Уладзімер Самойла
(да праблемы выданьня творчай спадчыны)

Кожны народ па-сапраўднаму разьвіваецца толькі тады, калі мае жывую родную мову. У гэтай мове - жывая крыніца духовай самаіснасьці народу, яго сіла, яго першародны аптымізм. [...]
Усе свае надзеі беларускі народ павінен пакладаць толькі на самаго сябе... і на еднасьць, але толькі з агульна-людзкім, агульна-боскім Духам вольнасьці й разьвіцьця.

Так пісаў у міжваенны перыяд заходнебеларускі філёзаф і публіцыст Уладзімер Самойла. Гэтыя словы актуальная па-сёньня.
Ці шмат ведае наш чытач пра аўтара гэтых сакрамэнтальных радкоў, ня маючы на сваёй кніжнай палічцы нават невялічкага томіку выбраных твораў пісьменьніка?
У беларускім эміграцыйным друку пра Ўладзімера Самойлу і ягоную багатую творчую спадчыну бадай што ніколі й ня пісалася. Ды й на Бацькаўшчыне пра яго як беларускага філёзафа, літаратурнага крытыка і публіцыста па-сапраўднаму загаварылі толькі напрыканцы 70-ых гадоў мінулага стагодзьдзя. Выключэньнем можна лічыць хіба што публікацыі заходнебеларускага культурна-грамадзкага дзеяча і публіцыста сьвятара Ўладзіслава Талочкі. У міжваенны перыяд ён на старонках польскамоўнага часапісу "Przeglad Wilenski" ці ня першым разгледзеў і па-належнаму ацаніў фэномен Уладзімера Самойлы як аднаго з пачынальнікаў і творцаў беларускай філязофскай думкі ХХ-га стагодзьдзя.
У Беларусі ў паваенны час грунтоўным вывучэньнем багатай культурнай спадчыны Ўл. Самойлы займаліся адзінкі: літаратуразнавец Сьцяпан Александровіч, публіцыст Мікола Калінковіч і філёзаф Уладзімер Конан. Да гэтага пераліку варта яшчэ дадаць працы беларускіх дасьледчыкаў у Польшчы - гісторыка Аляксандры Бэргман і літаратуразнаўцы Аляксандра Баршчэўскага. Вось бадай і ўсё. Пры татальнай саветызацыі беларускай гісторыі й культуры спадчына выбітных беларускіх культурных дзеячаў, філёзафаў, навукоўцаў, пісьменьнікаў была асуджаная савецкай ідэалягічнай сыстэмаю ў Беларусі калі не на шальмаваньне, дык на забыцьцё. Вось чаму творчы даробак Уладзімера Самойлы-Сулімы ці Ігната Канчэўскага-Абдзіраловіча, аўтараў філязофскіх трактатаў, прысьвечаных дасьледзінам беларускага нацыянальнага сьветагляду, так пакутліва вяртаўся, а можа толькі пачынае вяртацца разам з нацыянальнай самасьвядомасьцю беларускаму народу.
Яшчэ больш трагічна выглядала справа з выяўленьнем і сыстэматызацыяй публікацыяў Ул. Самойлы. Раскіданыя па беларускім, нямецкім, польскім і расейскім перыядычным друку, яны доўгі час ня былі па сутнасьці ўключаныя ў беларускі гісторыка-культурны кантэкст, ды яшчэ і сёньня далёка ня поўнасьцю выяўленыя.
Першаю ластаўкаю ў гэтай справе стаўся выхад пяцітомнага біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменьнікі", дзе на навуковым узроўні была зробленая спроба прадставіць беларускаму чытачу жыцьцяпіс Уладзімера Самойлу з фрагмэнтам бібліяграфіі ягонай творчай спадчыны.
Трэба прызнаць - на сёньняшні дзень гэтае акадэмічнае выданьне застаецца бадай што адной з галоўных крыніцаў вывучэньня творчасьці Ўл. Самойлы. Аднак і яно мае свае недахопы ды прагалы.
У сьвятле новых знаходак, выяўленых за апошнія дзесяць годоў у прыватных калекцыях, а таксама ў архівах Вільні й Санкт-Пецярбурга, істотнага перагляду і ўдакладненьня вымагае біяграфічны матар'ял пра Ўл. Самойлу. У першую чаргу менскі, пецярбурскі й асабліва віленскі перыяды ягонага жыцьця й культурна-грамадзкай дзейнасьці.
Па-ранейшаму застаюцца невядомымі час, месца і акалічнасьці сьмерці беларускага культурнага й грамадзкага дзеяча. Не паставілі ў гэтым пытаньні апошняй кропкі над "і" і шматлікія запыты, зь якімі ў другой палове 80-ых і на пачатку 90-ых гадоў зьвяртаўся ў міністэрствы замежных і ўнутраных справаў Беларусі, Летувы й Расеі ягоны сын, Уладзімер Самойла-малодшы. Паводле-ж вэрсіі Аляксандры Бэргман, савецкія ўлады расстралялі беларускага філёзафа пры эвакуацыі вялейскай турмы напрыканцы чэрвеня 1941-га году.
Вяртаючыся да бібліяграфічнай часткі творчай спадчыны Ўладзімера Самойлы трэба адзначыць, што яна значна пашырылася. У першую чаргу за кошт выяўленых псэўдонімаў ды публікацыяў у расейскамоўнай перыёдыцы ("Минский Курьер"), у польскім друку ("Przeglad Wilenski"), а таксама ў нямецкіх навуковых выданьнях і газэтах ("Jahrbucher fur Kultur und Geschichte der Slaven", "Ostexpress" і інш.).
З другой паловы 90-ых гадоў пачалася падрыхтоўка да выданьня спадчыны беларускага філёзафа, літаратурнага крытыка й публіцыста. Актыўны ўдзел у гэтай справе прымае і ягоны сын Уладзімер Самойла-малодшы, які жыве ў Варшаве. У том выбраных твораў Ул. Самойлы увойдуць ягоныя філязофскія працы, літаратурна-крытычныя й культуралягічныя артыкулы, вершы, карэспандэнцыя, а таксама багатая калекцыя фотаздымкаў, у тым ліку і з прыватнага архіву сям'і Самойлаў.
Юрась ГАРБІНСКІ

