ЛЮТАЎСКІ СХОДН НЬЮ ЁРСКАГА АДДЗЕЛУ БАЗА
Чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 8-га лютага. Напачатку з паведамленьнем аб паездцы дэлегацыі беларускай дыяспары ў Вашынгтон і аб падзеях у Беларусі за апошні месяц выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ен паінфармаваў прысутных пра пытаньні, што разглядаліся з прадстаўнікамі амэрыканскіх уладаў, адзначыў плён паездкі й падкрэсьліў неабходнасьць пашырэньня і ўзмацненьня такіх кантактаў. Далей прамоўца распавёў пра сытуацыю ў Беларусі. Найбольшую небясьпеку яе незалежнасьці нясуць інтэграцыйныя гульні Лукашэнкі, пляны па скасаваньні нацыянальнай валюты й увядзеньні расейскага рубля, што сарамліва завецца "стварэньнем адзінай валюты". Рэжым Лукашэнкі заявіў пра акцыянаваньне "Белтрансгазу" і ўвядзеньне безнаяўнага расейскага рубля ўжо ў ліпені. Як адзін з асноўных атрыбутаў незалежнасьці, свая валюта - гэтак-жа як свой урад, дзяржаўныя межы, войска, амбасады, свая дзяржаўная мова і г.д. - адрозьнівае свабодны край ад паняволенага.
Далей сп. Зайка паведаміў пра "Адкрыты ліст да беларускага народу" Старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвіла. Яна заклікае ўсіх беларусаў напярэдадні 85-й гадавіны Акту 25-га Сакавіка сказаць сьвету, што воля і незалежнасьць Беларусі не падлягаюць ніякаму гандлю і шантажу. Далей прамоўца распавёў пра ўзнаўленьне дзейнасьці АБСЭ ў Беларусі, пра гульню вакол міграцыйных картак для грамадзянаў Беларусі ў Расеі, аб працы над канстытуцыяй г.зв. "саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі", кіраваць якою, ясна, будзе Расея. Сярод іншых навінаў былі ўзгаданыя махлярствы рэжыму пры падрыхтоўцы да мясцовых выбараў, пра адмову рэгістраваць кандыдатаў ад апазыцыі. Цікава, што адзін з пасьлядоўных прыхільнікаў удзелу ва ўсіх выбарах, старшыня партыі сацыял-дэмакратаў "Народная Грамада" М. Статкевіч гэтым разам выказаўся пра магчымасьць байкоту.
Потым адбылася першая лекцыя з цыклю гутарак і лекцыяў пра выбітных дзеячоў беларускай грамады ў Амэрыцы. Сп. Вячка Станкевіч распавёў пра свайго бацьку Янку Станкевіча (1891-1976), выдатнага грамадзкага дзеяча, мовазнаўцу, перакладчыка Бібліі на беларускую мову. Напачатку было адзначана, што менавіта з дапамогаю Янкі Станкевіча ў 1949-м годзе ў памешканьні на 100-й вуліцы ў гішпанскім Гарлеме ў Нью Ерку было заснаванае Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне. Гаворачы аб маладых гадох Янкі Станкевіча, прамоўца адзначыў, што ён пачаў грамадзкую дзейнасьць у 16 гадоў, распаўсюджваючы на Віленшчыне газэту "Наша Ніва". Я. Станкевіч паходзіў зь вёскі Арляняты на Ашмяншчыне, што дала шмат беларускіх дзеячоў з такім-жа прозьвішчам. Перад 1-ю Сусьветнаю вайною Я. Станкевіч далучыўся да рэдакцыі "Нашай Нівы". З пачаткам вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска. Адзін час, будучы ў Казані, Станкевіч выкладаў беларускую гісторыю і культуру беларускім уцекачам з прыфрантовай зоны, якіх расейскія казакі выганялі сілком, часта ўжываючы рабункі й гвалты. Станкевіч ваяваў на Румынскім фронце, трапіў у аўстрыйскі палон. Пасьля вайны ён вяртаецца на Віленшчыну, што апынулася пад Польшчаю, наладжвае беларускую нацыянальную працу, школьніцтва, супрацоўнічае з летувіскімі дзеячамі , адстойваючы правы беларусаў у польскай квазі-дзяржаве - "Сярэдняй Літве". Завяршыўшы сярэднюю асьвету ўжо ў сталым узросьце ў Віленскай беларускай гімназіі, Станкевіч выехаў на вучобу ў Карлаў унівэрсітэт у Прагу. На пачатку 1920-х гадоў, для жыхароў Заходняй Беларусі была магчымасьць атрымліваць адукацыю, карыстаючы з стыпэндыяў выданых па прапанове прэзыдэнта Чэхаславакіі Тамаша Масарыка. Тады ў Празе знаходзіўся ўрад БНР, вучыліся І. Дварчанін, У. Жылка, А. Орса, Я. Геніюш ды шмат іншых беларусаў. Атрымаўшы ступень доктара філялёгіі за працу аб гісторыі беларускай мовы на падставе мовы Аль-Кітабаў, пісаных арабскімі літарамі па-беларуску ("арабіца"), Станкевіч вяртаецца ў Беларусь, пачынае выкладчыцкую дзейнасьць. У 1928-м гадзе ён быў абраны паслом ад лідзкай акругі ў польскі сойм. Пасьля разгону Сойму зноў узяўся за выкладаньне. Калі пачалася 2-я Сусьветная вайна, Станкевіч быў арыштаваны польскімі ўладамі як ненадзейны элемент, потым трапіў у Вільню, занятую летувісамі, а як прыйшлі Саветы, уцёк ў Варшаву. З 1941-га году зноў у Беларусі, займаўся школьніцтвам і выдавецкай дзейнасьцю. У 1944-м годзе падаўся на Захад, жыў у ДП-лягерох, а ў 1949-м годзе прыехаў у Нью Ерк. Тут займаўся грамадзкаю працаю, выдавецкай дзейнасьцю, пераклаў па-беларуску Біблію. Сваю маёмасьць пакінуў адмысловай фундацыі, якая мела пасьмяротна выдаць ягоныя творы. Сп. Вячка Станкевіч паказаў кнігі, напісаныя бацькам. Прысутныя агледзелі фатаздымкі, зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю.
