Верасьнеўскі сход аддзелу БАЗА
Чарговы сход аддзелу БАЗА адбыўся 13-га верасьня. Старшыня аддзелу сп. В. Зайка азнаёміў прысутных з бягучымі падзеямі ў Беларусі ды ў жыцьці аддзелу за апошні месяц, у прыватнасьці, закрануўшы падзеі г. зв. "газавага крызісу" і становішча з навучаньнем студэнтаў зачыненага Гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа.
Затым са сваімі ўражаньнямі пра паездку ў Беларусь выступіў сябар управы аддзелу сп. Зьміцер Левіт. Ен закрануў увядзеньне новых грашовых пабораў для грамадзянаў ЗША - былых жыхароў Беларусі ў кансуляце Беларусі пры атрыманьні візы, што можа выліцца ў значную суму, асабліва калі едзе сям'я. Новыя аплаты ўлучаюць прымусовую адмову ад грамадзянства Беларусі й штраф за нерэгістрацыю пры кансуляце Беларусі па прыезьдзе на сталае жыхарства ў ЗША. Сп. Левіт распавёў пра вынікі русыфікацыі й цалкавітае выцясьненьне беларускай мовы з афіцыйнага і грамадзкага ўжытку, зь якім сутыкнуўся ў Менску, параўнаўшы з становішчам напачатку 1990-х гадоў. Ен адзначыў, што ня даў рады знайсьці хаця-б адзіны рэстаран, дзе меню і аблугоўваньне былі-б па беларуску. Улады ажыцьцяўляюць кантроль над гэтым, насылаючы з мэтай ціску праверкі й камісіі ва ўстановы, дзе ўжываецца беларуская мова і зьбіраюцца беларускамоўная кліенты. Ненайлепш справа выглядае са стаўленьнем да беларускай мовы ў амбасадзе ЗША ў Менску, дзе ўжываюцца толькі расейская і ангельская, уся інфармацыя і аб'явы даюцца па-расейску, напрыклад, такая вось пярліна: "Вход в Посольство Соединённых Штатов - с улицы Коммунистической". Сп. Левіт на сваё пытаньне, чаму амбасада ігнаруе беларускую, атрымаў у адказ: "Тут усе так гавораць!" і спасылку на беларускі Закон аб мовах (!?-Амбасада экстэрытарыяльная да мясцовых законаў). Сп. Левіт па выніках гэтай размовы зьвязаўся з прадстаўнікамі Дзярждэпартаманту ЗША. Сп. Левіт распавёў пра навучэнцаў ліцэю, на занятках якіх пад адкрытым небам ён быў прысутны, пра сустрэчы зь беларускімі культурнымі й палітычнымі дзеячамі ў БНФ, ТБМ, рэдакцыі "Нашай Нівы". Ад размоваў з знаёмымі склалася ўражаньне, што падтрымка рэжыму сярод насельніцва няўхільна слабее, але яно пакуль не гатовае актыўна патрабаваць зьменаў. Разам з тым шмат людзей актыўна працуюць на карысьць Беларусі, і ў агуле ўражаньне З. Левіта ад паездкі - аптымістычнае.
Затым выступіў старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ен адзначыў, што сапраўды ў грамадстве пануе апатыя. І таму небясьпека палягае не столькі ў тым, што зробіць Масква або што зробіць Лукашэнка, але ў тым, што няма жаданьня ў людзей прыняць адказнасьць за свой уласны лёс, няма духу салідарнасьці, людзі ня ведаюць, што ім трэба. Разам з тым моладзь, што ня памятае савецкіх часоў і што атрымала адукацыю ў першыя гады незалежнасьці, не прымае палітыку рэжыму, як не прымаюць яе ўсе, хто можа хоць трохі аналізаваць падзеі ў Беларусі, умовы свайго жыцьця. І гэта дае падставы для аптымізму, вымагае працы, пошуку новых падыходаў. Самае дрэннае - гэта маўчаць. Сп. Пазьняк спыніўся на апошняй "пікіроўцы" паміж Лукашэнкам і Пуцінам, даў аналіз раскладу сілаў у расейскіх палітычных колах і перспэктывы т. зв. "інтэграцыі" Беларусі й Расеі.
Сп. Пазьняк таксама паінфармаваў пра дзейнасьць Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, пра пляны падрыхтоўкі ўмоваў дэнансацыі злачынных пагадненьняў рэжыму з Расеяй 1999-га году, узбуджэньня судовай справы як у Расеі, так і ў Міжнародным судзе ў Страсбуры. Ен таксама патлумачыў неабходнасьць байкоту рэфэрэндуму, які рыхтуе рэжым. Затым у разьдзеле "Рознае" прагучалі аб'явы й інфармацыі, прысутныя пазнаёміліся з гасьцямі аддзелу. Пасьля у неафіцыйнай частцы прысутныя маглі калегавацца з землякамі пры кубку кавы й прысмаках.
Віталь ЗАЙКА