СЯРЭДЗІЧ: НЯ ТРЭБА ДРАМАТЫЗАЦЫІ, БЕЛАРУСЬ БУДЗЕ ЖЫЦЬ!

МАРКЕВІЧ: СТАНОВІШЧА ЦЯЖКОЕ, АЛЕ БУДЗЕМ ЗМАГАЦЦА...

Сустрэча з рэдактарамі І. Сярэдзічам і М. Маркевічам у Нью Ёрку
9-га лютага ў Фундацыі Крэчэўскага адбыўся сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Падчас сходу адбылася сустрэча з рэдактарам газэты "Народная Воля" сп. Іосіфам Сярэдзічам (Менск) і рэдактарам газэты "Пагоня" сп. Міколам Маркевічам (Горадня). Яны прыехалі на запрашэньне Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека, каб азнаёміць амэрыканскія ўрадавыя ды праваахоўчыя арганізацыі са становішчам у галіне дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі.
Сустрэча праходзіла ў форме гутаркі, якую пачаў сп. Сярэдзіч. Ён распавёў пра сваё бачаньне становішча, у якім сёньня апынулася Беларусь, адзначыўшы, што шмат хто з палітыкаў і журналістаў без патрэбы занадта драматызуе сытуацыю. Нягледзячы на паразу апазыцыі на выбарах і пэўны спад палітычнае актыўнасьці жыцьцё працягваецца, і яно вымагае далейшай нялёгкай працы, мабілізацыі сілаў і мажлівасьцяў, пошуку новых палітычных шляхоў і тактычных крокаў. Сп. Сярэдзіч падрабязна спыніўся на аналізе апошніх прэзідэнцкіх выбараў у верасьні 2001 г. "Чаму не атрымалі перамогу? Давйце паглядзім. Толькі за паўтара месяцы пачалі шукаць лідэра. Шкада, канешне, што З. Пазьняк заўчасна пакінуў край, гэта не працуе ні на Пазьняка, ні на беларускую справу. Трэба было кінуць кліч пра вяртаньне Пазьняка. Гэты палітык свой патэнцыял далёка ня вычарпаў. Пры адпаведнай інтэнсыўнай працы, аб'яднаньні сілаў і намаганьняў апазыцыі Пазьняк быў бы адным з найлепшых кандыдатаў у прэзідэнты. Але: у рамках падрыхтоўкі да выбараў апазыцыя засяродзілася-б на штодзённай "чарнавой" працы, працы ў рэгіёнах, на выпрацоўцы яснай і прыцягальнай праграмы. Тое-ж фактычна тычыцца і С. Шарэцкага. Калі зьвязаліся зь ім, каб даць пра яго газэтны матарыял, прапанаваць вярнуцца да палітычнай дзейнасьці, вярнуцца на Бацькаўшчыну - размовы не атрымалася. А думалася, што ён мусіў-бы вярнуцца, як і шмат іншых дзеячоў - і Шушкевіч, і Пазьняк, і Навумчык. Гэтыя людзі зрабілі шмат. Але сёньня цэнтар працы - там, у Беларусі. Усім трэба вярнуцца і дапамагчы справамі, на месцы. "
Далей сп. Сярэдзіч адзначыў: "Праца лідара мусіць быць на бацькаўшчыне. Да таго-ж, каб перамагчы Лукашэнку, патрэбны лідэр з гэткай-жа сілай асабістага ўплыву на людзей, здольнасьцю пераканаць, прыцягнуць на свой бок, завалодаць увагай людзей. Каб прыехаў Пазьняк, каб заявіў пра сябе як кандыдат ў прэзідэнты, пайшоў ад хаты да хаты, з гораду ў горад - то зусім інакш запрацавалі-б групы падтрымкі, зусім па-іншаму ўспрынялі-б яго простыя выбарцы й усё насельніцтва. А так, хто заклікаў людзей, хто заходзіў у хаты, працаваў дзень і ноч, даводзячы да насельніцтва свае пляны й праграмы, мабілізуючы кожнага прыхільніка вольнай і незалежнай Беларусі? Па сутнасьці, ніхто ва ўвесь голас і не заклікаў. А праціўнікаў Лукашэнкі, тых што за незалежнасьць - па нашых гарадох і вёсках ня так і мала".
