ЛІПЕНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
У Фундацыі Крэчэўскага 13-га ліпеня прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка распавёў пра падзеі ў Беларусі й навіны, датычныя беларускіх справаў. Ен паведаміў пра пагаршэньне адносінаў паміж Лукашэнкам і Пуцінам, пра ўзмацненьне ціску на незалежныя газэты, пра рэзалюцыю Парляманцкай Асамблеі АБСЭ адносна Беларусі, пра захады рэжыму падпарадкаваць Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
Затым перад прысутнымі выступілі сп-ня Ала Орса-Романо і сп. Вітаўт Кіпель, якія нядаўна наведалі Беларусь. Сп-ня Орса-Романо пачала гутарку з уражаньняў ў самалёце Франкфурт-Менск. У Менску першае, што кідаецца ў вочы - гэта прыгажосьць беларускіх дзяўчатаў, а таксама больш адважныя, адкрытыя строі й кароткія спадніцы, якія нячаста пабачыш ў Нью Ерку. У крамах шмат прадуктаў, але усё пераважна прывазное, шмат расейскага і з Цэнтральнай Эўропы. Беларускія вырабы ў крамах трэба добра пашукаць. На вуліцах скрозь чуваць толькі расейскую мову. Найбольш цяжкое ўражаньне - пасыўнасьць людзей. На пытаньне: "Чым цікавіцеся, што-б хацелі пабачыць?" - моладзь у Менску пераважна адказвала: "Моды!" "А беларускія справы, культура, палітыка?" - Не. Прыблізна 80% маладых людзей гэта зусім не цікавіць. Іншыя 20% - гэта сьведамыя і пераважна актыўныя людзі, з кім сп-ня Орса-Романо мела дачыненьні ў справе культурна-адукацыйнай фундацыі. Шмат беларускамоўных школаў просяць тэхнічнай дапамогі: кампутараў, ксэраксаў і нават беларускіх кнігаў. Такія кнігі патрыятычнага зьместу як "Адкуль наш род", "Сем цудаў Беларусі", "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" рэдка трапляюць у рукі вучняў, і на гэта фундацыя таксама, выдзяляе грошы.
Праблемай ёсьць таксама пэрсанальнае здароўе і гігіена ў школах. Гэта таксама патрабуе ўвагі (напрыклад, у адной з бачаных школаў на 1500 вучняў - усяго дзьве прыбіральні). Далей прамоўца распавяла пра мэты дзейнасьці культурна-адукацыйнай фундацыі. Плянуецца ладзіць тыднёвыя сэмінары для настаўнікаў беларускіх школаў, рыхтаваць лідараў, падрымоўваць мастакоў. Навязана супрацоўніцтва з Таварыствам Беларускай Мовы й Таварыствам Беларускай Школы. Адзін з галоўных праектаў - выпрацоўка кампутарнай праверкі беларускага правапісу (па ангельску: spell check) для беларускамоўных кампутарных праграмаў. Плянуецца таксама распрацоўка слоўнікаў. Шмат задумаў, але ня ўсё ідзе гладка, напрыклад, праект па пераводзе школы ў Наваградку на беларускую мову быў фактычна спынены з-за неспрыяльных адносінаў мясцовых уладаў. Тым ня менш дзейнасьць фундацыі працягваецца і пашыраецца. Выйшла Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі, сродкі на друк якой былі сабраныя з дапамогаю фундацыі.
Затым выступіў сп. Вітаўт Кіпель. Ен паінфармаваў пра дзейнасьць амэрыканскіх кангрэсмэнаў і падрыхтоўку рэзалюцыі пра абвешчаньне рэжыму Лукашэнкі ўрадам, які падтрымлівае тэрарызм, гандлюючы зброяй з краінамі кшталту Іраку, а таксама пра падтрымку апазыцыі. Калі-б Кангрэс ЗША прыняў гэтую рэзалюцыю, шмат што павярнулася-б да лепшага.
Сп. Кіпель спыніўся на сваім удзеле ў 10-й штогадовай Канфэрэнцыі беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Беластоку. Было там каля 170 удзельнікаў, шмат навукоўцаў зь Беларусі. Было шмат цікавых дакладаў, і Беласточчына заўважна вырасла інтэлектуальна за апошнія 10 годоў. Парушана шмат новых пытаньняў гісторыі. Так, напрыклад, разглядалася бежанства часоў Першай сусьветнай вайны як фактар русыфікацыі беларускага грамадства. У сваім дакладзе лінгвіст Эльжбэта Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, адзначыла рост беларускай нацыянальнай сьведамасьці на Беласточчыне. Калі 40-50 год таму шмат хто залічаў сябе ў "тутэйшыя", дык цяпер такой катэгорыі не назіраецца, людзі чуюцца беларусамі. І хоць сярод беларусаў Беласточчыны ёсьць прыхільнікі Лукашэнкі, але большасьць усё-ж складаюць незалежнікі. Цікава, што на адкрыцьці канфэрэнцыі прысутнічала мясцовае кіраўніцтва горада Гайнаўкі, і паседжаньне вялося па-беларуску. Сп. Янка Запруднік зрабіў прэзэнтацыю сваёй кнігі "Дванаццатка".
Далей сп. Кіпель распавёў пра наведаньне Беларусі й Менску, дзе браў удзел у дзьвух канфэрэнцыях, сустракаўся з супрацоўнікамі бібліятэк Беларусі, якія хацелі-б удзельнічаць у кнігаабмене. У Менску будзе пашырацца дзейнасьць БІНіМу. Сёлета яго ўразіла беларусізацыя каталіцкага касьцёлу - у пяці касьцёлах Менску набажэнствы ідуць па-беларуску, у некаторых касьцёлах - толькі беларуская імша, дзеюць нядзельныя беларускамоўныя школкі. Сп. Кіпель паінфармаваў пра падрыхтаваны Нью Ерскай Публічнай Бібліятэкай том "Беларускі друк на эміграцыі за 200 гадоў" і пра падрыхтоўку да друку Англа-беларускага слоўніка, на які адкрытая падпіска, і першы ўнёсак ($1000) даслаў Міхась Лужынскі з Аўстраліі. Напрыканцы сп. Кіпель узгадаў пра пілота ў самалёце "Варшава-Менск", які рабіў аб'явы па-беларуску і па-ангельску. Трэба працаваць і змагацца, не зважаючы на цяжкасьці.
Затым перад прысутнымі выступіў сп. Алег Гулак, выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсінскага Камітэту. Ен распавёў пра дзейнасьць Камітэту, найбуйнейшай праваабарончай арганізацыі Беларусі (больш за 500 сяброў, 14 мясцовых аддзелаў) спыніўся таксама на шэрагу нядаўніх падзеяў у Беларусі, на дзейнасьці АБСЭ.
Прамоўцы адказалі на пытаньні прысутных. Затым усе мелі нагоду паслухаць аб'явы ды пазнаёміцца зь людзямі, якія ўпершыню прыйшлі на сход аддзелу. Завяршыўся сход пачастункам ў сяброўскай атмасфэры.

Віталь ЗАЙКА