ДОБРЫ Й НАДЗЕЙНЫ ПРАЦАЎНІК
Зора Кіпель, былы дзейны супрацоўнік Нью Ёрскае Публічнае Бібліятэкі, 14-га красавіка сёлета адыйшла ў лепшы сьвет. Яна скончыла свой жыцьцёвы шлях спакойна, агорнутая ўвагаю і клопатам сям'і, якую яна вельмі моцна любіла ды заўсёды пра яе дбала. Адведвалі ды падтрымлівалі Зору малітвамі й гутаркамі таксама і ейныя сябры. Супакою і адпачынку Зора жадала, бо ў апошнія месяцы даводзілася быць напружанай і аслабеўшай - вынікі працэсу клінічнага лячэньня хіматэрапіяй.
Праўда, хвароба (рак) няўмольна і агрэсыўна наступала, аднак Зора так лёгка не здавалася: яна захоўвала бадзёрасьць, рабіла нататкі, вяла перапіску. Можна з упэўненасьцю сказаць - яна і ў хваробе была дзейнай і жыцьцёвай.
Зора Кіпель была цёплай сардэчнай і абаяльнай жанчынай з значнымі асабістымі дасягненьнямі. Адданая жонка, маці й бабуля, разумны калега і сябра, ініцыятар-арганізатар навуковых пушукаў і дасьледаваньняў, бібліёграф і бібліятэкар, падарожнік, грамадзкі працаўнік, а таксама спакойны, рахманы грамадзянін-актывіст у шмат якіх палітычных плынях і грамадах - якасьці, якімі Зора валодала і з гонарам і далікатнасьцю імі карысталася.
Зора нарадзілася ў Менску ў ліпені 1927-га году. У Беларусі яна пачала і вучыцца, хоць як сярэднюю, гэтак і вышэйшую асьвету заканчвала-здабывала на Захадзе, Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, хімічны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі, бібліятэказнаўства і літфак на Ратгэрскім унівэрсытэце ў ЗША.
У Злучаныя Штаты Амэрыкі Зора прыехала ў сьнежні 1955-га году ды неўзабаве, у лютым 1956-га, выйшла замуж за сябру школьных і ўнівэрсытэцкіх гадоў -Вітаўта Кіпеля. Нейкі час яна працавала хімікам-крысталёграфам, але хутка здабыла бібліятэчную адукацыю. У 1966-м годзе Зора пачала сваю працу ў Нью Ёрскай Публічнай Бібліятэцы. І так, выглядае, было наканавана, што з гэтаю Бібліятэкаю ад тае даты ў Зоры было зьвязанае ўсё жыцьцё. Спачатку Зора працавала ў аддзеле агульнае каталягізацыі, спэцыялізуючыся на навуковай літаратуры, дзе яна, маючы навуковую падрыхтоўку, дасягнула высокае службовае клясыфікацыі. Але праз некаторы час, ідучы напярэймы зацікаўленьням духовым - беларусістыка-славістыка, Зора пераходзіць у аддзел Балта-Славянскі, дзе яна была нейкі час дзейным кіраўніком. А з маім прыходам у аддзел Зора Кіпель была маім заступнікам да выхаду на пэнсыю, каля дзесятка гадоў.
Я меў магчымасьць і прыемнасьць супрацоўнічаць-працаваць з Зораю, разьлічваць на ейныя парады й дапамогу на працягу амаль 20-гадовае мае працы ў Нью Ёрскай Публічнай Бібліятэцы. Быў гэта пэрыяд росту кнігазбораў, дадатных дасягненьняў, пэрыяд у значнай меры новы ў Балта-Славянскім аддзеле. І шмат зьдзяйсьненьняў у гэтым пэрыядзе-працэсе належыць таксама Зоры. Яна вельмі аддана дбала пра працу: яна шмат спрычынілася да разбудовы кнігазбораў, удумліва каталягавала-клясыфікавала кніжныя рэсурсы, выдатна працавала з шырокай публікай, ладзіла выставы, аддавала ладна часу адміністрацыйным справам, часта езьдзіла на канфэрэнцыі. І нават калі Зора выйшла на пэнсыю, яна затрымала статут працоўнага бібліятэкара: прыходзіла раз на тыдзень, каталягавала старыя славянскія кнігі, друкі спэцыяльнага фармату. Бясспрэчна, і беларусіцы Зора аддавала вялізарную ўвагу.
У 1998-м годзе Зора з згодаю і падтрымкаю ўсяе сям'і Кіпеляў, ахвяравала Нью Ёрскай Публічнай Бібліятэцы $25 000 на заснаваньне Фонду беларускай кнігі для набыцьця рэдкіх беларускіх кнігаў і рэстаўрацыі старых беларускіх друкаў.
Праз пару гадоў, напрыканцы мінулага стагодзьдзя, Кіпелі перадалі Бібліятэцы ўнікальную калекцыю, зьбіраную імі ўсё жыцьцё - калекцыю беларускага друку на эміграцыі: каля 500 назоваў пэрыёдыкі й каля 5 000 манаграфічных друкаў (кнігаў, брашураў, лятучкаў і пад.).
І хоць я прысутнічаў на разьвітальнай паніхідзе, мне цяжка зьмірыцца з рэчаіснасьцю, што Зоры больш няма з намі, цяжка ўспрыняць ейную страту.
Эдуард КАСІНЕЦ,
Загадчык Балта-Славянскага аддзелу
Нью Ёрскае Публічнае Бібліятэкі