І яшчэ пра выбары: "Нажаль, канешне, нашыя людзі ў большасьці застаюцца абыякавыя да падзеяў, што адбываюцца навокал, у іхнай уласнай краіне. Каб у якой іншай дзяржаве грамадзкасьці стала вядомая такая інфармацыя, як тут у нас-пра эскадроны сьмерці, дык той рэжым быў бы зьмецены й кіраўнікам давялося-б адказваць за свае злачынствы. У нас маем тое, што ёсьць. Дзесяцігодзьдзі камунізму, Саветы, гулагі-вытравілі з нас самапавагу, а без яе мы - нішто. Сёньня пры ўладзе ў нас быдла. Няма чаго гаварыць, конюхі. А нам трэба сёньня шукаць сьцяг нацыі - лідара. Таму трэба працаваць, трэба яднацца, брацца за справу, выходзіць з пасьлявыбарчага адпачынку."
Сп. Сярэдзіч спыніўся на агульнай ацэнцы штодзённага жыцьця: "Як жывем мы ў Беларусі? Цяжка жывем. Ясная рэч. Але людзі нашыя жывучыя. Можа Бог падараваў нам гэтую жывучасьць. Усё супраць нашага чалавека - грошай ня плоцяць, падаткі дзяруць, кошты й кватэрную плату падвышаюць, а чалавек хоць крэхча, а жыве. Дзяржава сама сабе, а людзі самыя сабе. Вунь у маёй вёсцы на Палесьсі - з 250 двароў засталося 100, людзі ў бальшыні старэйшага ўзросту, моладзь павыязжджала. А ў Менску, гляньце - вылізаны прасьпэкт Скарыны, прыгожа апранутыя людзі, працуюць тэатры, кіно. Нацыя сама сябе балансуе - там выміраюць - тут нараджаюцца, недзе дэградуюць - недзе разьвіваюцца. Нешта губляем, нешта знаходзім. Раўнавагу трэба шукаць і рухаць яе ў станоўчы бок ."
Прамоўца таксама сказаў: " Але для Лукашэнкі зьмены ў сыстэме, зьяўленьне сапраўдных гаспадароў, уласьнікаў на зямлі - значыць аслабленьне ягонае ўлады. Таму, ня гледзячы на шматлікія прапановы рэформаў сельскай гаспадаркі, нягледзячы на сталае пагаршэньне эканамічнага становішча, Лукашэнка ня можа бяз "калектыўнай гаспадаркі". Разглядаюцца нават варыянты падпарадкаваньня аднаго калгасу другому, але ясна адно - паляпшэньняў у такой сыстэме не прадбачыцца, яна будзе "ляжаць", бо ня мае ніякай пэрспэктывы. Лукашэнка хоча грабці жар чужымі рукамі - прымушаць банкі выдаткоўваць новыя й новыя сродкі, выціскаць грошы на калгасы ў бізнэсмэнаў, але гэта ня можа працягвацца бясконца. Да таго-ж на Лукашэнку цісьне Масква, чыйму дзяржаўна-алігархічнаму капіталізму карціць увесьці ў нас свае правілы гульні й адкроіць сабе добры кавалак прыватызацыйнага пірагу або нават прыдбаць яго цалкам. І тут Лукашэнка хоцькі-няхоцькі робіцца прыхільнікам апляванай і патаптанай ім беларускай незалежнасьці, якую ён цэлы час ставіў на кон у гульнях з Расеяй. На ўзнаўленьне СССР ці нейкага іншага саюзу Лукашэнка ня пойдзе па той простай прычыне, што быць уладаром у асобнай, нават гэткай слабай, як сёнешняя РБ, дзяржаве, больш прывабна, чымсьці быць першым сакратаром якога Севера-западнага абкаму ці губкаму. Расейцы добра бачаць лукашэнкаву лёгіку й рэторыку ў пытаньнях гэтак званай "інтэграцыі", калі словы й справы істотна адрозьніваюцца, а пад шум размоваў пра саюзы рэжым у Беларусі качае сабе з Расеі таннае паліва. Напэўна, гэтае "інтэграцыйнае танго" расейцы даўно-б спынілі, каб не ваенны блёк і не спадзеў на захаваньне ў нас свайго стратэгічнага пляцдарму.
