У СПРАВЕ САЦЫЯЛЯГІЧНЫХ АПЫТАНЬНЯЎ І КАМЭНТАРОЎ ДА ІХ
Тэму артыкулу падказала сацыялягічнае апытаньне, праведзенае ў верасьні сёлета Незалежным Інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, папулярна называным Інстытутам Манаева.
Апытаньне зьмешчанае ў 25-м выпуску аналітычнага бюлетэня Інстытуту памерам у 42 старонкі. Гэты Інстытут лічыцца адным з найбольш аўтарытэтных дасьледчых цэнтраў у Беларусі.
Дырэктар Інстытуту - Алег Манаеў, доктар сацыялягічных навук, прафэсар катэдры сацыяльнай камунікацыі БДУ. Быў адным з заснавальнікаў Аб'еднанай Дэмакратычнай партыі Беларусі (цяпер частка АГП) і старшынём Беларускага Фонду Сораса.
Адна аўтарытэтная асоба кваліфікавала ману наступным чынам - ёсьць мана малая, мана вялікая і ... статыстыка. Зразумела, што сацыялёгія не зусім статыстыка. Аднак абедзьве галіны ведаў маюць шмат агульнага. Найперш тое, што грунтуецца на лічбах. Калі лічбы атрыманыя на падставе навукова абгрунтаванай мэтодыкі, тады крыўдзіцца на іх, а тым больш лічыць маной, ня прыйдзе ў галаву нармальнаму чалавеку. Іншая справа камэнтар да гэтых лічбаў. Часам здараецца, што менавіта камэнтар становіцца вялікаю маною. Бо самыя па сабе лічбы выклікаюць давер. І ня кожнаму хопіць цярпеньня і жаданьня самастойна супаставіць і прааналізаваць іх.
На жаль, гаворка пойдзе пра лічбы, якія атрымаў Незалежны Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, адзін зь лепшых недзяржаўных дасьледчых цэнтраў, і, галоўным чынам, пра камэнтар дырэктара гэтага Інстытуту праф. Манаева. Адразу скажу, што ў мяне няма прэтэнзыяў да мэтодыкі верасьнеўскага сацыялягічнага апытаньня. Але гэта ня тычыцца абшырнага аналітычнага артыкулу, які часткова ўжо апублікаваны ў вядучых недзяржаўных СМІ Беларусі.
Артыкул адкрываецца разьдзелам "Рэйтынг А. Лукашэнкі працягвае падаць" (даю расейскамоўныя цытаты ў сваім перакладзе. Заўвага аўтара). Камэнтуючы табліцу адказаў на пытаньне "Як Вы будзеце галасаваць, калі адбудзецца рэфэрэндум па зьмяненьні Канстытуцыі РБ, у адпаведнасьці зь якім А. Лукашэнка зможа ізноў абірацца прэзыдэнтам?", аўтар адзначае, што станоўчы адказ дае толькі 15,5% апытаных. Супраць такога зьмяненьня выказваецца 50,6%. Ня будзе ўдзельнічаць у такім рэфэрэндуме 7,2%. А ўстрымаліся выказаць сваё стаўленьне 25,4%. Але падсумоўвае гэтую даволі прыемную для апанэнтаў існуючага рэжыму акалічнасьць наступным чынам. "Дадатковы аналіз сьведчыць, што з улікам верагоднай рэакцыі тых, хто невызначыліся, калі-б такі рэфэрэндум адбыўся заўтра, ад 52% да 60% беларусаў, верагодна, прагаласавала-б супраць такога зьмяненьня Канстытуцыі".
