СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРЧЫ СХОД У НЬЮ ЁРКУ
11-га траўня прайшоў справаздачна-выбарчы сход нью ёрскага аддзелу. Напачатку з кароткім паведамленьнем пра падзеі ў Беларусі выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Затым з кароткім словам да прысутных зьвярнуўся сп. Зянон Пазьняк. Ен адзначыў, што навіны зь Беларусі носяць драматычны характар. Апошнія падзеі ў дачыненьні да беларускіх літаратурных перыядычных выданьняў - "Полымя", "Маладосьці", "Крыніцы", "ЛіМу" ды іхных рэдакцыяў паказваюць, што нават Саветы не рабілі такога, што робіць цяпер рэжым Лукашэнкі. Разагнаныя апошнія творчыя калектывы, што ў межах варожай дзяржаўнай сістэмы імкнуліся спрыяць разьвіцьцю беларускага літаратурнага працэсу, беларускай культуры. Рэжым імкнецца давесьці людзям, што ніякай літаратуры няма, і праз тое перайсьці да замоўчваньня адметнай мовы й культуры, каб урэшце адмовіць існаваньне беларускага народу як адмысловай нацыянальна-палітычнай еднасьці. Дзеля гэтага і створаны нутраным распараджэньнем, цішком рэжымны так званы "голдынг". Ягоныя арганізатары й "начальнікі" выдатна ведаюць, што калі няма літаратуры, дык няма і мовы, няма культуры, а значыць - і будучыні для гэтага краю. Сьвет, на жаль, заняты цяпер блізкаўсходнім канфліктам, і спадзеву на ціск міжнароднай грамадкасьці на рэжым і ягоных маскоўскіх гаспадароў няшмат. Але беларусы па-за межамі Беларусі мусяць працягваць змаганьне, трэба актывізаваць працу на падтрымку Бацькаўшчыны.
Затым прысутныя абралі выбарчую камісыю ў складзе: сп.сп. С. Пятровіча (старшыня), А. Тальянскага (сакратар), М. Галіцына і Дз. Бондзіна для правядзеньня справаздачна-выбарчага сходу. Прайшла рэгістрацыя сяброў аддзелу, падчас якой былі ўпаўнаважаныя 46 выбарцаў. Былі абмеркаваныя працэдурныя пытаньні адносна выплаты сяброўскіх складак як умовы ўдзелу ў выбарах. Затым прысутныя выслухалі справаздачы старшыні В. Зайкі, сакратара В. Якімовіч, скарбніка В. Дворніка і старшыні рэвізыйнай камісіі А. Орса-Рамана, якая прапанавала для скарбніка абсалюторыюм "зь вялікай падзякай". Старшыні й сакратару вынесены абсалюторыюм "з падзякай".
На пасаду старшыні аддзелу былі прапанаваныя дзьве кандыдатуры: сп. Віталя Зайкі й сп. Валерага Дворніка. Сп. В. Зайка выступіў з праграмай, у якой выклаў асноўныя кірункі сваёй дзейнасьці й шляхі яе ўдасканаленьня. Сп. В. Дворнік у кароткім выступе заклікаў прысутных ахвяраваць свае сродкі на падтрымку Беларусі й зьняў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні. Затым прайшло абмеркаваньне формы галасаваньня, бальшыня сходу выказалася за адкрытае галасаваньне. У выніку галасаваньня большасьцю, пры двух устрыманых, старшынём аддзелу быў пераабраны сп. Віталь Зайка.
У нанова сфармаваны склад управы аддзелу ўвайшлі сп.спн. Марат Клакоцкі (заступнік старшыні), Валя Якімовіч (сакратар), Валеры Дворнік (скарбнік), Ала Орса-Рамана, Франціш Бартуль, Ала Кузьміцкая, Алесь Міцкевіч (ганаровы старшыня), Юля Андрусышын, Зьміцер Левіт, Віктар Едзіновіч, Уладзімер Цяліца, Сяргей Пятровіч, Анатоль Тальянскі, Анатоль Колбун, Тацьцяна Красоўская. У склад рэвізійнай камісіі абраныя Франціш Бартуль (старшыня), Э. Рыжы, З. Левіт, Ю. Шкетава.
Напрыканцы сходу сп. Антон Шукелойць, старшыня Галоўнай Управы БАЗА, выказаў падзяку ўсім, хто працаваў і актыўна працуе на карысьць арганізацыі й беларускай справы.
Сп. А. Шукелойць заклікаў усіх, хто атрымаў палітычны прытулак у краіне з дапамогаю аддзелу, актыўней уключацца ў працу і памятаць, што адказнасьць за дапамогу вымагае намаганьняў наўзаем: адпаведнай палітычнай працы й грамадскай актыўнасьці.
Сп. Шукелойць выказаўся за актывізацыю справы набыцьця Беларускага Дому ў Мангэтане й прапанаваў аднавіць Арганізацыю Беларускае Моладзі.
Былі абмеркаваныя розныя пытаньні з жыцьця аддзелу.

Віталь Зайка