"Незалежнасьць, як відаць - факт незваротны, і гэта разумее самы зацяты масквафіл або камуніст. Складаней сытуацыя з беларускай культурай, і асабліва, зь беларускай мовай. За гады кіраваньня Лукашэнкі шмат паламана і зруйнавана, і гэтае руйнаваньне працягваецца. Ліквідуюцца беларускія школы й клясы, дзяржаўная падтрымка беларускай мовы стала зьмяншаецца, і дзякуючы анты-беларускім намаганьням дзяржаўных масавых сродкаў прэстыж беларускай мовы загнаны ў самы ніз. Але намаганьні людзей, нават асобна ўзятага чалавека, могуць рабіць справу". Нажаль, нашая апазыцыя ня вельмі гатовая да такой працы. Таму я, часам, лічу, што знаходжуся ў падвоенай апазыцыі - і да сёньняшняй улады ў Беларусі, і да некаторых апазыцыйных дзеячоў. Дзе праца ад хаты да хаты, дзе сур'ёзныя спробы давесьці свае думкі, пагляды, праграмы да максымальнай колькасьці людзей? Скажам мы, у "Народнай Волі", спрабуем рабіць справу на поўніцу, каб даць людзям як найболей інфармацыі пра падзеі ў Беларусі. І ўлады ацанілі гэта - на газэту заведзеныя дзьве крымінальныя справы, адна за тое, што надрукавалі заяву-зварот кіраўнікоў шырокай грамадзянскай кааліцыі, другая - за артыкул пра гандаль зброяй рэжыму Лукашэнкі з краінамі-парыямі. Але я думаю, што "Народная Воля" будзе жыць. Тыраж яе сёньня 37 тысяч, часамі 40-42 тысячы, а сьпэцвыпускі дасягаюць 200-400 тысяч. І мы будзем далей змагацца з рэжымам зброяй праўды, праз факты й разаблачэньні. Другая нашая задача - гэта асьветная праца. Пазьняк піша нам з Варшавы, з задавальненьнем друкуем ягоныя артыкулы. Калі мы возьмемся з усіх бакоў, усе разам, то пераможам."
Затым да прысутных зьвярнуўся рэдактар газэты "Пагоня" сп. Мікола Маркевіч. "Прывітаньне з Горадні! Я не такі аптыміст, як сп. Сярэдзіч, і лічу што ёсьць доля праўды ў лукашэнкавым вар'яцкім выказваньні: "Жыць беларусы будуць цяжка, але ня доўга". Пару год нас ужо меней за 10 мільёнаў, і бульба ў гэтым годзе не ўрадзіла, і па рэйтынгу Сусьветнага Банку Беларусь займае па эканамічна-фінансавых паказчыках 144-е месца ў сьвеце. Інфляцыя цяпер складае 46%, пенсіі каля 10 даляраў. Сяржант міліцыі зарабляе больш за настаўніка. У лістападзе 2001 году ўлады зачынілі газэту "Пагоня", скарыстаўшы, як прычыну, публікацыю ў жніўні артыкулу "Ідзем на выбары". Цікава, што крымінальная справа была заведзеная яшчэ тады, калі нумар нават ня выйшаў. Арыштаваны наклад, "выемку" накладу правёў сьледчы пракуратуры Альфрэд Танкевіч. Арыштавалі таксама 3 тоны паперы й грошы, пераведзеныя ў друкарню. Пачаліся допыты супрацоўнікаў рэдакцыі, і пачыналіся з пытаньняў, не зьвязаных з публікацыяй. Усё гэта - клясычная схема падаўленьня іншадумства. Калі ад'яжджаў у ЗША "органы" фільмавалі на відэа. Дома чакае чарговая позва на допыт да сьледчага. Цягаюць таксама намесьніка рэдактара П. Мажэйку. Справа заведзеная па артыкулу "Паклёп на прэзыдэнта РБ". Сьледчы цэлы час цісьне на жонку: "Дайце паказаньні". Пасьля 12-га лістапада, калі суддзя Жандараў (сымбалічнае імя!) вырашыў зачыніць газэту, і пра гэта стала вядома у сеціве, дык сталі прыходзіць шматлікія лісты падтрымкі з розных краінаў, нават зь Зімбабвэ. Наагул, праблемаў хапае. Але разам з тым, я ўпэўнены, калі возьмемся разам, то з нашага краю можна зрабіць прыгожую эўрапэйскую краіну."
