САКАВІЦКІ СХОД НЬЮ ЁРСКАГА АДДЗЕЛУ БАЗА
У суботу 8-га сакавіка ў Фундацыі Крэчэўскага прайшоў чарговы сход аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. В. Зайка даў інфармацыю аб падзеях у Беларусі за апошні месяц. Затым прайшла вечарына, прысьвечаная выдатнай беларускай паэтцы Натальлі Арсеньневай (1903-1997). З успамінамі пра яе выступілі слаўныя дзеячы беларускай грамады ў Амэрыцы сп. Вітаўт Кіпель і сп. Янка Запруднік, і прагучала адмыслова напісаная для імпрэзы нізка ўспамінаў пра Арсеньневу спн. Зоры Кіпель, якая, на жаль, з прычыны нездароўя не змагла прыехаць на вечарыну.
Сп. В. Кіпель адзначыў, што ўпершыню пабачыў Натальлю Арсеньневу ў ваенным Менску, на розных культурніцкіх імпрэзах, зь якіх асабліва запомніліся Дажынкі ўвосень 1943-га году, калі па вуліцах было наладжанае шэсьце моладзі ў нацыянальных строях са сьпевамі й музыкай, у першых шэрагах якога ішла Натальля Арсеньнева. Бліжэйшае знаёмства адбылося ў пасьляваенны час, у ДыПі-лягеры ў Рэгенсбургу. Да рэчы, Арсеньнева ўзгадала В. Кіпеля і ягонае выкананьне ролі Кастуся Каліноўскага на адной з імпрэзаў у сваіх успамінах. Калі паўстаў беларускі скаўцкі рух, Арсеньнева стала адною зь першых асобаў, якія дапамагалі скаўтынгу. Яна ахвотна пісалі п'есы, вершы, рабіла пераклады. Яна - аўтарка беларускага скаўцкага гімну "Ваўчкі". Пазьней, ужо ў Амэрыцы, давялося разам працаваць у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва (БІНіМ), дзе Н. Арсеньнева была працяглы час сакратаром. Яна брала ўдзел у выдавецкай і рэдакцыйнай дзейнасьці Інстытуту, спрычынілася да выхаду сэрыі кніжак БІНіМу, выдадзеных у Мюнхене: "Новая зямля" Я. Коласа, "Спадчына" Я. Купалы, "Запіскі Самсона Самасуя" А. Мрыя, выбраныя творы А. Гаруна ды іншае. Тады вялася дыскусыя, якою моваю мусяць выходзіць выданьні БІНіМу, ангельскай ці беларускай. Арсеньнева была ў ліку тых, хто выступаў за выданьне па-беларуску. Безумоўна, Арсеньнева працягвала пісаць вершы. Яны выходзілі ва ўсіх замежных беларускіх перыядычных выданьнях, у тым ліку ў літаратурным часапісе "Конадні". Паэткі такой сілы й пранікнёнасьці сярод беларускіх літаратурных сілаў на эміграцыі ды на беларускім Парнасе наагул - не было. Яна з энэргіяй брала ўдзел ва ўсіх імпрэзах беларускай грамады Паўночнай Амэрыкі, жыва цікавілася літаратурнымі справамі на паняволенай расейскімі камуністамі бацькаўшчыне. У БІНіМе выйшаў найбольш поўны збор твораў Натальлі Арсеньневай "Між берагамі", першым у сэрыі "Беларускія паэты й пісьменьнікі на эміграцыі". Пасьля краху камунізму ў 1991-м годзе Н. Арсеньнева атрымлівала шмат лістоў ад прыхільнікаў зь Беларусі, і яна вельмі эмацыйна ўспрымала тое, што яе не забыліся на Бацькаўшчыне. Цікава, што ў адной са школаў на Маладэчаншчыне, дзе Натальля Арсеньнева паўгады працавала настаўніцаю перад пачаткам вайны ў 1941-м годзе, была створаная сталая экспазыцыя, прысьвечаная паэтцы. На жаль, з чыста палітычных прычынаў, сапраўднага поўнага прызнаньня творчасьці Натальлі Арсеньневай у Беларусі яшчэ не адбылося, яе творы выкідаюцца са школьных падручнікаў, яе імя зноў выкрэсьліваецца зь гісторыі беларускай літаратуры.Таму для нас на эміграцыі так важна захаваць памяць і творчасьць паэткі й годна адзначыць ейны 100-гадовы юбілей, што прыпадае на верасень сёлета.
