РЭЗАЛЮЦЫЯ


ўрачыстага сходу, арганізаванага Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем ў Нью-Ерку 16 сакавіка 2003 г. ў гонар 85 угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі
1. Мы заяўляем: беларускі народ, усе грамадзяне Беларусі маюць права на сваю незалежную, суверэнную, дэмакратычную дзяржаву.
2. Мы заклікаем усіх, каму дарагая нашая Бацькаўшчына-Беларусь, бараніць гэтае сьвятое права на незалежнасьць і свабоду сваёй краіны, кансалідаваць дзеля гэтага свае сілы.
3. Мы асуджаем ганебныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, які гандлюе наезалежнасьцю Беларусі, ставіць пад пагрозу існаваньне беларускай дзяржавы, вынішчае беларускую нацыянальную культуру, перасьледуе нацыянальна сьведамых беларускіх людзей, парушае правы чалавека, у тым ліку права на свабоднае карыстаньне беларускаю моваю, і адукацыю ў гэтай мове на ўсіх узроўнях.
4. Мы выступаем супраць так званай "саюзнай дзяржавы", у якую рэжым Лукашэнкі цягне Рэспубліку Беларусь, і пратэстуем супраць распрацоўкі канстытуцыйнага акту гэтай "саюзнай дзяржавы" і зьнішчэньня беларускай нацыянальнай валюты як правакацыі рэжыму Лукашэнкі разам з шавіністычнымі коламі Расеі, скіраванай на зьнішчэньне беларускай незалежнасьці й інкарпарацыю Беларусі ў Расейскую фэдэрацыю.
5. Мы патрабуем шанаваньня правоў чалавека, спыненьня шалёнага перасьледу апазыцыйных сілаў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі й незалежных грамадзкіх арганізацяў у Беларусі рэжымам Лукашэнкі.
6. Мы заклікаем сябраў Сэнату й Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, усіх людзей добрай волі падтрымаць Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2003, скіраваны на падтрымку беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
7. Мы выказваем салідарнасьць са змаганьнем народу ЗША супраць міжнароднага тэрарызму, асуджаем ганебнае супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з тэрарыстычным рэжымам Садама Хусэйна ў Іраку ды іншымі рэжымамі "восі зла". Мы асуджаем намеры Расеі выкарыстаць міжнародны крызіс у сваіх імпэрыялістычных мэтах у дачыненьні да Беларусі й іншых краінаў, што вызваліліся з-пад расейска-камуністычнага панаваньня.
Мы не дамо загінуць справе, якую 85 гадоў назад пачалі нашыя папярэднікі - змагары за вольную назалежную Беларусь. Мы працягваем іхную справу, мы верым у нашую праўду і ў наш народ. Мы пераможам.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!