Кастрычніцкі сход аддзелу БАЗА
Чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА адбыўся 11-га кастрычніка. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі за апошні месяц. Сярод падзеяў былі ўзгаданыя працяг канфлікту вакол Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, наступ на незалежныя прафсаюзы, крокі рэжыму па ліквідацыі недзяржаўных арганізацыяў, чарговы прыступ валтузьні вакол так званай "саюзнай дзяржавы" і канфлікт, зьвязаны з спробамі Расеі падвысіць для Беларусі кошты на газ. Прамоўца паінфармаваў таксама пра падзеі з жыцьця беларускіх арганізацыяў у ЗША, у тым ліку - Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Затым з паведамленьнем пра выхад у сьвет двух важных выданьняў , што тычацца беларускай эміграцыі, выступіў старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антон Шукелойць. Сп. Шукелойць адзначыў, што выхад кніг, падрыхтаваных з удзелам д-ра Вітаўта Кіпеля: даведніка "Беларусаведны друк на Захадзе" і зборніка працаў Антона Адамовіча ёсьць важная падзея ў жыцьці ня толькі беларускай грамады ў Амэрыцы й на эміграцыі наагул, але таксама і Беларусі. Даведнік пра беларусаведны друк - першая частка працы, другі том якой прысьвечаны беларускім перыёдыкам, што выходзілі па-за межамі Беларусі. Том пісьменьніка і навукоўца Антона Адамовіча - таксама першы ў зборы ягоных твораў, і сярод наступных выпускаў, між іншага, будуць працы з гісторыі палітычнай думкі ў Беларусі. Абедзьве кнігі асьвятляюць разнастайныя аспэкты гісторыі й культуры Беларусі, што доўгія гады замоўчваліся на Бацькаўшчыне, і гэтыя публікацыі даюць магчымасьць як навукоўцам, так і кожнаму, што цікавіцца сваім краем, знайсьці шмат інфармацыі ў разнастайных галінах.
Затым сп. А. Шукелойць на просьбу прысутных распавёў пра выбітнага беларускага літаратара, гісторыка, гарамадзкага і палітычнага дзеяча Антона Адамовіча, які адыйшоў у вечнасьць некалькі гадоў назад. Сп. Шукелойць адзначыў, што добра ведаў Адамовіча ад часоў сумеснай працы вайною ў Менску і потым на эміграцыі. Антон Адамовіч нарадзіўся ў Менску ў 1909-м годзе, з 11 год браў удзел у працы беларускіх арганізацыяў, вучыўся на курсах беларусаведы акадэміка Карскага, а потым - у настаўніцкім тэхнікуме імя У. Ігнатоўскага. Актыўна супрацоўнічаў у літаратурных суполках, быў сябрам "Узвышша". У 1930-м годзе быў арыштаваны ГПУ нібы як сябар мітычнага Саюзу Вызваленьня Беларусі, і высланы зь Беларусі. Падчас вайны Адамовіч апынуўся ў Менску, браў удзел у працы беларускіх арганізацыяў, што спрабавалі наладзіць супрацьдзеяньне як нямецкім, так і савецкім акупантам на беларускай зямлі. Як літаратурны рэдактар, А. Адамовіч прапускаў творы, што мелі анты-нямецкі зьмест, быў адным з арганізатараў Беларускай Незалежніцкай Партыі. Патрыятычная дзейнасьць яго не падабалася і савецкім партызанам, што спрабавалі арганізаваць забойства, падклаўшы ў стол бомбу, і яму цудам удалося ўратавацца. На эміграцыі Адамовіч вёў адданую грамадзкую працу, працаваў у галіне літаратуразнаўства і гісторыі. Ен напісаў шмат працаў, якія толькі цяпер зьўляюцца разам пад адной вокладкай. Дзейнасьць Адамовіча пакінула значны сьлед у гісторыі беларускай эміграцыі.
Затым адбылося знаёмства з гасьцямі аддзелу, прагучалі аб'явы. Шэраг людзей выказалі жаданьне стаць сябрамі аддзелу. Сяброўскія размовы працягваліся ў нефармальнай атмасфэры за кубкам кавы.
Віталь ЗАЙКА