МАЙСТРА І МУЗЫКА ЎЛАДЗІМЕР ПУЗЫНЯ
Зямелька нашая беларуская, па бяскрайніх палёх і лугох якой, бы вены, бруяцца ціхаплынныя рэкі, а ў прагалінах лясных мерны шоргат хваляў азёрных, таямнічыя гукі балотаў бяздонных - у чым сакрэт, што любім цябе так бясконца, што нараджаецца на табе люд тутэйшы добры, па-дзіцячаму шчыры, працавіты ды багаты на розныя таленты?
26-га лютага 1940-га году у вёсачцы Суцін недалёка Талькі на Любаньшчыне нарадзіўся Ўладзімер Пузыня - нашчадак вядомага беларускага шляхецкага роду.
Вядома-ж, бясконцыя войны з маскалямі ды ляхамі, стагодзьдзі няволі ды дзесяцігодзьдзі савецкай улады пусьцілі па ветры заможнасьць княскую, зраўнялі ўсіх у жабрацкім стане. Але тое, што вышэй матэрыяльнага - дух шляхетны - яны ўсё-ж зьнішчыць не змаглі.
Бацька Ўладзімера - Якуб Пузыня загінуў на фроньце ў 1941-м годзе пад Смаленскам. Маці Вольга , ухапіўшы старэйшага паўтарагадовага Валодзьку, з малодшым дзіцём-немаўляткам на руках кінулася з эшалёнам бежанцаў на Ўкраіну. Па дарозе меншы сыночак загінуў ад голаду. У 1943-м годзе ў царкве Пераслава-Хмяльніцкага Ўладзімера Пузыню хрысьцілі. Калі праз год Чырвоная армія выганяла немцаў зь Беларусі, маці пачала дабівацца, каб дазволілі вярнуцца на Радзіму. Ды рэч у тым, што ў Беларусь дазвалялі ехаць усім, хто хацеў, апроч самых беларусаў. Праз усе перашкоды ўсё-ж змаглі вярнуцца на бацькоўскую зямлю. Потым было цяжкое дзяцінства, скончыў школу, працаваў качагарам, потым лякальшчыкам на заводзе. Скончыў музычную семігодку, музычную вучэльню па клясу трубы, але хвароба не дазволіла граць на ёй. Уладзімер трапіў у магілёўскую школу мастацтваў па рэстаўрацыі, там вывучэў майстэрства іканапісу. Асвоіў шмат якія духавыя інструмэнты, выкладаў у дзіцячай музычнай школе, саліраваў у народным аркестры Жыновіча.
У 1970-я гады разам з Уладзімерам Крайко пачаў рабіць дудкі, ліры, зрабіўся майстрам па вырабу і рэстаўраваньню беларускіх народных інструмэнтаў, стварыў сваю майстэрню.
З 1982-га году Уладзімер Пузыня працаваў у Інстытуце Культуры ( цяпер Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт Культуры) выкладчыкам (пасьля старэйшым выкладчыкам) па авалоданьні ігрою на беларускіх народных інструмэнтах. Там ён хутка адчыніў лябараторыю па адраджэньню і вырабу беларускіх народных інструмэнтаў "Беларуская Хатка". У ёй наладзіў рамонт і выраб унікальных ліраў, дудаў, адрадзіў старажытныя, ужо забытыя, сурму і жалейку, хорум, апісаньне якога было толькі ў летапісах і на малюнках. У 1990-м годзе Ўладзімер Пузыня напісаў і выдаў кнігу "Школа ігры на беларускіх народных інструмэнтах", у вялікай меры дзякуючы якой упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва беларускія народныя інструменты ўвайшлі ў партытуру опэрнага сымфанічнага аркестра.
Свой вопыт народны майстра перадаў сыну Алесю, які скончыў Унівэрсытэт Культуры. У пачатку 1990-х гадоў ні адзін значны канцэрт ці якая іншая ўрачыстасьць не праходзілі без удзелу музыкаў Уладзімера і Алеся Пузыняў. Яны заўжды былі ў гушчы культурных і палітычных падзеяў Беларусі.
А колькі было выступаў у дзіцячых садках, школах, інстытутах, музэях з мэтаю прапаганды нацыянальнага мастацтва!? Не пералічыць! І ўсё гэта рабілася не за грошы й узнагароды, а па добрай волі душы й сэрца. Інакш яны не маглі!
У 1994-м годзе бацька і сын, каб рэпрэзэнтаваць Беларусь на фэстывалі лірнікаў у Францыі, выправіліся туды за свой кошт. Праз год музыкаў запрасілі з канцэртам у ЗША ў штат Тэхас. А вярнуліся дахаты яны ўжо пасьля ганебнага рэфэрэндуму. Усё крута памянялася, пачынаючы з адносінаў кіраўніцтва Ўнівэрсытэта Культуры, дзе месьціцца "Беларуская Хатка". У момант зрабіліся непатрэбнымі ня толькі беларуская сымболіка, мова і культура, але і самыя беларусы сталі ізгоямі на ўласнай зямлі. Адразу стаў непатрэбным і Уладзімер Пузыня. Спачатку яму далі працу толькі на палову стаўкі, а потым выправілі на пэнсію. Цяпер хочуць прыбраць да рук і "Беларускую Хатку". Знайшлася пара маладзейшых і больш пакладзістых "вучняў", якія хацелі-б там працаваць. Адзін зь іх неаднойчы прылюдна выступаў з заявамі, што беларуская мова - гэта толькі сапсаваная расейская. Сп. Пузыня вырабляе свае інструмэнты так, як рабілі некалі нашыя продкі, толькі з выбраных гатункаў дрэва, якое шмат гадоў вытрымлівае ў пэўных умовах. А гэтыя "вучні" ўжо пачалі вырабляць ва ўнівэрсытэце танныя, хутка робленыя інструмэнты з эбаніта і плястыка, перахапілі ў свайго настаўніка ідэю стварэньня "майстэрні-клясы". Пачалося цкаваньне народнага майстра.
Сёлета спаўняецца 20 гадоў ад часу стварэньня майстэрні-лябараторыі "Беларуская Хатка", і вось такі падарунак атрымлівае яе заснавальнік за руплівую працу і жыцьцё, пакладзенае на адраджэньне культурных традыцыяў беларускага народу. І крыўдна, і прыкра.
Відавочна, што справа тут не ў асобе сп. Пузыні, а ў тым, што сваёю творчасьцю ён уздымае наш дух, нашу годнасьць і гонар, узвышае беларускую культуру на сусьветную вышыню, дзе ёй і належыць зьзяць.
Але Ўладзімер Пузыня і ягонае майстэрства ўжо прызнаныя цэлым сьветам. Свае веды ён перадаў сыну і іншым вучням. Ягоныя дасягненьні ў народным мастацтве відавочныя і неаспрэчныя. А гукі ягоных мэлёдыяў навекі застануцца ў душах сапраўдных беларусаў і іх нашчадкаў!
Сп. Пузыня яшчэ мае час. Сьцены, дзе ён змог-бы працягваць сваю творчасьць абавязкава знойдуцца.

Валянціна ЯКІМОВІЧ

На здымках: выступае Уладзімер Пузыня з сынам Алесем.