Сабор БАПЦ
30-га жніўня 2003-га году ў храме Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку, штат Нью Джэрзі, адбыўся Сабор Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ­ вышэйшай Царкоўнай ўлады.
На пачатку быў адслужаны малебен і пасля дабраслаўленьня Высокапачэсным Мітрапалітам Ізяславам, Першагерархам БАПЦ, пачаўся Царкоўны Сабор, у якім, акрамя дзеючага сьвятарства БАПЦ, прынялі ўдзел дэлегаты з большасьці парафіяў і госьці. Дэлегаты, якія не змаглі прыбыць на Сабор, даслалі свае пісьмовыя ўпаўнаважаньні. Вядучым Сабору быў абраны айцец іярэй Вячаслаў Логін, настаяцель парафіі ў Гайленд Парку. Сакратар Сабору Сяргей Трыгубовіч зачытаў прывітаньні ад сьвятароў, якія не змаглі прысутнічаць ­ айца архімандрыта Дэніёла, настаяцеля Валійскае Місіі Ўсіх Валійскіх Сьвятых (Вялікабрытанія) і айца пратапрасьвіцера Аляксандра Кулакоўскага, настаяцеля парафіі Сьв. Віленскіх Мучанікаў (Аўстралія). Старшыня Мандатнае Камісіі айцец іярэй Ігар Якунін паведаміў колькасьць дэлегатаў і ўпаўнаважаньняў і пацьвердзіў правамоцнасьць Сабору паводле Статуту БАПЦ.
З уступнаю прамоваю выступіў старэйшы дзеючы сьвятар БАПЦ, Архімандрыт Карп Стар, настаяцель парафіі Св. Троіцы ў Дораты, Нью Джэрзі. Ен заклікаў удзельнікаў Сабору да згоды й да духоўнага яднаньня ўсіх вернікаў і сьвятарства і зьвярнуўся да Госпада па дабраслаўленьне на супольныя добрыя справы для Царквы й Бацькаўшчыны.
З дакладам аб сучасным стане і дзейнасьці БАПЦ за перыяд пасьля мінулага Царкоўнага Сабору выступіў сакратар Кансысторыі Барыс Данілюк. У сваім дакладзе ён крануўся дзейнасьці Першагерарха і Кансысторыі ў пытаньнях падрыхтоўкі сьвятароў, спробах палагоджаньня колішняга расколу ў БАПЦ, дачыненьнях зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі, праблемах адраджэньня Беларускага Праваслаўя ў Беларусі. Ен таксама паведаміў аб фінансавым стане Кансысторыі й прапанаваў аднавіць выданьне Календара і квартальнага лістка.
Ад Кансысторыі часткі БАПЦ, што дзейнічала пад амафорам Сьв. Памяці Ўладыкі Мікалая, справаздачу зрабіў скарбнік Аляксандар Сільвановіч. Вялікай часткай дзейнасьці БАПЦ за апошняе дзесяцігодзьдзе была дапамога пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі. Было сабрана і пераслана ў Беларусь некалькі кантэйнераў зь лекамі, вітамінамі й мэдыкамэнтамі агульнаю вартасьцю каля 5­ці мільёнаў даляраў. Для перавозкі кантэйнераў у Беларусь вернікі БАПЦ ахвяравалі 57 тысяч даляраў. Разьмеркаваньне дапамогі адбывалася ў прысутнасьці прадстаўнікоў БАПЦ, каб лекі дайшлі да тых, каму яны былі найбольш патрэбныя. Дапамогу стараліся прывезьці ў шпіталі ў малых гарадох і мястэчках. У справаздачы ён таксама ўзгадаў пытаньне пераемства іярархіі БАПЦ.
Прагучалі выступы прадстаўнікоў парафіяў. Аб жыцьці ў Катэдральным Саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне распавёў ягоны настаяцель айцец іярэй Ігар Якунін. Ен паведаміў пра ахвярную дзейнасьць парафіянаў у справе рамонту храма, выпуску парафіяльнага лістка і фармаваньні бібліятэкі. Парафія наладжвае дачыненьні зь беларускімі грамадзкімі арганізацыямі ў Ню Ерку.
Дэлегат Руслан Качаткоў ад парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта, Канада, акцэнтаваў увагу на патрэбе прызначэньня сталага сьвятара, безь якога Багаслужбы адбываюцца непэрыядычна, прыгадаў набыўшую попыт беларускую бібліятэку і актыўную грамадзка­культурную дзейнасьць маладых парафіянаў.
Шматгадовы старшыня парафіяльнае рады парафіі ў Гайленд Парку Віктар Дубяга паведаміў пра актыўны ўдзел парафіянаў у царкоўным жыцьці й у хоры, а таксама пра ахвярнасьць парафіянаў у справе ўтрыманьня царкоўнага будынку і могілак у Іст Брансвіку.
Упаўнаважаныя ад парафіяў распавялі аб сытуацыі ў парафіях Аўстраліі Св. Пятра і Паўла ў Адэляйдзе і Сьв. Трох Віленскіх Мучанікаў у Мэльбурне. Была ўзгаданая парафія Жыровіцкай Божай Маці ў Манчэстары, Англія, дзе доўгія гады выконвае пастырскія абавязкі айцец пратапрасьвіцер Ян Абабурка. Галоўным пытаньнем у згаданых храмах ёсьць праблема маладых царкоўных кадраў.
Дыскусыі разгарнуліся вакол пытаньняў нацыянальна­патрыятычнай дзейнасьці БАПЦ і аб паступовым уводзе ў Багаслужбу беларускае мовы поруч з царкоўна­славянскаю і дзяржаўнаю моваю краіны, дзе знаходзіцца царква.
Асобнай рззалюцыяй была пацьверджаная пастанова Мітапаліта Мікалая з 2002-га году аб адлучэньні ад БАПЦ япіскапа Аляксандра (Салагуба), хіратонія якога не была ўхваленая Радаю БАПЦ, як гэтага вымагаў Статут БАПЦ.
Адным з апошніх пытаньняў на парадку дня Сабору было прыняцьце новага Статуту БАПЦ, праект якога падрыхтавала Статутная Камісія. Паводле Статуту БАПЦ была абрана новая Царкоўная Рада, у якую ўвайшлі сьвятары й вернікі. Яе ачоліў Мітрапаліт Ізяслаў.
а. Вячаслаў ЛОГІН