Затым перад прысутнымі выступіў сп. Янка Запруднік, які пачаў словамі пра тое, што беларусы - нацыя паэтаў, і калі няма войска і гарматаў бараніць краіну ад вынішчальнікаў, чужых і сваіх - тады яе бароняць паэты. На паэтах трымаецца Беларусь, і сярод гэтых паэтаў назаўсёды застанецца ў гісторы і ў нашых сэрцах Натальля Арсеньнева. Сп. Запруднік падзяліўся сваімі ўспамінамі пра Н. Арсеньневу з часоў сумеснай працы на "Радыё Свабода". Упершыню голас Арсеньневай і яе вершы прагучалі на хвалях "Радыё Свабода" ў перадачы з сэрыі "Беларускія эмігранцкія пісьменьнікі перад мікрафонам", у 1963-м годзе. Тады разам з іншымі быў прачытаны толькі што напісаны верш "Мой скарб". Затым Арсеньнева паступіла на працу ў Беларускую рэдакцыю "Радыё Свабода" і цалкам аддавала сябе справе, якую палюбіла. Калі паўстала пытаньне, накінутае высокім кіраўніцтвам, каб увесьці ва ўжытак на "Радыё Свабода" савецкую норму беларускай мовы (быццам лепш зразумелую савецкаму насельніцтву), Н. Арсеньнева разам з іншымі супрацоўнікамі стала на абарону мовы. Камуністычная прапаганда заўважыла і "ацаніла" працу Арсеньневай і ейныя вершы. Адказы на яе выступы, артыкулы пра Арсеньневу, а таксама ейнага мужа, Францішка Кушаля, з адпаведным паклёпніцкім абразьлівым зьместам, часта зьяўляліся на бачынах падсавецкіх беларускіх і маскоўскіх газэтаў. Паэтка працавала таксама ў Камітэце вызваленьня ад бальшавізму. Арсеньнева цешылася любоўю і адданасьцю прыхільнікаў сваёй творчасьці, спадзявалася, што яе вершы даходзяць да сэрцаў людзей на паняволенай Бацькаўшчыне. У 1967-м годзе з прычыны раптоўнай сьмерці сынавай жонкі, Арсеньнева мусіла пераехаць у Рочэстар дапамагчы сыну гадаваць двух малых дзяцей.
З працай на радыё і з паплечнікамі прыйшлося разьвітацца, але яе праца на карысьць Беларусі працягвалася. Прасякнутая да шпіку касьці беларускаю справаю, Натальля Арсеньнева ўжо праз адно сваё аўтарства беларускага рэлігійнага гімну "Магутны Божа" забясьпечыла сабе месца ў пантэоне беларускіх прарокаў, а зрабіла-ж яна і напісала непараўнальна больш. Моладзь мусіць ведаць яе творчасьць і вучыцца ў яе. Ейная паэзія, што запала ў нашыя сэрцы, ейная грамадзкая ахвярнасьць будуць абуджаць любоў да Беларусі й уздымаць на змаганьне новыя пакаленьні. Стагодзьдзе нараджэньня паэткі мусіць спрычыніцца да найшырэйшай папулярызацыі паэзіі й жыцьця Натальлі Арсеньневай, беларускай патрыёткі й грамадзянкі.
Перад прысутнымі выступіў таксама госьць, старшыня Таварыства Беларускай Мовы на Віцебшчыне сп. Іосіф Навумчык, які распавёў пра падзеі з культурнага і грамадзкага жыцьця Беларусі й Віцебшчыны, пра падрыхтоўку да сьвяткаваньня 100-х угодкаў Н. Арсеньневай. Сп. І. Навумчык прэзэнтаваў аддзелу БАЗА новую кнігу клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Дубоўкі, выдадзеную з дапамогаю ТБМ, у якую ўвайшлі многія творы гэтага рэпрэсаванага ў сталінскія часы паэта, што не друкаваліся з 1920-1930-х гадоў.
Пасьля сходу адбыліся, як заўсёды, таварыскія гутаркі пры каве й прысмаках.

Віталь ЗАЙКА

Успаміны пра Натальлю Арсеньневу спн. Зоры Кіпель, сп. сп. Вітаўта Кіпеля і Янкі Запрудніка чытайце ў наступным нумары.