СЭМІНАР У ВАШЫНГТОНЕ
У Вашынгтоне 30-га студзеня адбыўся сэмінар, прысьвечаны магчымасьцям уплыву Злучаных Штатаў на дэмакратычныя зьмены ў Беларусі, падрыхтаваны Нацыянальнай Фундацыяй у Падтрымку Дэмакратыі (НФПД). Прагучаў даклад сп. Аркадзя Чарапанскага, стыпэндыята НФПД, "Вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях: чым ЗША могуць дапамагчы". Затым адбылося абмеркаваньне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамады ЗША спн.сп. Алла Орса-Романо, Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Богуш Станкевіч. Прысутнічаў першы амбасадар ЗША ў Беларусі сп. Дэвід Сўорц, прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, Гэльсінскай камісыі пры Кангрэсе ЗША, Інстытуту Адкрытага Грамадзтва, НФПД ды інш.
Напачатку свайго дакладу сп. А. Чарапанскі акрэсьліў тэрміны ў ангельскай мове для назову "Беларусь, беларускі". Словамі "Belarus, Belarusian" у дакладзе вызначаецца краіна і рэаліі часоў старабеларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага да 1569-га году, а таксама незалежнай Беларусі (БНР) ў 1918-м годзе і Рэспублікі Беларусь пасьля жніўня 1991-га году. "Belorussia, Belorussian" вызначаюць беларускія землі ў часы польскага, расейскага і савецкага панаваньня. Сп. Чарапанскі адзначыў, што расейцы заўсёды імкнуцца сьцерці адрозьненьне паміж "беларускім" і "расейскім", і лепей адразу мець добра акрэсьленую тэрміналёгію.
Далей сп. Чарапанскі адзначыў: "Цяпер стала модна называць Лукашэнку апошнім дыктатарам Эўропы. І сапраўды, гэта найбольш агідны лідэр у Эўропе. Лукашэнкаў татальны кантроль грамадзтва выклікае асацыяцыі з сталінскімі часамі. Апошні з "Юрасік-парку" таталітарных дыктатараў, Лукашэнка, мае за сабою дастаткова дзеяньняў, за якія ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, і найбольш брыдкім з гэтых дзеяньняў ёсьць стварэньне "эскадронаў сьмерці" для зьнішчэньня палітычных апанэнтаў."
Далей прамоўца даў кароткі агляд гісторыі Беларусі й абставіны прыходу да ўлады Лукашэнкі, які адбыўся дзякуючы цяжкасьцям пераходнага перыяду, расчараваньню грамадзтва ў тагачасным кіраўніцтве і расейскаму ўплыву на палітыку і ўсе бакі жыцьця Беларусі ды шэрагу іншых фактараў. Сп. Чарапанскі даў аналіз дзеяньняў апазыцыі за 7 гадоў панаваньня Лукашэнкі, адзначыў жорсткія ўмовы перасьледу, у якіх мусіла змагацца апазыцыя, выбіраючы не заўсёды слушныя шляхі й мэтады дзеяньняў. Была дадзеная ацэнка сёнешняй сытуацыі ў Беларусі й імкненьню кіраўніцтва Расеі на чале з У. Пуцінам правесьці гульню ў "саюзную дзяржаву", у выніку якой Беларусь была-б інкарпараваная ў Расею, страціўшы незалежнасьць. Былі дадзеныя прычыны таго, чаму дэмакратыя не пусьціла ў Беларусі каранёў. Таксама, на думку сп. Чарапанскага, дэбаты 1991-1994 гадоў пра міжнародную арыентацыю краіны, нацыянальную ідэю выклікалі падзел грамадзтва, адцягнулі ўвагу ад дзяржаўнага будаваньня і кансалідацыі.
Выступоўца накрэсьліў магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў у Беларусі й дзеяньняў Лукашэнкі. Найбольш небясьпечным зьяўляецца тое, што лукашэнкавы спробы скарыстаць гэтак званы "саюзны" фактар могуць рэальна прывесьці да ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы, у якой зьнікне нават успамін пра Беларусь.
Сп. Чарапанскі прааналізаваў асноўныя зьнешнія фактары, што ўплываюць і надалей будуць уплываць на разгортваньне падзеяў у Беларусі: эўрапэйскі, расейскі, амэрыканскі. Эўропа мае непасьлядоўную й недастаткова актыўную палітыку ў дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Гэта адразу паказаў скандал з мястэчкам Дразды пад Менскам, дзе мясьціліся дыпляматычныя місыі, адкуль Лукашэнка з парушэньнем усіх магчымых міжнародных нормаў выдаліў дыпляматычны пэрсанал і захапіў будынкі для ўласных патрэбаў. Тады толькі ЗША настаялі на выплаце кампэнсацыяў, а рэшта краінаў зрабіла выгляд, што нічога ня здарылася. Падзеі з місыяй АБСЭ паказваюць, што спробы Эўразьвязу залагодзіць Лукашэнку толькі натхняюць яго на далейшыя дзёрзкія і падступныя дзеяньні. Ен па-майстэрску выкарыстоўвае кожны кампраміс, кожную недакладнасьць, памылковы крок або няўпэўненасьць суперніка.
