З рэдакцыйнай пошты

Раю кожнаму з нашых суродзічаў, хто цікавіцца гісторыяй дачыненьняў Беларусі ды Расеі прачытаць артыкул В. Буйвала “Смута” (“Беларус” № 482), дзе аўтар раіць “трымацца далей ад жудаснае Расеі”.
Сп. Буйвал цьвердзіць: “чатыры стагодзьдзі расейска-эўрапейскіх дачыненьняў нічаму не навучылі эўрапейскія эліты”.
На жаль, ён не заўважыў, што ў сваю добрую беларускую мову дазволіў улезьці запазычанаму з той “жудаснай Расеі” “бандыту”: “нічаму не навучылі”. У нашай мове пасьля дзеяслова навучаць назоўнік павінен быць ў родным склоне, а не ў давальным - НІЧОГА НЕ НАВУЧЫЛІ.
Гэты расейскі “бандыт” ужо даўно ўкараніўся ў беларускай мове. Раю карэктарам нашага друку трымацца і навучаць свайго, а не чужога.

* * *
Атрымаў з Глыбокага ад Галіны СУТУЛА некалькі радкоў “з жыцьця”. Можа знойдзецца ў газэце якая пядзя месца:

ЭКАНОМІКА
Што карова перадойка
Эканоміка ў нас -
Малако цвірчыць патроху
Толькі горкае падчас.
Ад каровы той прыплоду
Ані якага ані,
Хоць вазьмі ты тую здыхлу
Й пад быка яе гані.
Падымаецца рука,
Толькі дзе ўзяць быка.

Спадзяюся, што сёлетняя вясна падбадзёрыць змагароў за БНР і запаволіць гон у “вольны сьвет” “тараканаў у саладусе”.

К. АКУЛА (Таронта)

* * *
...Пару словаў для тых 49%. Сорам, сорам беларусам, якія ня могуць аддзякаваць рэдакцыі за калядныя карткі.

У. РАКУЦЬ (Ракфорд, Іл.)

* * *
Мне давялося шмат чытаць пра Курапаты ў газэтах, а таксама ў кнізе З Пазьняка "Сапраўднае аблічча". Прайшло шмат часу, як мы даведаліся праўду пра іх, але належнай пашаны загінуўшым у Курапатах не далі. Робяць розныя пляны, каб зьнішчыць сляды гэтага злачынства. То там праводзяць дарогу, то будуюць "катэджы". Гэта нішто іншае, як савецкае выхаваньне, якое ўплывае на людзкія паводзіны. Другая прычына - тое, што Курапаты хочуць зруйнаваць наўмысна, каб сьцерці з людзкую памяць пра злачынствы, якія нарабілі камуністы. Людзі ляглі ў магілу, няхай ляжаць ў спакоі. Курапаты - зямля насычаная беларускаю крывёю, там ляжаць найменш 250 000 ахвяраў. І хто-б яны не былі, ім належыць пашана, каб памяталі нашчадкі, што людзі загінулі прадчасна і бяз дай прычыны. Хай збудуюць там мэмарыял. У Хатыні ёсьць, у Катыні ёсьць, няхай будзе і ў Курапатах.
У Амэрыцы ёсьць шмат людзей, якія любяць жывёлаў, асабліва тых, якіх трымаюць дома. Гэта каты, сабакі, птушкі, рыбы. Іх называюць "pet" - любімік. У горадзе Farmingdale каля Нью Ёрку ёсьць спэцыяльны пляц, дзе хаваюць жывёлаў. Ставяць ім помнікі з надпісамі й вершамі. Адносіны да жывёлаў у Амэрыцы, як відаць, лепшыя, чым у Беларусі да людзей. Гэтаму вучыць школа, такія прынятыя законы.
Адкуль гэты спосаб паводзінаў прыйшоў у Беларусь, хто вучыць беларусаў адносіцца да людзкіх астанкаў без пашаны, з абыякавасьцю ды зьдзекам? Нашыя прожкі давалі вялікую пашану нябожчыкам. Пільнавалі іх цела, начамі ня спалі. На Дзяды ўспаміналі ўсіх родных і блізкіх, якія памерлі, ім з павагаю клалі на стол першую лыжку стравы.
У Беларусі ёсьць людзі, якія бароняць Курапаты, як сваю сьвятыню, і ім за гэта вялікая падзяка. А бязбожнікі й атэісты, якіх выхавала савецкая ўлада, павінны спыніць сваю злачынную непавагу і ўшанаваць памяць загінуўшых ад куляў у сталінскія часы.

Кастусь ВЕРАБЕЙ, Нью Ерк

* * *
Зь вялікаю цікавасьцю прачытаў артыкул сп. В. Цярпіцкага ("Беларус" №482,). Тры здымкі маюць вялікую гістарычную вартасьць, за што вялікі дзякуй аўтару. Няхай будзе мне вольна даць малыя дапаўненьні, заўвагі.
Я пісаў пра айца М. Бажэр'янава ў наступных газэтах: "Голас Радзімы" №27(2481) ліпень 1996 г., "Беларус" №450 студзень 1998 г., "Рунь" №29 студзень 2000г. Выглядае, што сп. Цяпртцкі ня змог прачытаць тых артыкулаў. А ў Англіі, Канадзе, ЗША яшчэ многа праваслаўных беларусаў, якія ведалі а. Бажэр'янава ў Танзаніі.
Сп. Цярпіцкі ўспамінае а. Савіцкага. Цікава, што зь ім сталася? Застаўся ў Італіі ці выехаў да Англіі? А можа тут ходзіць аб а. Івану Савічу, які па хваробе выехаў з Італіі да Палестыны?
Успамінаюцца ў артыкуле Б. Кляйноў і А. Аляхновіч. На жаль, іх ужо няма ў жывых, памерлі й пахаваныя ў Англіі.
Калі я ўжо напісаў для "Беларуса" артыкул пра праваслаўных сьвятароў у Польскім войску, прыпадкова дазнаўся, што ў Польшчы ў 1997-м годзе была выдадзеная кніга пра архіяпіскапа Саву. Гэтая кніга ёсьць, між іншым, у польскай бібліятэцы ў Англіі. Пераглядаў яе сп. Ю. Весялкоўскі. Пра беларусаў там вельмі мала, за выняткам аднаго, што быццам 20 беларусаў уцякло з Польскага войска. Асабіста я чытаў пра гэты выпадак некалькі разоў у польскіх газэтах. Інфармацыя там была мінімальная. Беларускія гісторыкі павінны гэтаю справаю пацікавіцца.

М. ШВЭДЗЮК, Англія