СТУДЗЕНЬСКІ СХОД І КАЛЯДНАЯ ІМПРЭЗА НЬЮ ЁРСКАГА АДДЗЕЛУ БАЗА
У суботу 11-га студзеня 2003-га году ў грамадзкай залі пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага адбыўся сход аддзелу, а таксама калядная імпрэза, ладжаная разам з парафіяльнаю радаю Сабору.
Напачатку старшыня нью ёрскага аддзелу сп. Віталь Зайка павіншаваў прысутных з Новым годам і Каляднымі сьвятамі, пажадаў здароў'я, аптымізму і сілаў для далейшае працы на карысьць агульнае справы й Бацькаўшчыны.
Затым выступоўца паінфармаваў прысутных пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц. Сярод заўважных падзеяў былі ўзгаданыя пажар у Нясьвіжскім палацы дзеля нядбайнасьці рэстаўратараў; працяг Лукашэнкам спробаў стварыць дзяржаўную ідэалёгію на падставе прынцыпаў Расейскай праваслаўнай царквы; маючая адбыцца ў Беларусі перарэгістрацыя ўсіх рэлігійных арганізацыяў і суполак; чарговы акт вандалізму ў Курапатах; падрыхтоўка рэжымам зьменаў у беларускім правапісе; аднаўленьне мандату Місыі АБСЭ; спыненьне рэтрансьляцыі шэрагу радыёпраграмаў з Расеі; высечка лесу ў запаведнай Белавежскай пушчы.
Пасьля гэтага слова ўзяла сп-ня Валянціна Якімовіч, якая распавяла прысутным пра старадаўнія традыцыі сьвяткаваньня Калядаў і пра свой досьвед калядаваньня, пра валачобны абрад.
Імправізаваны хор пад кіраўніцтвам сп-ні Алы Орса-Романо хораша выканаў разам з прысутнымі шэраг сьпеваў, сярод якіх былі калядкі "Неба і Зямля", "Саўка ды Грышка", сусьветна вядомая калядная песьня "Ціхая Ноч, Сьвятая Ноч" у беларускім перакладзе. Падглядаючы часам у раскладзеныя на сталах тэксты песьняў з нотамі, прысутныя весела падцягвалі калядныя сьпевы.
Затым усе актыўна далучыліся да калядных гульняў, дзе рэй вяла сп-ня В. Якімовіч. Усе з энтузыязмам сьпявалі валачобныя калядкі й хадзілі ў карагодах. Прагучалі сьпевы "Шчодры вячор, добры вячор", "Ой, Калядачкі, вы прыдзіце к нам".
Сп-чня Ксеня Капытка прыгожа прачытала верш "Дзядуля Каляда".
Адбылася сьвяточная лятарэя, на якой галоўны прыз выйграў сп. Вячка Станкевіч. Прыбытак ад лятарэі пайшоў на падтрымку выданьня газэты "Беларус".
Для гасьцёў быў падрыхтаваны шчодры пачастунак з беларускіх нацыянальных страваў, добрага віна ды іншых трункаў. Усе да ночы танчылі пад беларускія традыцыйныя ды папулярныя мэлёдыі й сьпевы.
На сход ды імпрэзу прыйшло больш за 70 чалавек, сярод якіх было шмат моладзі й тых, хто ўпершыню завітаў на імпрэзу аддзелу БАЗА.
Шчырая падзяка за цудоўную падрыхтоўку імпрэзы належыцца спн.сп. Але Орса-Романо, Валянціне Якімовіч, Тацьцяне Красоўскай, Валеру Дворніку, Аляксандры Лістоўскай, Сяргею Пятровічу ды інш.

Віталь ЗАЙКА