ДЫКТАТУРА І САТРАП
Агульнымі рысамі дыктатараў зьяўляюцца: першаснасьць асабістай улады, імкненьне да абсалютызацыі асабістай улады й гатоўнасьць ахвяраваць чужымі жыцьцямі дзеля яе ўтрыманьня. Сталін уяўляў сабой тып паранойнага дыктатара з псіхалёгіяй падазронасьці й недаверу. Адсюль - частыя зьмены кадраў і перыядычныя чысткі.
Мэтадам заспакаеньня падазронасьці й спосабам прадухіленьня пагрозы быў страх, насаджэньне страху ў асяродзьдзі ўлады перад сваёю асобаю.
На гэтым падабенства між Сталіным і Лукашэнкам канчаецца.
І па маштабу асабовасьці, і па прыродзе ўлады - гэта розныя тыпажы. Дыктатура Сталіна грунтавалася на партыйнай ідэалёгіі і на аднапартыйнай таталітарнай сыстэме. Абсалютызуючы сваю ўладу, Сталін ствараў таталітарную тэрарыстычную ваенную дзяржаву і быў зацікаўлены ў яе існаваньні. Ен сфармаваў сістэму, якая стварала яму культ асобы, культ "бязгрэшнага" правадыра.
Было створанае ўражаньне, што ва ўсіх недахопах вінаватыя шкоднікі, але ня Сталін, які, нібыта, наводзіў парадак. Адсюль рэпрэсіі й шалёны тэрор, дзесяткі мільёнаў забітых людзей.
Лукашэнка - гэта ёсьць дыктатар-марыянэтка, кіруемы спэцслужбамі і ўладамі чужой дзяржавы. Марыянэткавы рэжым Лукашэнкі ня мае ідэалёгіі, не абапіраецца на партыйны таталітарызм і не стварае таталітарнай дзяржавы. А гэта значыць, што ў яго няма рэальнай самастойнай сілы, што ён уяўны, штучны й залежны.
Канцэнтрацыя ўлады не стварае Лукашэнку культу асобы, а ўмацаваньне ягонай улады паклікана не на разьвіцьцё, а на развал беларускай дзяржавы, яе нацыянальнай культуры і эканомікі, на падрыхтоўку яе ў Расею.
Рэжым Лукашэнкі мае ўсе прыкметы чужога акупацыйнага рэжыму.
Дыктатура асабістай улады Лукашэнкі пазбаўленая стратэгічнага абсалютнага зьместу, бо сэнс ягонай палітыкі - улучэньне Беларусі ў сыстэму іншай дзяржавы. У такім становішчы ня будзе існаваць дыктатура Лукашэнкі. Тут алягізм, абсурд.
Параўнаньне Лукашэнкі са Сталінам -- недарэчнае. Лукашэнка ня ёсьць клясычным дыктатарам, гэта тыповы сатрап, стаўленік, службовая асоба чужой стратэгіі й залежнай палітыкі.

* * *

Сталінская вынішчальная акупацыйная палітыка і генацыд 1920-1940-х гадоў у Беларусі падарвалі беларускія сілы. Сталіністы-энкавэдзісты забілі лепшых людзей нашай краіны, зьнішчылі беларускае сялянства, выкрэсьлілі з жыцьця цэлае пакаленьне беларусаў, разбурылі набыткі беларускай культуры, перарвалі эстафету гістарычнага нацыянальнага разьвіцьця.
Падабенства цяперашняга антыбеларускага рэжыму са сталінскім зыходзіць якраз з гэтай акалічнасьці й заключаецца, найперш, у перасьледзе ўсяго беларускага, у шалёнай і гвалтоўнай русіфікацыі, у бяспраўі людзей перад дзеяньнямі ўлады, у насаджэньні страху ў грамадзтве, у адлучэньні беларусаў ад зямлі.
Гэта галоўнае. Гэта асноўныя праявы акупацыйнай прарасейскай дыктатуры.

Зянон ПАЗЬНЯК