамі Хору данскіх казакаў. Нічога цікавага ў гэтай падзеі не было-б, каб не беларускія песьні, што там запісаныя, і аб якіх няма нават згадкі на вокладцы - усе падаюцца як расейскія.
На першым СД, які мае назоў "Der Rostov Don Kozaken Choir" песьня № 11 "Быў у мяне сівы конь" і № 13 "Ехалі казакі із Дону дадому" выкананыя на чысьцюткай беларускай мове. Сьпевакі нават ня маюць заўважнага акцэнта ці памылак у вымаўленьні. На гэтым-жа СД пад № 8 запісаная ведамая беларуская песьня "Ой ды ты, калініца, ой ды ты, малініца" ў перакладзе на расейскую мову і пад назовам "Калінушка".
На другім СД, названым "Vater Unser", зьмешчаныя духоўныя і рэлігійныя запісы. Тут таксама ёсьць дзьве беларускія калядныя песьні, "Зямля і Неба" і "Добры вечар".
Песьні выкананыя на добрым мастацкім узроўні, але шкада, што нідзе не зазначана, што гэтыя песьні ёсьць беларускія. Мы, беларусы, хочам, каб нашыя песьні пашыраліся па сьвеце як беларускія, а не расейскія.

Кастусь ВЕРАБЕЙ

Да зацемкі сп. Кастуся Вераб'я трэба дадаць, што падобная практыка ў дачыненьні да беларускай народнай спадчыны апошнім часам пашыраецца. Расейцы вывозяць зь Беларусі народныя строі, вырабы народнай творчасьці, якія потым вандруюць па выставах як расейскія. Беларускія народныя песьні яны называюць старажытнарускімі ці нават казацкімі, як відаць з вышэй пададзенай зацемкі.