РОЛЯ ГІСТОРЫІ Ў ЖЫЦЬЦІ НАЦЫІ
Прамова Генадзя Сагановіча на Банкеце на 25-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі
Разважаючы пра ролю гісторыі ў жыцьці нацыі, цяжка быць арыгінальным - столькі ўжо пра гэта напісана і сказана! Таму абмяжуюся адно некалькімі яскравымі фактамі.
Яшчэ ў 1970-я гады вугорскія вучоныя ўзяліся сьпецыяльна дасьледаваць ролю гістарычнай сьвядомасьці ў нацыянальным адраджэньні народаў Усходняй Эўропы. Вывучалі вопыт практычна ўсіх народаў ад Нямеччыны да Расеі. І высновы досьледаў моцна ўразілі: кожная гістарыяграфія, на якім-бы ўзроўні разьвіцьця яна не знаходзілася, лічыла сваёй задачай абуджэньне і ўмацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці. Гісторыкі заўжды шукалі аргумэнты для вырашэньня актуальных палітычных задачаў свайго народу. І чым цяжэйшы быў яго стан, тым больш для яго адраджэньня выкарыстоўвалі мінулае.
З іншага боку, зусім нядаўна расейскія аналітыкі прызналіся, што на шляху асыміляцыі нерасейскіх народаў Расейскай Фэдэрацыі галоўная перашкодай ёсьць гістарычныя ўяўленьні, гістарычная памяць гэтых народаў.
Шырока вядомы прыклад містыфікацыі мінулага чэскімі гісторыкамі, якія стварылі неіснавалыя хронікі для кансалідацыі свайго народу. Але мала хто ведае, як задоўга да гэтага ў Нідэрляндах фальшавалі нават надпісы на каменных надмагільлях, каб заручыцца падтрымкай гісторыі.
Узьдзеяньне мінулага на сучаснасьць нельга недаацэньваць - яно цісьне на нас і праз гены, і праз падсьвядомасьць, і асабліва праз веды - калі мінулае становіцца фактам сьвядомасьці. Яскравы прыклад можна прывесьці з антычнай гісторыі. Калі да маладой Грэцыі сталі набліжацца арміі агрэсыўнага Ўсходу, дык грэцкія лідары Салон і Пісістрат сабралі для народу песьні Гамэра, хронікі, ў якіх адбівалася гістарычнае мінулае грэкаў, і Эўропа неўзабаве пачула пра мужнасьць і адвагу грэкаў, пра Марафон, Фермапілы й Саламін!
Гісторыя - гэта вялікі рэсурс, і калі ён запатрабаваны, то дае грандыёзную энэргію. Вобразна кажучы, гэта зброя, якую можна параўнаць з атамам. Пра такую ролю гісторыі даўно ведалі тыя, што імкнуліся падпарадкоўваць народы сабе. У старажытнасьці лічылася, што чужая зямля толькі тады падпарадкуецца трывала, калі на ёй зьнішчаць або перайначваць усе помнікі - сьведкі ранейшага мінулага. Калі зьявілася пісьмовасьць, то кожная тэрытарыяльная анэксія дапаўнялася экспансіяй у гісторыю - праз перапісваньне яе. Таму што будучыня належыць таму, хто бярэ пад кантроль мінулае. І ў гэтым сэнсе паказальныя словы Хрушчова, які неяк сказаў: "Гэтыя гісторыкі - небясьпечныя людзі! Яны могуць усё папсаваць." Вось страх рэжыму перад гісторыяй!
У беларускай сытуацыі ўсё сказанае набыло асаблівую актуальнасьць. Мы добра разумеем, чаму пасьля ўсталяваньня рэжыму Лукашэнкі й расправы з нацыянальнай сымболікай - бел-чырвона-белым сьцягам і гэрбам "Пагоня" - новыя ўлады пачалі вайну зь беларускай гісторыяй. І першым полем гэтай вайны сталі школьныя падручнікі. У выніку захадаў цяперашніх уладаў Беларусь стала краінай-унікам: толькі ў нас дзяржава і нацыя - ня злучаныя, а разлучаныя; толькі ў нас гістарычная палітыка дзяржавы скіраваная не на сваё нацыянальнае адраджэньне, а на расейскія й савецкія фальсыфікаты, скіраваныя супраць гэтага адраджэньня. У Беларусі настаў голад на гістарычную кнігу, бо нацыянальнай кнізе, і ня толькі па гісторыі, нялёгка выйсьці ў сьвет, нялёгка прабіцца да чытача.
Штодня мы страчваем настолькі, наколькі не набываем сваёй уласнай гісторыі. Мысьленьне, аднак, немагчыма забараніць. Вырастае новае пакаленьне, што ня ведала савецкага таталітарнага ўціску й прамываньня мазгоў. Пасьля распаду Савецкага Саюзу ніколі не было яшчэ, як сёньня, так шмат моладзі, якая далучана да беларускай справы. Гэтай моладзі не хапае толькі "зброі" - сваёй гісторыі. І ў нашых сілах - выкаваць гэтую зброю.