Затым сп.сп. Сярэдзіч і Маркевіч адказалі на пытаньні прысутных. Сп. Маркевіч на пытаньне пра выдаткі адзначыў, што кожны месяц 450 даляраў ідзе на ўтрыманьне рэдактарскага бюро. Газэта, напэўна, пачне пры спрыяльных абставінах выходзіць праз некалькі тыдняў, як не - можа праз пару месяцаў, але будзе. Галоўнае цяпер - утрымаць калектыў, бо людзям трэба карміць сем'і. Сп. А. Шукелойць выказаў сваю думку пра ролю Амэрыкі й Заходняй Эўропы ў падтрымцы змаганьня супраць рэжыму Лукашэнкі й пра істотную розьніцу ў іхных падыходах. Далей размова зайшла пра лідэра, які найбольш падыходзіць, каб ачоліць апазыцыю. Сп. Сярэдзіч адзначыў сваю падтрымку Зянона Пазьняка, але заўважыў, што далёка ня ўсе гатовыя пагадзіцца на тое, каб ён стаў лідэрам усёй апазыцыі рэжыму. М. Статкевіч - своекарысьлівы й няздольны да супрацоўніцтва, С. Домаш - без ініцыятывы, згубіў рэпутацыю саступкай кандыдыцтва Ганчарыку, які таксама мае малую падтрымку пасьля выбараў. Сп. Маркевіч адзначыў, што на сёньня лідара няма, і ён нават не праглядаецца сярод вядомых палітыкаў. Але расьце новае пакаленьне і, безумоўна, жыцьцё высуне новых лідараў. Далей гутарка зайшла пра беларускую мову, пра адукацыю на беларускай мове. Сп. Маркевіч адзначыў, што пры Лукашэнку беларуская мова ня мае ніякіх пэрспэктываў. У Горадні сем гадоў таму 70% школаў былі беларускамоўныя, сёньня - ніводнай. Каб аддаць дзіця ў беларускую клясу ў Беларусі, трэба хадзіць абіваць парогі. Сп. Сярэдзіч дадаў, што ад кожнага залежыць змагацца прыватным парадкам, патрабаваць, яднацца ў бацькоўскія камітэты.
Потым госьці закранулі пытаньне выбараў у, так званы, "саюзны" парлямант. Сп. Маркевіч заўважыў, што галоўная навука з мінулых выбараў і наагул з апошніх гадоў - гэта ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах, дасканаліць палітычныя здольнасьці асобаў і партыяў, прайграе той, хто не змагаецца. Сп. Сярэдзіч не пагадзіўся, заўважыўшы, што ў "саюзным парляманце" дэпутаты могуць сваімі рукамі выкапаць яму для беларускай незалежнасьці. Прамоўцы спыніліся на асобах прадстаўніка АБСЭ ў Беларусі Г.Віка, М. Статкевіча, на будучыні Лукашэнкі, адказалі на іншыя пытаньні прысутных.
Віталь Зайка