Новыя кнігі * Рэцэнзіі
Адразу зь дзьвюх краінаў у розных канцах сьвету прыйшлі ў рэдакцыю газэты новыя выданьні эміграцыі. І няхай зробленыя яны саматужна, вартасьць іхная немалая.
Першая кніга выдадзеная ў Лёндане і называецца "Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай культуры" (рыхтавалі Ігар Іваноў і Ігар Лабацэвіч). Кніга зьмяшчае матар'ялы аднайменнай канфэрэнцыі, што адбылася 29-30-га верасьня 2001-га году ў Беларускай бібліятэцы й музэі імя Ф. Скарыны, а гэта наступныя артыкулы: A.McMillin "Skaryna and the Diaspora", А.Грыцкевіч "Навуковыя і культурныя цэнтры беларускай дыяспары і іхняя роля ў разьвіцьці беларускай культуры", А. Пашкевіч "Канцэпцыя нацыянальнага быцьця ў прозе беларускіх эмігрантаў ХХ-га ст.", В. Шыманец "Французкая школа беларусазнаўства", M. P. Survilla "Dilemmas at the Cutting Edge: the Place of Identity"; Л. Юрэвіч "Пераклады эміграцыі: ідэалёгія культуры", V. Rich "Belarusian Poetry in Emigration 1945-1990"; М. Міцкевіч "Якуб Колас на Захадзе", А. Баршчэўскі "Расейская савецкая рэчаіснасьць ва ўспамінах айца Язэпа Гэрмановіча "Кітай, Сібір, Масква", Н. Баршчэўская "Роля беларускай дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускай мовы", М. Языкевіч "Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі й Беларуская бібліятэка імя Ф.Скарыны ў Лёндане - ля вытокаў дабрачыннай дзейнасьці ў Беларусі".
Шкада, што ў зборнік не ўвайшлі (відаць, па незалежных ад укладальнікаў прычынах) усе даклады, але ўяўленьне аб іх дае праграма канфэрэнцыі, зьмешчаная напачатку 140 старонкавага выданьня. Напрыканцы кнігі - зьвесткі пра аўтараў.
Тры іншыя кнігі дасланыя з Аўстраліі: "Беларуская эміграцыя ў Паўднёвай Аўстраліі", "Янка Ролсан і яго творы", "Казка пра Чорта Лысага, Антыхрыста Вусатага й Вар'ята Чубатага". Усе тры ўклаў і выдрукаваў Віктар Кавалеўскі, старшыня Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі й адзін з заснавальнікаў (разам з айцом М.Бурносам) аўстралійскага Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня. В. Кавалеўскі ёсьць самым актыўным з маладой эміграцыі на тым кантыненьце: у 2000-м годзе ён выдрукаваў кнігу пра Беларусаў у Адэляйдзе, прысьвечаную памяці Я. Ролсана (разам з мастацкімі творамі апошняга), а неўзабаве абяцае скончыць працу над абагульняльнаю кнігаю пра беларусаў Аўстраліі "А хто там ідзе?".
Асабліва трэба зьвярнуць увагу на першую з пералічаных кнігаў - пра беларусаў у Паўднёвай Аўстраліі. Нягледзячы на асобныя пралікі (у першую чаргу - адсутнасьць спасылак, удакумэнтаванасьці, бібліяграфіі), пэўную фрагмэнтарнасьць аповяду, выданьне ёсьць вартасным дадаткам да таго нешматлікага, што напісана пра беларускую эміграцыю ў тую краіну: "Першыя крокі" У. Клуніцкага, "Пад бел-чырвона-белым" Алеся Алехніка, Вольгі Качан у аўстралійскай энцыкляпэдыі ды ўспаміны Аляксандра Калодкі "Беларусы ў Аўстраліі". Кніга насычаная малавядомымі фактамі (асабліва з царкоўнай гісторыі), рэдкімі здымкамі й будзе карысная кожнаму дасьледчыку нашае эміграцыі.
Хацелася-б, каб падобных кнігаў большала, каб у кожнай краіне, дзе жылі й па-сёньня жывуць беларусы, зьяўляліся свае гісторыкі, біёграфы, архівісты.
А. Л.