З жыцьця ў Саўт-Рывэры

З НОВЫМ ДУШПАСТЫРАМ
Новы настаяцель прыходу Сьв. Еўфрасіньні Полацкай а. Стаўрас Русас энэргічна ўзяўся за ажыўленьне царкоўнага жыцьця як унутры, гэтак і навонкі. Ен пачаў выдаваць штотыдня невялікі бюлетэнь, у якім зьмяшчае патрэбуню прахаджанам інфармацыю. Айцец Стаўрас рыхтуецца аднавіць заняткі ў сыботняй школцы для дзяцей, страецца прыцягнуць моладзь да ўдзелу ў царкоўным хоры, якім цяпер кіруе новы рэгент сп. Валянтын Дзямешчык.
Ужо двойчы а. Стаўрас даваў інтэрвію мясцовым газэтам пра дзейнасьць беларускай грамады , інфармуючы пры гэтым чытачоў і пра Беларусь.
Прыхаджане царквы Сьв. Еўфрасіньні пад кіраўніцтвам свайго настаяцеля ўзялі ўдзел 11-га верасьня ў адзначэньні ўладамі гораду першых угодкаў тэрарыстычнага нападу на Амэрыку. У царкве Сьв. Еўфрасіньні была адслужаная паніхіда. Прыхаджане прайшлі працэсіяй да месца ўрачыстага сходу на цэнтральнай вуліцы гораду ля помніка ахвярам Другой сусьветнай вайны. Сабралася там больш за тысячу гараджанаў. Айцец Стаўрас быў адным з бласлаўляльнікаў грамады ад імя свайго прыходу. У інтэрв'ю з карэспандэнтам мясцовай газэты ён сказаў, што вялікая частка ягоных прыхаджанаў - людзі, якія перажылі камунізм ды жахі Другой сусьветнай вайны й добра разумеюць перажываньні ахвяраў тэрарызму. "У нашай царкве, - сказаў ён, - мы молімся за нашу Радзіму Беларусь, якая знаходзіцца ў Эўропе, але мы таксама молімся за Прэзыдэнта Буша й Злучаныя Штаты Амэрыкі.

(ЯЗ)