Спатканьне ў Празе
На наступны дзень пасьля сьвята незалежнасьці Беларусі, 28 ліпеня, у Празе адбылася вельмі важная падзея. Старшыня Сэнату Чэскае рэспублікі Пэтр Пітгард правёў афіцыйную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх эмігрантаў у Чэхіі. У перамовах з спадаром Пітгардам прынялі ўдзел Aўген Сідорык, Старшыня Зьвязу Беларусаў Замежжа, Натальля Маковік, выканаўчы сакратар Камітэту "За свабодную Беларусь", Ільля Глыбоўскі, прадстаўнік суполкі імя Скарыны, і Сяргей Навумчык, намесьнік Старшыні Рады БНР.
Спадар Пітгард выказаў нaдзвычайную зацікаўленасьць усім, што адбываецца ў Беларусі. Ен зазначыў, што стварэньне ў чэскім парляманце Камітэту "За свабодную Беларусь" - вельмі важная падзея, а таму ён далучаецца да ініцыятывы сэнатараў і дэпутатаў. Старшыня сэнату адразу паставіў свой подпіс пад заяваю палітыкаў, у якой яны падтрымліваюць беларускую апазыцыю і пратэстуюць супраць рэжыму Лукашэнкі.
Аднак, у адрозьненьні ад звычайных афіцыйных сустрэчаў, гэтае спатканьне мела і практычныя вынікі. Па-першае, спадар Пітгард заявіў аб сваім намеры асабіста прымаць удзел у дзейнасьці Камітэту "За свабодную Беларусь".
Па-другое, як актыўны сябра Камітэту, ён вырашыў ініцыяваць у Сэнаце слуханьні па пытаньні "СМІ ў Беларусі". Як дамовіліся ўдзельнікі сустрэчы, у слуханьні прымуць удзел рэдактары забароненых у Беларусі выданьняў і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў. Такое слуханьне мае вельмі вялікую моц, бо рэзалюцыя, прынятая пасьля паседжаньня, абавязковая для выкананьня. Зразумела, што пасьля выступленьняў у Парляманце беларускіх журналістаў чэскія палітыкі прымуць заяву, якая не спадабаецца афіцыйным уладам Беларусі. Неабходна таксама дадаць, што апошняе слуханьне па беларускай тэматыцы адбылося 4 гады назад.
Па-трэцяе, старшыня Сэнату паабяцаў асабіста заклікаць чэскі ўрад да ўвядзеньня ў склад камісіі ўраду па нацыянальных меньшасьцях прадстаўніка беларускай дыяспары. Беларуская грамада ў Чэхіі - далёка ня самая вялікая ў краіне, аднак ейная актыўнасьць дасягае высокага ўзроўню. Акрамя таго, Чэхія такім чынам магла-б стацца сваеасаблівым гарантам захаваньня беларускай культуры, пакуль у самой Беларусі ўладарыць дыктатура.
Напрыканцы сустрэчы Пэтр Пітгард пажадаў прадстаўнікам беларускай эміграцыі посьпехаў, а беларускай апазыцыі - зьмены ўлады.