ПРАТЭСТ СУПРАЦЬ ЭТНАЦЫДУ
На працягу апошніх сямі гадоў у Рэспубліцы Беларусь усталяваны прамаскоўскі ўнутраны акупацыйны рэжым і антыдэмакратычная дыктатура Лукашэнкі. Рэжым мэтадычна вынішчае ўсё беларускае. Галоўны ўдар нанесены па беларускай мове і па нацыянальнай сыстэме адукацыі.
На асноўныя ролі ў сыстэме дыктатарскай улады на Беларусі пастаўленыя асобы з антыбеларускай пазыцыяй, вызначаныя на бязлітаснае вынішчэньне беларускай мовы і татальную русыфікацыю. На сёньняшні дзень у Беларусі засталіся адзінкі беларускіх садкоў, школаў і клясаў. Беларуская мова амаль цалкам выцесьненая з вышэйшых навучальных установаў. Паўсюдна ўведзеная чужая расейская мова ёсьць інструмэнтам паняволеньня маладых беларусаў, разбурэньня іхнае нацыянальнае тоеснасьці, адлучэньня ад найлепшых нацыянальных і сусьветных традыцыяў.
Беларуская мова як дзяржаўная незаконна ігнаруецца ў адміністрацыях, міністэрствах, ва ўстановах і на прадпрыемствах. Уся сыстэма справаводства вядзецца не па-беларуску. У структурах улады выракліся беларускай мовы, дэманстратыўна размаўляюць на мове іншай дзяржавы. Грамадзянам паўсюдна адмаўляюць у выдачы любых дакумэнтаў на дзяржаўнай беларускай мове. У краіне запанавала чужая, небеларуская інфармацыйная прастора. На радыё і тэлебачаньні да мінімуму скарочаная колькасьць беларускамоўных перадачаў. Усе палітычныя праграмы выходзяць выключна па-расейску. Пераважная большасьць газэтаў і часапісаў (у тым ліку й незалежных) выдаецца на расейскай мове. Рэкляма вырабляецца не на мове карэннай нацыі. Кнігарні краіны запоўненыя нізкавартаснай літаратурай на расейскай мове.
Зьнішчэньне беларускай мовы й насаджэньне расейскай рэжым цынічна ажыцьцяўляе за грошы з падаткаў беларускіх грамадзянаў. Пры гэтым замоўчваюцца вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 1999-га году, паводле якога 81,2% жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі, а зь іх 85,6% прызналі роднаю моваю беларускую мову.
Прамаскоўскі рэжым стварыў у Беларусі спрыяльныя ўмовы для расейскай інфармацыйнай палітыкі, якая набыла рысы маштабнай інфармацыйнай вайны супраць беларускае нацыі.
Шкода, нанесеная Беларусі палітыкай татальнай русыфікацыі, можа быць параўнаная толькі з наступствамі Чарнобылю. Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі сваёй антынацыянальнай палітыкай справакаваў дэмаграфічную катастрофу ў краіне: ад 1994-га году насельніцтва Беларусі зьменшылася на паўмільёна чалавек, значна скарацілася сярэдняя працягласьць жыцьця беларусаў, нараджальнасьць зьнізілася да ўзроўню ваенных часоў. Мільёны жыхароў краіны існуюць па-за рысай беднасьці.
Усё гэта сьведчыць, што прамаскоўскія палітычныя сілы, якія захапілі ўладу, вядуць унутры Беларусі прадуманую палітыку зьнішчэньня беларускае нацыі. Такая палітыка зьяўляецца палітыкай этнацыду, ёсьць асноўным парушэньнем правоў народу і правоў асобы.
Сытуацыя, якую стварыў у Беларусі рэжым унутранай акупацыі, сьведчыць пра тое, што культурнае існаваньне беларускай нацыі знаходзіцца ў небясьпецы.
Мы лічым неабходным зьвярнуцца да ўсёй краіны і да ўсіх беларусаў у сьвеце з заклікам абараніць беларускую мову.
Існуюць агульныя міжнародныя правілы сужыцьця ў грамадстве, якія абавязковыя для ўсіх людзей на зямлі. Не павінен чыніцца гвалт над чалавекам. Нельга дапускаць дзеяньняў, накіраваных на зьнішчэньне нацыі. Ніхто нікому ня дае права зачыняць пэрспэктыву разьвіцьця. Ад любой улады неабходна патрабаваць выкананьня гэтых правілаў.
Мы патрабуем ад рэжыму ва ўладзе ў Беларусі спыніць этнацыд і зьнішчэньне беларускай мовы.
Мы прапануем прадстаўнікам дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі, і міжнародным арганізацыям у перапісцы з афіцыйнымі структурамі ў Беларусі і ў сваіх публічных выступах выкарыстоўваць дзяржаўную беларускую мову.
Мы зьвяртаемся да беларускіх грамадскіх і міжнародных арганізацыяў пашыраць у сьвеце інфармацыю пра маштабы этна-культурнай катастрофы, якая напаткала Беларусь у выніку імпэрскай агрэсіі Расеі.

Арганізатары дэманстрацыі,
сябры беларускіх арганізацыяў
у Амэрыцы