Асабліва мне прыемна, што нашае грамадзтва ў такой ступені палітычна дасьпела да разуменьня таго, што нельга прыстасоўваць Асноўны Закон пад жаданьні аднаго чалавека і яго атачэньня. Таму мне цікава, які "дадатковы аналіз" дазваляе аўтару камэнтару дадаваць да лічбы ад 1,4 да 9,4% з агульнае колькасьці 25,4%, якія ня вызначыліся? (1,4%+50,6%=52% і 9,4%+50,6%=60%. Паводле простых падлікаў, калі падзяліць прапарцыйна калькасьць тых, хто ня вызначыліся, дык супраць згаданае зьмены Канстытуцыі 70%, а за толькі 21,5%. Заўвага рэдакцыі.) Гэтая цікаўнасьць яшчэ больш узрастае, калі з наступнае табліцы я даведваюся, што ў той-жа верасень ужо 58% апытаных выказаліся адмоўна на пытаньне аб адмене канстытуцыйнага абмежаваньня, якое не дазваляе А. Лукашэнку займаць прэзыдэнцкі пост больш двух тэрмінаў запар. А станоўча - 23,7%, пры 18,3% тых, хто ня вызначыўся. (Ізноў прапарцыйна падзяліўшы калькасьць тых, хто ня вызначыліся, супраць дадатковых тэрмінаў для Лукашэнкі - 71%, а за 29%. Заўвага рэдакцыі.)
Далей болей. У наступным разьдзеле "Адносіны беларусаў да інтэграцыі з Расеяй" аўтар працягвае абмяркоўваць ідэю рэфэрэндумаў. Ён піша: "Хаця ўлада (вуснамі Лукашэнкі, Козіка, Ярмошынай ды інш.) заяўляе сёньня, што рэфэрэндум па прапановах У. Пуціна праводзіць у Беларусі ня трэба (немагчыма, незаконна і г. д.), многія задаюцца пытаньнем: а калі-б такі рэфэрэндум усё-ж адбыўся?". І разумеючы, што "многае будзе залежаць ад пазыцыі ўлады" (ускоснае прызнаньне немагчымасьці правядзеньня рэфэрэндумаў наагул), уключае пытаньне аб адносінах да зьбліжэньня Беларусі й Расеі "па прапанове У. Пуціна" пры ўмове "роўнасьці правоў і свабодаў грамадзянаў ... рэгіёнаў Расеі й Беларусі й стварэньня агульных органаў улады". Вынік - на інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі згодныя 32,3%, супраць 26,3%, ня будзе ўдзельнічаць у такім рэфэрэндуме 8,0% і ня вызначыліся 31,7%. Але камэнтар зусім дзіўны. "Дадатковы аналіз паказвае, што з улікам верагоднай рэакцыі тых, хто ня вызначыўся, калі-б такі рэфэрэндум адбыўся заўтра, няменш 50% беларусаў, верагодна, прагаласавала-б за прапанову расейскага прэзыдэнта". Зноў "дадатковы аналіз", пра які сказана толькі тое, што тыя, хто ня вызначыўся, звычайна галасуюць так, як галасуе большасьць. Зноў "верагодна" пра посьпех рэфэрэндума ў выніку павялічэньня колькасьці прыхільнікаў амаль на 20%, забраных з 31,7% тых, хто хістаецца, хаця большасьць, як раз на баку праціўнікаў інкарпарацыі. Нават у гэтай табліцы іх 34,3% (26,3+8,0, паколькі няўдзел у рэфэрэндуме - форма пратэсту). Іх становіцца яшчэ больш, калі знаёмішся з наступнымі табліцамі.
Навуковая дабрасумленнасьць і шматлікасьць "прапановаў У. Пуціна" прымушаюць сацыёлягаў задаць такое пытаньне: "Вы за ці супраць інтэграцыі на прынцыпах Эўрапейскага Зьвязу?" Адказ: за 48,5%, супраць 21,9%. А на пытаньне "Калі-б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб уступленьні Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, як-бы Вы прагаласавалі?". Адказалі-б за 53,4%, супраць - 8,1%, ня сталі-б галасаваць 13,0%. Астатнія ўстрымаліся.
