Новыя кнігі * Рэцэнзіі
Пітар Дафі. "Браты Бельскія: Сапраўдная гісторыя трох асобаў, што не паддаліся нацыстам, уратавалі тысячу дзьвесьце гэбраяў і збудавалі вёску ў лесе". Харпер Колінс, Нью Ёрк, 2003.
Гэтая кніга вырасла з газэтнай публікацыі й ёсьць плёнам працы маладога амэрыканскага журналіста, незнаёмага з рэаліямі месца і рэаліямі часу тых падзеяў, пра якія апавядаецца ў кнізе. Гэтымі падзеямі ёсьць стварэньне падчас Другой сусьветнай вайны адмысловага гэбрайскага партызанскага атраду ў Налібоцкай пушчы й уратаваньне зь ягонаю дапамогаю значнай колькасьці гэбраяў з Наваградку, Ліды й ваколіцаў. Гэта таксама ня першая праца, што закранае пытаньне ўдзелу гэбраяў у партызанскім руху супраць нацыстаў і менавіта роля ў ім братоў Тувія, Зуся й Эшаела Бельскіх.
Разам з тым кніга - гэта першае масавае выданьне, што ў папулярным пераказе па-ангельску выяўляе досьвед беларускіх гэбраяў у часы Галакосту - зьнішчэньня гэбрайскага народу ў Другой сусьветнай вайне. Нягледзячы на шэраг навуковых манаграфіяў у гэтай галіне, узброены супраціў гэбраяў застаецца ў масавай сьвядомасьці, як на пост-савецкай прасторы так і ў Амэрыцы, неадпаведным складзенаму падчас вайной і пасьля яе стэрэатыпу гэбрая яе бязьвіннай ахвяры нацыстаў ды іхных памагатых, што фаталістычна прыймала наканаваньне лёсу. Менавіта ў Беларусі гэбраі ня толькі бралі ўдзел у агульных анты-нацыстскіх фармаваньнях, якія падпарадкоўваліся Саветам, але і ўтваралі свае адзінкі, пераважна дзеля цяжкасьцяў а нават небясьпекі знаходжаньня гэбраяў у агульных савецкіх партызанскіх адзінках. Вядомыя ў гэтай сувязі атрад Зорына на Меншчыне, Атласа ў ваколіцах Слоніма, Каплінскага ў ваколіцах Дзятлава, гэбрайская Аб'еднаная партызанская арганізацыя на Віленшчыне (Руднікі-Нарач). Савецкія ўлады не маглі цярпець існаваньне асобных незалежных аздзінак, і каб вытрываць змаганьне, гэбрайскія атрады фармальна прымалі загады агульнага савецкага партызанскага камандаваньня і бралі назвы кшталту "атрад імя Жукава", як група Бельскіх, што пачулі пра Жукава зь перадачаў савецкага радыё.
Асноўны ход падзеяў, апісаных у кнізе, такі: чатыры браты (адзін малалетні) з вялікай сям'і Бельскіх, што мела свой млын у ваколіцах Наваградка (Станкевічы), з прыходам немцаў трапілі ў гета ў Наваградку. Страціўшы шмат крэўных падчас нямецкіх акцыяў у гета, яны ўцяклі ў лес, здабылі зброю, наладзілі сувязь з савецкімі партызанамі. Сутыкнуўшыся з анты-сэмітызмам, пашыраным сярод партызанаў, тры старэйшыя браты Бельскія арганізавалі асобны атрад, і Тувія Бельскі, што меў вайсковы досьвед з польскіх часоў, стаў камандзірам. Атрад браў удзел у баявых акцыях супраць немцаў і калябарантаў, рабіў дыверсіі на чыгунцы й мастах. Да атраду далучаліся ўцекачы з гетаў, і пад канец вайны ён, нягледзячы на страты, налічваў больш тысячы чалавек гэбраяў. Тувія Бельскі, камандзір атраду, перад самым прыходам Саветаў наўмысна распусьціў атрад, пазбавіўшы сябраў атраду ад абавязковай мабілізацыі ў Чырвоную армію. Тым ня менш некаторыя трапілі туды, як адзін з братоў Бельскіх - Эшаел, які загінуў пад Кёнігзбэргам. Пасьля вайны Бельскія разам зь сем'ямі праз Польшчу і Венгрыю перабраліся ў Палестыну, дзе бралі ўдзел у вайне за незалежнасьць Ізраілю, а ў 1950-я перабраліся ў ЗША.
