Сьнежаньскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ерку
Чарговы сход нью ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня прайшоў 13-га сьнежня. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка зрабіў агляд падзеяў у Беларусі за апошні месяц. У прыватнасьці ён распавёў пра перамовы паміж урадамі Беларусі й Расеі ў справе кошту на газ і прыватызацыі канцэрну "Белтрансгаз", на які прэтэндуе расейская манаполія "Газпрам". Таксама быў закрануты візыт у Менск прадстаўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдаса, які наведаў Беларусь дзеля высьвятленьня становішча ў галіне правоў чалавека і ў справе зьніклых палітыкаў. Былі ўзгаданыя візыты Лукашэнкі ў Сырыю і ў Жэневу на форум пад эгідаю ААН па праблемах інфармацыйнага грамадзтва, дзе ён назваў Беларусь, між іншага, "лідэрам у галіне высокіх тэхналёгіяў сярод пост-савецкіх краёў". Такія рэдкія візыты толькі падкрэсьліваюць ізаляванасьць рэжыму на міжнароднай арэне. Сярод іншых паведамленьняў былі: няясная будучыня офісу Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) у Менску, акцыі ў падтрымку зьняволеных сябраў Маладога Фронту і Беларускай Партыі Свабоды, захады нацыянальнай апазыцыі па каардынацыі дзеяньняў, працяг перасьледу рэжымам недзяржаўных арганізацыяў.
Затым сп. Зайка паведаміў аб падзеях з жыцьця аддзелу, у прыватнасьці аб сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнага Гуманітарнага Ліцэю сп. У. Коласам і аб падрыхтоўцы да навагодняй вечарыны.
Наступным выступіў сп. Вячка Станкевіч і больш падрабязна распавёў аб паездцы сп. Уладзімера Коласа, дэрэктара Ліцэю, па Злучаных Штатах, аб ягоных сустрэчах з палітычнымі і прафсаюзнымі дзеячамі.
Затым сп. В. Станкевіч распавёў аб апошніх навінах у справе падтрымкі Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі - 2003, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Сэнаце ЗША. Сп. Станкевіч заклікаў прысутных далучыць свае галасы, паставіўшы подпісы пад адмыслова падрыхтаванымі лістамі да сэнатараў з заклікам падтрымаць Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі й зрабіцца ягоным су-спонсарам. Усе прысутныя пажадалі далучыцца да гэтай акцыі.
Затым адбылося знаёмства з гасьцямі аддзелу, якіх усё большае. Прагучэлі аб'явы й паведамленьні. Пасьля афіцыйнай часткі прысутныя мелі магчымасьць калегавацца з сябрамі й знаёмымі пры кубку кавы й пачостцы.
Віталь ЗАЙКА