На здымку: сакратар Сабору Сяргей Трыгубовіч, а. Карп Стар, Мітрапаліт Ізяслаў, а. Ігар Якунін, а. Вячаслаў Логін падчас адкрыцьця Сабору.

ЗВАРОТ


Сабору БАПЦ,
што адбыўся ў Гайленд-Парку, штат Нью-Джэрзі,
30-га жніўня 2003-га году
да праваслаўных беларусаў у дыяспары й на Бацькаўшчыне

Дарагія ў Хрысьце браты й сёстры!
У сёньняшнім цяжкім для нашага народу часе ўсім нам патрэбная збаўленчая сіла Хрыстовага вучэньня. Хрыстос вучыў любіць адзін аднаго, дапамагаць тым, хто патрабуе дапамогі, спачуваць тым, хто пакутуе, падтрымліваць на духу тых, хто абезнадзеіўся. Такіх людзей у Беларусі сёньня вялікая колькасьць і, як выглядае, лік іх з кожным годам расьце.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) ад часу свайго заснаваньня многія стагодзьдзі таму назад выконвае ролю ахоўніка душы й маралі нашага народу, спрыяльніка ягонаму духоваму і матар'яльнаму дабрабыту. Такая высакародная місія выплывае з самой ідэі аўтакефаліі, гэта значыць зь ідэі служэньня перш-наперш свайму народу. Палюбі свайго бліжняга, як самога сябе, наўчаў Хрыстос.
Аўтакефалія - гэта самакіраўніцтва, гэта спалучанасьць рэлігійнага жыцьця з нацыянальнымі сьвецкімі патрэбамі ды інтарэсамі. У бальшыні праваслаўных краінаў (Баўгарыя, Сэрбія, Румынія ды іншыя) краёвыя цэрквы ўгрунтаваныя на прынцыпах аўтакефаліі. БАПЦ у замежжы, адноўленая ў 1948-м годзе, перахоўвае гэты прынцып. Дбаючы пра духовае і матар'яльнае адраджэньне Беларусі, БАПЦ ушаноўвае з асаблівай увагай сьвятых свайго народу, карыстаецца ў Багаслужбах і пропаведзях беларускай мовай, спрыяе пашырэньню друкаванага роднага слова. Усё гэта ў згодзе з запаветам Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, які пасьля ўваскрасеньня сказаў апосталам: "Дык ідзеце, навучайце ЎСЕ НАРОДЫ" (Мц. 28:19). Наш беларускі народ павінна наўчаць СВАЯ праваслаўная царква. А "свая" - гэта значыць аўтакефальная.
Чарговы сабор БАПЦ быў скліканы з думкаю пра ўмацаваньне й пашырэньне праваслаўя сярод беларусаў у замежжы й на Бацькаўшчыне. Сабор прыняў пастановы аб удасканаленьні структуры й кіраўніцтва БАПЦ, а таксама аб узмацненьні сувязяў паміж прыходамі замежжа з прыходамі ў Беларусі. Былі абмеркаваныя таксама пытаньні матар'яльнай дапамогі праваслаўным прыходам на Бацькаўшчыне.
Няхай нам Бог дапаможа ў праслаўляньні Божага імя ды ў нашым служэньні свайму народу.

Рада Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.