Кніга з большага напісаная па тых-жа крыніцах, што і значна грунтоўнейшая навуковая праца Нэхамы Тэц "Няскоранасьць: Партызаны Бельскія" (Выдавецтва Оксфардзкага ўнівэрсітэту, 1993): інтэрв'ю з сваякамі сям'і Бельскіх і непублікаванымі мэмуарамі Тувіі Бельскага, што захоўваюцца ў Інстытуце ІВО ў Нью Ерку. Дарэчы, сярод іншых працаў Н. Тэц ёсьць кніга пра гэбраяў Міра падчас вайны і пра польскага гэбрая Освальда Руфайзана, які працаваў перакладчыкам у паліцыі й дапамог уратаваць шмат жыцьцяў. У кнізе Дафі шмат інфармацыі даецца пра беларусаў, якія дапамагалі ратаваць гэбраяў.
П. Дафі адзначае ў спасылках аб выкарыстаньні пры падрыхтоўцы сваёй кнігі працаў Я. Запрудніка "Беларусь на гістарычных ростанях" і Вітаўта й Зоры Кіпель "Беларуская дзяржаўнасьць". Таксама ўзгадваюцца інтэрвію з Барысом Рагулям (чэрвень 2002-га году), які даў аўтару ў карыстаньне свае недрукаваныя мэмуары "Разважаньні аб мінулым". Узгадваецца аб працы з дакумантамі ў архівах Беларусі. У канцы кнігі зьмешчана даволі шырокая бібліяграфія па пытаньні "гэбраі ў партызанах". Дарэчы, вельмі цікавы артыкул Нехамы Тэц (не згаданы Дафі) пра атрад Бельскага, "У партызанаў: лёс жанчын", зьмешчаны ў расейскім перакладзе ў кнізе "Жанчыны на ўскрайку Эўропы" (Женщины на краю Европы; рэд. А. Гапава), якая выйшала сёлета ў Цэнтры гендарных досьледаў пры Эўрапейскім Гуманітарным Унівэрсытэце ў Менску.
Акрамя тэмы гісторыі гэбраяў Беларусі, кніга Дафі, а яшчэ болей - кнігі Н. Тэц, Н. Халяўскага ды шэрагу іншых аўтараў, дае шмат інфармацыі пра беларусаў (якіх Дафі часта падзяляе на "палякаў" і "расейцаў" згодна з веравызнаньнем). Другая сусьветная вайна, што ў канцэнтраваным выглядзе выявіла нацыянальныя характары, высьвеціла найбольш базісныя нацыянальныя праблемы, менавіта - праблему нацыянальнай кансалідацыі, салідарнасьці. У той час калі , напрыклад, паляк дапамагаў паляку і гэбрай дапамагаў гэбраю, назалежна ад палітычных ды іншых рэчаў, беларусы не выяўлялі, за рэдкім выключэньнем, аніякай салідарнасьці. І праз гэта на сваёй зямлі фактычна апынуліся у канцы "біялягічнага ланцужка": немцы забівалі ўсіх - палякі забівалі немцаў і гэбраяў - саветчыкі забівалі немцаў, часам палякаў і часам гэбраяў - усе забівалі беларускіх сялянаў. Нават гэбраі, учорашнія ахвяры, уцекачы з гета - забівалі беларускіх сялянаў за адмову даць харч і за падазрэньне ў супрацоўніцтве зь немцамі. Гэбраі ня мелі іншага выйсьця як аб'яднацца па нацыянальнай прыкмеце і ўзяць зброю, пастанавіўшы мець у сваім лёсе права голасу. Беларусы не аб'ядналіся, зброі не ўзялі, правы на свой лёс перадаўшы іншым. У пэўнай форме, нажаль, гэтая зьява захоўваецца і сёньня.