Потым са сваімі ўспамінамі аб Янку Станкевічу выступіў сп. Антон Шукелойць. Ен прыгадаў сваю першую сустрэчу з Я. Станкевічам у Ашмяне, калі вучням 6-й клясы гімназыі, прыйшоў на паседжаньне нелегальнага беларускага гуртка. Тады Я. Станкевіч, едучы зь Вільні ў Арляняты, заехаў у Ашмяну і прачытаў рэфэрат аб Аль-Кітабе. Пасьля, паступіўшы на аддзяленьне славянскай філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту, сп. Шукелойць слухаў курс беларускай мовы, выкладаны Я. Станкевічам. Сп. Шукелойць адзначыў высілак Станкевіча па ўвядзеньні ў зварот гістарычнага слова-звароту "спадар" (датуль у беларускім асяродку ўжывалася "пан" або "грамадзянін"). Але найважнейшым фактам у дзейнасьці Я. Станкевіча быў удзел у прыняцьці Акту 25-га Сакавіка. У тыя часы ідэя незалежнасьці не была простаю і яснаю, як мы бачым яе сёньня. Аднак самаадданая праца братоў Івана і Антона Луцкевічаў, іншых перакананых у патрэбе незалежнасьці беларусаў дала свой плён. Сярод прысутных актывістаў, падтрымаўшых абвешчаньне незалежнасьці, быў і Янка Станкевіч, які ўжо тады выдзяляўся зацятасьцю і адданасьцю беларускай справе. Наступныя сустрэчы сп. А. Шукелойця з Я. Станкевічам былі ў Менску падчас нямецкай акупацыі, калі Я. Станкевіч падтрымоўваў дзейнасьць Беларускай Незалежніцкай Партыі, якую ўзначаліў Вацлаў Іваноўскі. Потым спаткаліся ўжо ў Нью Ерку, калі Я. Станкевіч сустрэў прыбыўшага з Эўропы А. Шукелойця і адвёз у прыгатаванае жытло. Затым была сумесная праца па арганізацыі беларускага грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. Сп. Шукелойць нагадаў, што Я. Станкевіч быў працяглы час віцэ-старшынём БАЗА, супрацоўнічаў у розных праектах - Беларускага навуковага таварыства імя Ф. Скарыны, выдаваў часапіс "Веда". Ен падрыхтаваў для нейкага амэрыканскага інстытуту граматыку беларускай мовы, якую варта было-б адшукаць.
Сп. Франціш Бартуль падзяліўся ўспамінам аб сустрэчы з Я. Станкевічам у 1944-м годзе ў Вільні, дзе той знаходзіўся разам з В. Тумашам, В. Жук-Грышкевічам ды іншымі дзеячамі. Тая сустрэча моцна паўплывала на самаўсьведамленьня сп. Ф. Бартуля як беларуса.
Прысутныя мелі магчымасьць набыць творы Я. Станкевіча.
Затым у разьдзеле "Рознае" прагучалі аб'явы й паведамленьні, адбылося знаёмства з маладымі людзямі, якія ўпершыню прыйшлі на паседжаньне аддзелу. Прысутныя павіншавалі двух сябраў аддзелу, што здабылі афіцыйны статус у ЗША. Потым удзельнікі сходу перайшлі да шчодра накрытага стола, дзе ў неафіцыйнай атмасфэры працягвалася калегаваньне.

Віталь ЗАЙКА