Студзеньскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ерку
Чарговы сход нью ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня адбыўся 10 студзеня. Напачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі за апошні месяц. У прыватнасьці ён распавёў пра канфлікт вакол паставак расейскага газу ў Беларусь і заканчэньне тэрміну кантракту з расейскай манаполіяй "Газпрам". Эўразьвяз плянуе ўвядзеньне санкцыяў супраць Беларусі за парушэньні правоў прафсаюзаў і перашкоды ў расьследваньні справы зьніклых палітыкаў. У Менску перавыдадзеная кніга ўспамінаў пра ГУЛаг а. Яўзэпа Германовіча (Вінцука Адважнага) "Кітай-Сібір-Масква". Каталіцкі сьвятар а. Германовіч быў таксама беларускім паэтам і грамадзкім дзеячом.
Сп. Вячка Станкевіч распавёў пра апошнія навіны ў справе падтрымкі Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі - 2003, які цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Сэнаце ЗША. Сп. Станкевіч заклікаў прысутных далучыць свае галасы, паставіўшы подпісы пад адмыслова падрыхтаванымі лістамі да сэнатараў з заклікам падтрымаць Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі й зрабіцца ягоным су-спонсарам. Тыя прысутныя, хто не зрабіў гэта папярэднім разам, пажадалі далучыцца да гэтай акцыі.
Сп. Валеры Дворнік распавёў аб удалым сьвяткаваньні Новага году, якое ладзіла кіраўніцтва аддзелу ў Брукліне і заклікаў моладзь актыўней далучацца да заплянаваных імпрэзаў.
Затым адбылося знаёмства з гасьцямі сходу. Былі зробленыя аб'явы й паведамленьні. Пасьля афіцыйнай часткі прысутныя мелі магчымасьць пагутарыць зь сябрамі й знаёмымі пры кубку кавы й пачостцы.
Віталь ЗАЙКА