У кнізе апісаныя шмат брутальных эпізодаў з дзейнасьці атраду Бельскага супраць нон-камбатантаў: напрыклад, вынішчэньне цэлай сям'і Белавус, спаленай жыўцом, адсячэньні галавы й павешаньні сялянаў, якіх лічылі "здраднікамі". Нажаль, сапраўдная гісторыя партызанкі ў Беларусі яшчэ чакае грунтоўных навуковых досьледаў, а нават чакае магчымасьці яе аб'ектыўнага разгляду, чаго сёньня ў Рэспубліцы Беларусь няма.
Праца П. Дафі, якая, дарэчы, утрымлівае агульную, хоць незаўсёды аб'ектыўную і дакладную, інфармацыю пра Беларусь, ёсьць несумненна карысная і кранаючая кніга. За бракам іншай інфармацыі пра Беларусь кнігі такога кшталту адыграюць вельмі істотную ролю ў інфармаваньні амэрыканскай публікі пра існаваньне Беларусі, пра яе жыхароў і гісторыю.
Віталь ЗАЙКА

Новая кніга
Станкевіч Ян. Гістарычныя творы.
У том увайшлі гістарычныя творы Яна Станкевіча (1891-1976), напісаныя паміж 1930 і 1976 гадамі. Бальшыня апублікаваных твораў раней была недаступная беларускаму чытачу. 776 с., цьвёрдая вокладка.
Зьмест
Ад укладальніка.
Беларускія плямёны і іхняе расьсяленьне.
Повесьці і апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў.
Курс гісторыі Крывіі-Беларусі.
Крыўя-Беларусь у мінуласьці.
Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі.
Этнографічныя й гісторычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі.
Новыя працы аб нашай мінуўшчыні.
Беларускія плямёны.
Аб Літоўскім Статуце.
Савецкае хвальшаваньне гісторыі Беларусі.
Зь гісторыі Беларусі.
Гісторыя Беларусі др. В.Шчарбакова.
Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы.
Друкары Йван Хведаровіч Рагаза а Пётра Мсьціславец.
З украінскіх дачыненьняў да Вялікалітвы-Беларусі.
Камэнтары.
Іменны паказьнік.

Паравіны году
Зьміцер Вайцюшкевіч
2003, GT-bank і інш.
Эўропа 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Кароткі міжваенны перапынак, кароткі рывок эканомікі, мастацтва... У модзе факстрот, нэаімпрэсыянізм, мадэрнізм. Пра кастрычніцкі пераварот у Расеі ведалі хіба з-за наплыву новаэмігрантаў. Імёны й творчасьць такіх кампазытараў таго часу, як Эрык Саці, Марыс Равэль, Клёд Дэбюсі пакінулі нязгаснае сьвятло ў душах многіх наступных пакаленьняў і паўплывалі на самы шырокі спэктр жанраў.
У дадзеным альбоме Зьміцера Вайцюшкевіча якраз і адчуваецца дух тае эпохі. Нават больш за тое: і назвай сваёй - "Паравіны году" - ён сягае да вызначальных традыцыяў тых часоў або найбольш уплывовых папярэднікаў (прыгадайце славуты цыкль Клёда Дэбюсі "Паравіны году").
З шырокай сольнай дыскаграфіі былога фронтмэну гурту "Kriwi" Зьміцера Вайцюшкевіча гэты альбом будзе, бадай, найлепшым паказьнікам нястомнага руху наперад у разьвіцьці артыста, бо ён быў прыняты публікаю нават з большым энтузыязмам, чым славутыя ягоныя "Баляды", песьня "Прыйдзі, мой каханы" імкліва скарыла ўсе беларускія гіт-парады на тэлевізыйных каналах і FM-станцыях.