Аўтару аналітычнага артыкула былі вядомыя ўсе гэтыя лічбы. Таму хочацца запытаць, дзе тут больш 50% беларусаў, якія "верагодна прагаласавалі-б за прапанову расейскага прэзыдэнта" інкарпараваць Беларусь у склад Расеі? Відавочная большасьць за эўрапейскі шлях Беларусі. Можна, канешне, канстатаваць стан пэўнай разгубленасьці электарату, які адчувае важнасьць гэтага пытання, але ня мае патрэбнай інфармацыі, каб заняць цьвёрдую пазыцыю. Таму лічбы скачуць, як у плясцы Сьв. Віта. Здаецца, што аўтар камэнтару разумее гэта, бо піша, хаця і значна ніжэй, пра 53,4% эўрапрыхільнікаў. (Пры колькасьці непрыхільнікаў 8,1%. Заўвага рэдакцыі.) "Трэба мець на ўвазе, што ніякай агітацыі ў гэтых адносінах у краіне не вялося". Праўда, ніякай, калі не лічыць агітацыю БНФ "Адраджэньне".
Тым ня менш аўтар завяршае артыкул пра "Адносіны беларусаў да інтэграцыі з Расеяй" наступнымі развагамі. Прашу прабачэньня за працяглае цытаваньне, ён піша: "Умацаваньне незалежнасьці Беларусі, на наш пргляд, ня мае нічога агульнага з ілжывай і правакацыйнай дылемай... - "лепш дыктатура ў незалежнай Беларусі, чым дэмакратыя ў складзе Расеі". Ясна, што ў рэальным рэжыме часу і месца Беларусь наўрад ці зможа вярнуцца ў Эўропу "ўцякаючы" ад Расеі, як гэта зрабілі (ці ўсё яшчэ робяць) краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ні бальшыня беларусаў, ні, зразумела, Расея не падтрымаюць такога імкненьня. Аднак, з гэтага зусім не вынікае, што будучыня беларускай дэмакратыі - толькі ў складзе Расеі... менавіта пры прэзыдэнце У. Пуціне, асабліва пасьля ягоных публічных заяваў аб будучым інтэграцыі Беларусі й Расеі, гэты варыянт (інтэграцыя па ўзору Эўразьвязу) становіцца ня праста "больш прымальным", але і цалкам рэальным. Перш за ўсё таму, што гэтага ўпершыню (!) зьявіўся сур'ёзны электаральны рэсурс".
Так выглядае аўтарскае крэда. Крэда, якое не дазваляе гаварыць пра "незалежнасьць" і навуковую дабрасамленнасьць аўтара. Гэта адкрыты брудны піар. Вельмі небясьпечны для беларускай незалежнасьці й дэмакратыі, бо рабяцца высновы, якія ніякім чынам не выцякаюць з вынікаў апытаньня. Аўтар вельмі хоча пераканаць нас у тым, што ёсьць дрэнны й добры аўтарытарызм. Сапраўды, ложная дылема. Навязьліва прапануе незаконныя рэфэрэндумы й нястомна агітуе за "прапановы У. Пуціна", якія, насамрэч, ёсьць ультыматумам Беларусі, бо сярод іх няма прапановы проста захаваць дабрасуседзкія адносіны пры поўнай самастойнасьці й незалежнасьці краінаў. Разам з Пуціным Алег Манаеў робіць выгляд, што ня ведае відавочнага. Любы аўтарытарызм цягнецца недаўжэй за жыцьцё дыктатара. А страта незалежнасьці цягнецца сотні гадоў, і аднавіць яе незаўсёды ўдаецца.
І ўжо зусім непрыстойна выглядае цана, якую, на думку аўтара, Беларусь мусіць заплаціць за інтэграцыю па мадэлі Эўразьвязу. "Можна дапусьціць, - піша А. Манаеў, - што ў выпадку, калі да ўлады прыйдзе цэнтрыст, які ня стане гандляваць сувэрэнітэтам, але забясьпечыць стабільнасьць расейскіх інтарэсаў тут (у прыватнасьці гаворка вядзецца аб трубаправодах, прадпрыемствах "Белтрансгаза"), то Беларусь задаволіла-б Расею, як добры сусед і надзейны саюзьнік".
Як гаворыцца, no comments.

Ю. ХАДЫКА