ПОСТАЦІ ЭМІГРАЦЫІ
УЛАДЗІМЕР ШЫМАНЕЦ
Хацела-б расказаць пра Ўладзімера Шыманца, майго бацьку. А быў ён чалавекам вартым памяці. Памёр 25 гадоў таму (дзеля гэтага як раз хацела-б пра яго напісаць), 27-га жніўня 1977-га году, не дачакаўшыся незалежнасьці Беларусі. А ня выехаў з Эўропы толькі таму, каб быць бліжэй да Бацькаўшчыны, каб неяк - хоць пешкі - можна было вярнуцца. Прынцыпова ня ўзяў французкага грамадзянства. Да канца жыцьця ён і мама былі "беларускімі ўцекачамі".
Бацька быў патрыётам, які шмат гадоў свайго жыцьця аддаў Беларусі. Залажыў і вёў да выезду ў Францыю Згуртаваньне Беларусаў у Даніі, дзе выратаваў шмат людзей з Усходняе Беларусі ад мусовага павароту на радзіму. Нядаўна я спатыкалася зь людзьмі, якія яго з тых часоў ведалі.
Захаплялася ягонай людзкой годнасьцю, адвагаю, вераю ў будучыню. На магіле сястрычкі, якая памерла 26-га траўня 1945-га году ўжо ў Даніі, паставілі бацькі помнік, на якім напісана: Прадслава Шыманец, дачка беларускіх уцекачоў (гэта апошняе па-дацку).
У Парыжы Ў. Шыманец браў актыўны ўдзел у жыцьці Сусьветнай Асацыяцыі Беларускай Эміграцыі, "Хаўрусу", Рады БНР. Залажыў і выдаваў газэту "За Волю". Пісаў у грузінскай франкамоўнай газэце "Nation Georgienne" беларускую бачынку. Пазнаёміў у артыкулах, якія друкаваліся ў "Беларусе", нашую дыяспару зь беларускімі мастакамі ў Францыі, а менавіта зь Віктарам Жаўняровічам і Міхасём Наўмовічам, працы якіх вісяць дасюль у шматлікіх беларускіх дамох ЗША і Канады. Сам быў чалавекам надзвычай здольным. Скончыў Віленскую тэхнічную школу з найлепшымі адзнакамі, але марыў усё жыцьцё толькі пра мастацтва. Пайшоў на пэнсыю раней, каб магчы зрэалізаваць свае мастацкія задумы. За апошнія гады жыцьця намаляваў каля двухсот працаў, у бальшыні на беларускія тэмы. Прыехаўшы ў Францыю, сваімі рукамі з жонкаю Эвэлінаю і дзецьмі пабудаваў сям'і дом пад Парыжам - бо не было дзе жыць. І памог суродзічам пабудаваць дзесятак іншых дамоў.
Але перад усім быў Уладзімер Шыманец надзвычайным бацькам. З братам заўсёды будзем удзячныя бацькам за тое, што адважыліся з трыма малымі дзецьмі выбрацца ў няведамы сьвет, каб зноў ня трапіць у бальшавіцкую няволю. З сабою несьлі толькі свае школьныя дыплёмы й... Гісторыю Беларусі. Паводле гэтай Гісторыі ў Даніі тата і навучыў нас беларускай мовы й гісторыі. Апрача таго даўга жылі мы ягонымі лекцыямі матэматыкі, альгебры. Пазьней, ужо ў гімназіі, ня было таго прадмету (прача чужых моваў), у якім ён ня мог нам дапамогчы.
Удзячныя мы бацькам таксама за тое, што выгадавалі нас моцнымі беларусамі. Ведаем, хто мы, бясконца любім нашую Бацькаўшчыну і перадалі гэтую любоў нашым дзецям. Кнігу ў ангельскай мове, прысьвечаную маёю дачкою Паўлінкаю беларускаму року (якая толькі што выйшла з друку), і кнігу ў французкай мове, прысьвечаную беларускаму тэатру, якую пляменьніца Вірджынія Шыманец падрыхтоўвае цяпер да друку, можна сьмела залічыць да спадчыны Ўладзімера Шыманца. І Паўлінка, і Вірджынія здабылі ступені дактароў навук.

Івонка СУРВІЛЛА