ЧЭРВЕНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
8-га чэрвеня, як і заўсёды ў другую суботу месяца, прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. З паведамленьнем пра падзеі ў Беларусі за апошні месяц выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка, які распавёў пра суд над журналістамі горадзенскай газэты "Пагоня", пра сытуацыю ў Курапатах, дачыненьні Лукашэнкі з Пуціным ды іншыя падзеі.
Потым з гутаркай пра гісторыю правядзеньня Сустрэчаў Беларусаў Паўночнай Амэрыкі выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелайць. Напачатку ён спыніўся на выбітных асобах беларускага паходжаньня, якія спрычыніліся да гісторыі ЗША, а потым распавёў пра тое, як узьнікла традыцыя праводзіць штодвухгадовыя Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
Сустрэчы задумваліся як сродак кансалідацыі беларускай грамады Паўночнае Амэрыкі, г.зн. ЗША й Канады, каб арганізацыі й людзі з розных гарадоў і краінаў маглі сустракацца, наладжваць кантакты й каардынаваць сваю дзейнасьць. Першая сустрэча адбылася 50 гадоў назад, у 1952-м годзе, у Ніагара-Фолс ля Ніягарскага вадаспаду на мяжы ЗША й Канады. На той сустрэчы быў прысутны Янка Чарапук з Чыкага, стары дзеяч часоў Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэчы тады пастанавілі праводзіць кожныя два гады, наперамену ў ЗША ды Канадзе. Кожная Сустрэча прысьвячалася нейкай тэме цi падзеі: першая - угодкам Янкі Купалы й Якуба Коласа, наступныя - юбілеям Франьцішка Скарыны, Статуту Вялікага Княства Літоўскага ды інш.
Сёлета плянуецца ўжо 25-я Сустрэча. Яна пройдзе ў Нью Джэрзі і мусіць найперш дапамагчы кансалідаваць новую іміграцыю. Прамоўца заклікаў прысутных узяць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы й правядзеньні форуму амэрыканскіх і канадыйскіх беларусаў.
З чытаньнем сваіх вершаў выступіла паэтка Людміла Васільева, верш якой, дарэчы, быў надрукаваны ў перакладзе на ангельскую мову ў паэтычным зборніку "Паэты новага тысячагодзьдзя". Асаблівы ўздым у залі выклікаў прачулены патрыятычны верш паэткі "Беларусь".
Прысутныя таксама праслухалі аб'явы й паведамленьні, мелі мажлівасьць пры кубку кавы пагутарыць зь сябрамі й знаёмымі, пазнаёміцца з новымі людзьмі.

Віталь Зайка