Адключэньне ад разеткі
Калі была адключаная падача электраэнэргіі на ўсходнім узьбярэжжы Амэрыкі, 14-га і 15-га жніўня, я якраз быў выехаў ў Нью-Ерк, хадзіў па вуліцах Брукліна і Мангэтана.
Нікога, нажаль, не цікавілі лёсы людзей і сытуацыя ў абясточаным Бялградзе ці ў Багдадзе, але да Амэрыкі - павышаная ўвага. На мой погляд, гэта тлумачыцца падсьведамай цікаўнасьцю ў сьвеце да ведаў пра моц амэрыканскай сыстэмы ў надзвычайных абставінах.
Моя высеова вельмі несуцяшальная. Амэрыканская жыцьцёвая сыстэма надзвычай датклівая і ў гэтым сэнсе слабая, бадай што, як ніякая іншая. Гэта тлумачыцца двума чыньнікамі: высокай тэхналягічнасьцю амэрыканскай жыцьцёвай сыстэмы, завязанай амаль выключна на электраэнэргію, і другое - абсалютовай непрыстасаванасьцю амэрыканцаў да іншых жыцьцёвых варункаў.
Ня трэба і атамнай вайны. Ніякі атамны выбух, нават два, нават дзесяць ня зьнішчаць Амэрыку. Тым часам адключэньне краіны ад электраэнэргіі на два-тры тыдні можа поўнасьцю разбурыць яе. Стане ўсё, нават аўтамабілі.
Калі разважаць бяз прыкладаў, то ўсё гэта здаецца тэарытычнымі меркаваньнямі, якія чалавек ня ўмее, ці ня рупіцца ўявіць у рэальнасьці.
15-га жніўня Мангэтан, дзе ўжо паўсюдна была падключаная электраэнэргія, выглядаў, тым ня менш, як напаўмёртвы горад. Мала аўтамабіляў, бруд на вуліцах, зачыненыя крамы й установы, няма сьветавой рэклямы. Рабункаў не было, але я адчуў напружанасьць у парадзелым натоўпе. Людзі, нібы сочаць адзін за другім, касавурацца на мой фатаапарат, поўна падазроных тыпаў, шмат паліцыі вакол аўтобуснага і чыгуначнага вакзалаў, Галоўнай пошты й установаў.
І амэрыканскае, і эўрапейскае, і ўвогуле заходняе грамадзтва ёсьць, на маю думку, сур'ёзна хворае. Дыягназ: рэгрэс духу. Такому грамадзтву цяжка перажываць грамадзкія катастрофы. Але, у адрозьненьне ад Эўропы (якая сёлета афіцыйна адмовілася ад хрысьціянства і хрысьціянскай спадчыны культуры), больш прымітыўнае грамадзтва Амэрыкі мае большы запас трываласьці.
Я гэта адчуваў даўно, але не сьпяшаўся фармуляваць. Падзеі 11-га верасьня і 14-га жніўня ў Нью-Ерку ўмацавалі мяне ў гэтай думцы.
Трываласьць амэрыканскага грамадзтва палягае на сьляпой веры амэрыканцаў у моц, справядлівасьць і найлепшасьць Амэрыкі. Таму яны давяраюць уладзе, гатовыя падпарадкоўвацца і супрацоўнічаць зь ёю. Яны лічаць, што гэта іхная ўлада і іхная краіна. Такая мэнтальнасьць спрыяе грамадзкай салідарнасьці, ахвярнасьці й ініцыятыве. Амэрыканскае грамадзтва, не зважаючы на сваю матар'ялістычнасьць, абмежаванасьць, сацыяльную і этнічную рознасьць, здольнае, тым ня менш, хутка скансалідавацца на абарону Амэрыкі й самых сябе. На гэтым і палягае спэцыфічны амэрыканскі патрыятызм.
14-га жніўня радыё заклікала амэрыканцаў захоўваць спакой, дапамагаць паліцыі й адзін аднаму, асабліва інвалідам, людзям нямоглым і бездапаможным.
Яны гэтак і рабілі. Я праехаў і прайшоў дзясяткі перакрыжаваньняў у Брукліне. Практычна, на ўсіх стаялі дабраахвотнікі й рэгулявалі рух машынаў (бо сьветлафоры ня дзейнічалі, і аварыі былі гарантаваныя). Гэтых дабраахвотнікаў ніхто не арганізоўваў. Гэта бруклінцы, простыя амэрыканцы. Кожны мог прыйсьці, стаць на перакрыжаваньне і рэгуляваць рух, дапамагаць людзям. Так і было.
Шмат дзе амэрыканцы-гандляры, уладальнікі прадуктовых крамаў, выносілі прадукты з адключаных лядовак (сьвежае мяса і інш.) і раздавалі тым, хто меў патрэбу ў ядзе, хто браў. Не спадзяваліся, што можа хутка ўключыцца ток, а дапамагалі іншым.
А ці ведаюць тым часам нашы браты-беларусы, што кожны дзень лекцыі ў амэрыканскай школе пачынаюцца з сьпяваньня амэрыканскага гімну. Вучні сьпяваюць стоячы, паклаўшы руку на сэрца. Кожны амэрыканец ведае і сьпявае амэрыканскі гімн.
Нашым гімнам "Магутны Божа" заканчваецца Богаслужба ў беларускіх цэрквах у вольным сьвеце. Але і тут далёка ня ўсе вернікі яго сьпяваюць, бо ня ўсе ведаюць. А на гэтых-жа зьнешне простых зьявах палягае моц, патрыятызм і кансалідацыя людзей.
І тут нам, беларусам, трэба-б было найбольш павучыцца ў амэрыканцаў.
Зянон ПАЗЬНЯК