Расейскі фактар зьяўляецца вельмі важкім, але ня трэба перабольшваць так званае гістарычнае прыцягненьне беларусаў да Расеі. Гісторыя іх адносінаў - гэта гісторыя барацьбы, рэпрэсыяў, асыміляцыі. Трэба памятаць, што ў выніку дзеяньняў маскоўскага войска ў 17-м стагодзьдзі была вынішчаная амаль палова насельніцтва тагачаснай Беларусі, а беларускія жаўнеры ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага два разы захоплівалі Маскву.
Сёньня Расея прачухалася ад шоку 1990-х гадоў, і гэта сёньня не дэмакратыя. Расея імкнецца "толькі браць", як заявіў Пуцін, што значыць - яна вяртаецца да старых імпэрскіх шляхоў. І гэтая палітыка нідзе так навідавоку, як у дачыненьні да Беларусі. Як заявіў адзін з аглядальнікаў афіцыйнай "Расейскай Газэты": "Калі ў 2005-м годзе ў Беларусі будзе ўведзеная "адзіная" валюта Расеі, гэта значыць, што Вялікая Расея адраджаецца!" Паглынаньне Беларусі, першай заплянаванай да пакарэньня дзяржавы, пагражае будучымі этнічнымі войнамі, нясе небясьпеку ўсім былым савецкім краінам, Эўропе і сьвету. Большасьць расейскага грамадзтва, расейскі істэблішмэнт супраць палагоджаньня з Захадам, і Пуцін мусіць круціцца між узаемна варожых фактараў у сваёй палітыцы. Ягонае становішча нагадвае становішча М. Гарбачова ў канцы 1980-х гадоў. І тут Беларусь ёсьць сур'ёзным выпрабаваньнем, лякмусаваю паперкаю на магчымасьць збудаваньня дэмакратыі ў Расеі, а пакуль усё гаворыць не на карысьць такога збудаваньня.
Амэрыканскі фактар, якому ўласна і прысьвечаны ўвесь даклад, можа і павінен адыграць найбольш значную пазытыўную ролю ў разьвіцьці Беларусі. Толькі ЗША найбольш пасьлядоўна і без кампрамісаў адстойваюць ва ўсім сьвеце ідэалы дэмакратыі, правы чалавека. ЗША - гэта адзіная краіна, здольная аказаць ціск і на Лукашэнку, і на Расею. ЗША маюць досьвед добрых адносінаў з Беларусьсю, калі С. Шушкевіч стаў адным зь першых пост-савецкіх кіраўнікоў, што наведалі ЗША, а Беларусь - адною зь першых пост-савецкіх краінаў, якую наведаў амэрыканскі прэзыдэнт. Аднак з Лукашэнкам усё памянялася. У верасьні 1995-га году быў зьбіты паветраны шар з двума амэрыканскімі спартоўцамі. Калі-б тады ЗША рэзка і рашуча адрэагавалі, гэта магло-б стрымліваць далейшыя крокі Лукашэнкі. На жаль, заяваў зроблена не было, а сем'і загінуўшых нават не атрымалі належнай кампэнсацыі. Увага да Беларусі зьявілася ў пэўным сэнсе запозна, толькі пасьля канцэнтрацыі Лукашэнкам абсалютовай улады. Разам з тым ЗША былі больш жорстка, чым Эўропа, настаўленыя да дзеяньняў Лукашэнкі. І ў апошні час, дзякуючы намаганьням кангрэсмэнаў і сэнатараў Гэлмса, Сьміта, МакКэйна, Кэмбэла, Гэйдэнсана, Лантэса, беларускае пытаньне рэальна стала пад разгляд амэрыканскага Кангрэсу. Прапанаваны Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі можа зрабіцца паваротным пунктам у найноўшай беларускай гісторыі, і дапамога Беларусі пяройдзе ў больш практычнае рэчышча. Трэба памятаць, што празь Беларусь ідуць нафта- і газаправоды, празь якія транспартуецца на Захад паліва, што дае вялізную частку нацыянальнага прыбытку Расеі. Беларусь нельга скідаць з рахункаў.
І Амэрыка можа зрабіць вельмі шмат - дапамагчы ўмацаваньню дэмакратыі, грамадзянскага супольніцтва, палітычных партыяў. Перадачы радыё на Беларусь мусяць павялічыцца, варта стварыць і тэлевізыйныя перадачы. Трэба дапамагчы незалежным медыям. Будзем спадзявацца, што гэта неўзабаве стане рэальнасьцю. У адказах на пытаньні прамоўца больш канкрэтна выказаўшыся пра дапамогу для Беларусі, перспэктывы дэмакратыі, месца беларускай культуры ў кансалідацыі нацыі. Наконт шанцаў для незалежнасьці Беларусі выступоўца адзначыў, што ён аптыміст. Прысутныя на сэмінары прадстаўнікі беларускай грамады актыўна скарысталі з нагоды задаць пытаньні й выказаць свае думкі. Варта адзначыць, што сэмінар прайшоў пры перапоўненай залі, што сьведчыць аб падвышэньні ўвагі да Беларусі сярод амэрыканскага грамадзтва.

Віталь ЗАЙКА

В Зайка і А Чарапанскі