Жнівеньскі сход аддзелу БАЗА
9-га жніўня прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку з паведамленьнем пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ен паведаміў прысутным пра змаганьне за Гуманітарны ліцэй у Менску, пра ўзнаўленьне захадаў аб скасаваньні беларускай нацыянальнай валюты, падрыхтоўку рэжымам рэферэндуму, зьнішчэньне беларускамоўнай адукацыі. Прамоўца таксама паінфармаваў прысутных аб сустрэчы ў Вашынгтоне прадстаўнікоў беларускай грамады Амэрыкі з новапрызначаным амбасадарам ЗША ў Беларусі сп. Джорджам Кролам.
Затым з аналізам апошніх падзеяў у Беларусі й тлумачэньнем неабходнасьці байкоту плянуемага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне прэзыдэнцтва і т. зв. канстытуцыйным акце саюзнай дзяржавы выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Затым ён спыніўся на пытаньні палітычнай эміграцыі й адзначыў, што беларусы робяцца сусьветнай нацыяй, бо сёньня жывуць на ўсіх кантынэнтах. І тут трэба ўлічваць шэраг момантаў і дэкляраваць пастуляты, безь якіх немагчыма захаваць нацыянальную культуру, лучнасьць з сваімі каранямі. Гэта беларуская нацыянальная ідэя, карыстаньне беларускай мовай. Мова - важнейшы сродак культуры, заваёва шматлікіх пакаленьняў, скарбонка адмысловасьці й памяці роду. Таксама важным ёсьць яднаньне беларусаў, далучэньне да існуючых і стварэньне новых арганізацыяў. І арганізацыі мусяць быць як культурніцкія, так і палітычныя, і менавіта палітычныя арганізацыі - вышэйшы ўзровень супольнай дзейнасьці й праява беларускай салідарнасьці. У грамадзкай дзейнасьці неабходная салідарнасьць як асобаў, так і арганізацыяў. Важнаю зьяўляецца сувязь з Айчынай, падтрымка там культурных і асьветных праектаў, кнігавыданьня, а таксама падтрымка змаганьня супраць рэжыму Лукашэнкі.
Сакратар аддзелу БАЗА Валянціна Якімовіч ад імя прысутных і сяброў арганізацыі павіншавала Старшыню Галоўнай Управы БАЗА сп. Антона Шукелойця зь днём народзінаў, паднесла кветкі. Сп. Шукелойць узяў слова і, падзякаваўшы за віншаваньні, падзяліўся сваімі развагамі пра ролю і задачы беларускай эміграцыі ў сёньняшнім сьвеце, пра разьвіцьцё Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і пра бягучыя падзеі ў Беларусі.
Напрыканцы сходу адбылося знаёмства з гасьцямі аддзелу, а сяброўская гамонка пры кубку кавы ды прысмаках працягвалася яшчэ не адную гадзіну.
Віталь ЗАЙКА