Альбом "Паравіны году" цалкам базаваны на паэзіі славутага беларускага барда Алеся Камоцкага, і , па-шчырасьці, папярэднія зьвесткі пра яго ўзьбянтэжылі шмат каго зь пільных дасьледчыкаў-музыколягаў. Дзьве такія калярытныя і розныя асобы ў адной абгортцы - што з гэтага атрымаецца?
Атрымалася супэр! Скатваньне ў лірыку каханьня былога сатырыка і прапаведніка Алеся Камоцкага апынулася натхняльным адкрыцьцём для эстэта Вайцюшкевіча. Гранічна ідэальнае спалучэньне выйшла, калі ажно першая спроба пазнаёміцца з вынікам натыкаецца на немагчымасьць адарвацца, і ты яшчэ ў краме слухаеш, слухаеш, слухаеш сакавітыя гукі "Piano", вірлівае танго "Пошукі адказаў", настальгію раманса "Ты прымусіла пець"...
Асабліва неверагодныя адкрыцьці спасьцігаеш тут, натыкаючыся на песьні добра знаёмыя. Напрыклад, "Раскажы мне пра дождж", чароўнай мэлёдыяй якое сам Алесь Камоцкі яшчэ дзесяць гадоў таму, у верасьні 1993-га году скарыў гіт-парад радыё "Liberty". Мэлёдыя пазнаецца лёгка, але ў Зьміцера Вайцюшкевіча празь віртуозныя аранжыроўкі чуецца зусім іншая музыка.
Дарэчы, аранжыроўкамі займаліся адмыслоўцы "WZOrkiestra", зь якім цяпер працуе Зьміцер Вайцюшкевіч. У ягоны склад уваходзяць Алег Івановіч (гітары), Ксэнія Мінчанка (скрыпка), Алесь Шувалаў (баян), Вячаслаў Сяргеенка (бас), Юрась Мартынаў (бубны), Андрэй Лабчэўскі (клявішныя), Зьміцер Ціхановіч (труба), Зьміцер Бударын (трамбон), Алесь Пузыня (скрыпка), Сяргей Раінчык (фартэпіяна).
Як і папярэднія альбомы Зьміцера Вайцюшкевіча, "Паравіны году" запісваліся ў студыі "Беларускія Песьняры" зь лютага па жнівень 2003-га году. Гукарэжысэры Барыс Далгіх і Сяргей Раінчык.
Асобным абзацам варта адзначыць мастацкую аздобу Дар'і Чарняўскай, якая гранічна дакладна перадае настрой, стылістыку і атмасфэру гэтага альбому. Зірнуўшы на вокладку і пяшчотныя віньеткі васьмістаронкавага буклету з тэкстамі, адразу становіцца зразумелым, каму адрасаваны гэты прадукт. Думаю, прыгажэйшай палове чалавецтва. Хоць і стварала яго пераважна дужая палова чалавецтва. Во будзе ідэальны падарунак - ад нас вам! - да якога-небудзь жаночага сьвята або дня закаханых.
Зрэшты, ня толькі жанчыны будуць яго слухаць, бо зьмест альбому наўпрост зьвернуты й да мужчын. Вось, напрыклад, што вы робіце, калі чуеце ад любай: "Прыйдзі, мой каханы"? Аказваецца...

... хто не прыходзіць такою хвілінай,
Каб даць ёй магчымасьць прачнуцца жанчынай,
Той проста глухі, ці сьляпы, ці убогі,
Загіне ўбаку ад галоўнай дарогі.

Жанчынам гэты альбом прыемнасьць, а мужчынам - навука. Школа здаровых пачуцьцяў. Беларускі сэрыял кшталту "Багатыя таксама плачуць, а бедныя таксама кахаюць". А як выкладаецца тая навука прафэсыйна і адмыслова!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА

Каб замовіць гэты кампактдыск поштаю дашліце $12 на адрас рэдакцыі "Беларуса".