Лявон Юрэвіч і Ўладзімер Самойла малодшы.
Варшава, чэрвень 2002-га году.

Ул. Самойла ў цытатах

"Падставу для такога замацаваньня ды жывучасьці клічу выказаў ужо ў першым аналізе Купалавага зборніка "Жалейка" і верша "Гэта кліч, што жыве Беларусь" Уладзімер Самойла ("НН" №17, 1908), пішучы, што Купалавы радкі - гэта "голас, што выходзіць з самой глыбі народнай душы", а таму гэтаму голасу - голасу душы народу - наканаванае жыцьцё ды лёс быць клічам будучыні, адраджэньня, клічам пакаленьняў". (В. Кіпель)
"Яшчэ ў 1991 г. у літаратуры зьявілася сьцьвярджэньне, што Яна Луцэвiча да беларускага руху далучылi браты Iван i Антон Луцкевiчы, Алесь Бурбiс, Сяргей Скандракоў ды Ўладзiмер Самойла". (A. Сідарэвіч)
"Яго работа "Гэтым пераможаш", апублікаваная пад псэўданімам "Суліма", дэкляравала для грамадзкага жыцьця, як найлепшы, прынцып "актыўнай эвалюцыі", заснаваны на ўсялякім стымуляваньні натуральных працэсаў разьвіцьця арганізму чалавечай (і, у прыватнасьці, беларускай) супольнасьці". (А. Меленік)
"Верасень 1939 году стаўся трагічным для прадстаўнікоў беларускіх палітычных і культурных элітаў. Былі арыштаваныя і зьнішчаныя былы старшыня Рады міністраў БНР, дырэктар Беларускага музэю ў Вільні Антон Луцкевіч, філёзаф Ул. Самойла, літаратар Макар Краўцоў, былы сэнатар ад беларусаў у Польскі Сойм, культурна-грамадзкі дзеяч Вячаслаў Багдановіч, выдавец і рэдактар Янка Пазьняк, інжэнер і педагог Антон Неканда-Трэпка ды шмат іншых" (С. Гвозьдзеў)