РЭЗАЛЮЦЫЯ
УРАЧЫСТАГА СХОДУ, АРГАНІЗАВАНАГА БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКІМ
ЗАДЗІНОЧАНЬНЕМ У НЬЮ-ЁРКУ НА 84-я УГОДКІ АБВЕШЧАНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ
1. Беларускі народ, беларускае шматнацыянальнае грамадзтва, мае неад'емнае прыроднае права жыць у Беларускай Народнай Рэспубліцы - сваёй дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай дзяржаве. Грунтуючыся на гэтым пастуляце, мы наважаныя далей працаваць на адраджэньне Беларусі як сувэрэннай дзяржавы, кансалідацыі беларусаў як нацыі й фізычнага захаваньня беларускага народу.
2. Мы заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі цаніць здабытую дзяржаўнасьць, бо толькі праз сваю дзяржаву ды сваімі ўласнымі сіламі народ можа наладзіць годнае жыцьцё для сябе й сваіх нашчадкаў. На дадзеным этапе, пры паслабленым у выніку русыфікацыі стане нацыянальнае сьведамасьці, тварэньне якіх-бы там ні было саюзных дзяржаваў прывядзе толькі да зьнішчэньня беларускае дзяржаўнасьці.
3. Мы заклікаем суродзічаў, якія жывуць у ЗША, а таксама беларусаў усяго сьвету дапамагаць замацоўваньню беларускай дзяржаўнасьці праз спрыяньне выхаду Беларусі як поўнапраўнага сувэрэна на міжнародныя двубаковыя й шматбаковыя кантакты. Мы выказваемся за ўсебаковыя міжнародныя сувязі беларускае дзяржавы, а таксама за супрацоўніцтва на парытэтных асновах з усімі суседзямі Беларусі, каб пашыраць дабрабыт народаў і мацаваць стабільнасьць рэгіёну.
4. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб у Беларусі пашыралася й паглыблялася нацыянальная сьведамасьць ды разуменьне важнасьці свае дзяржаўнасьці, бо, як паказвае гісторыя народаў, нацыянальная годнасьць - гэта магутны псыхалягічны фактар, які моцна ўплывае на падвышэньне маралі й працаздольнасьці народу.
5. Мы надаем вялікае значэньне вяртаньню дзяржаўнае функцыі беларускай мове, паколькі яна - скарбніца спадчыны народу й аснова далейшага разьвіцьця.
6. Мы зьвяртаемся з заклікам да суродзічаў ва ўсім сьвеце трымаць лучнасьць зь Беларусьсю, наладжваць культурныя й эканамічныя сувязі, дапамагаць у пераадоленьні вынікаў чарнобыльскай катастрофы й эканамічных цяжкасьцяў.
7. Мы заклікаем беларускую моладзь і студэнцтва працягваць справу дзядоў і бацькоў, якія коштам ахвяраў жыцьця, крыві й працы дамагліся незалежнасьці ды гэтым маральна забавязалі зьберагчы й змацаваць іхнае дасягненьне.
8. Мы бачым магчымасьць выхаду Беларусі з сучаснае ізаляцыі й крызісу, калі беларускія ўлады будуць трымацца вышэй выказаных ідэяў і пастулятаў. Такі выхад ляжыць ня толькі ў інтарэсах беларускага грамадзтва, але ўсіх краінаў сьвету.