ЖНІВЕНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
У суботу 10-га жніўня прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА ў памяшканьні Фундацыі Крэчэўскага. Госьцем аддзелу быў Старшыня Камітэту Паняволеных Народаў сп. Хорст Уліх з сп-няй Эвай Уліх. Сп. Уліх у сваёй прамове падзякаваў Беларуска-Амэрыканскаму Задзіночаньню за актыўны ўдзел у мерапрыемствах Тыдню Паняволеных Народаў і перадаў нашай арганізацыі прывітальны ліст, дасланы Прэзыдэнтам Джорджам Ў. Бушам у Камітэт Паняволеных Народаў. Сп. Хорст Уліх адзначыў, што Камітэт уважае БАЗА за найбольш актыўную арганізацыю ў ягоным складзе, удзячны за актыўную падтрымку і лічыць, што прывітальны ліст ад Прэзыдэнта ЗША па праву належыць беларускай арганізацыі.
Сп. Уліх таксама падкрэсьліў, што высакародная справа змаганьня за волю і незалежнасьць патрабуе ня толькі высілкаў народу, які змагаецца супраць замежнага панаваньня, адкрытага ці прыхаванага. Гэтая справа вымагае таксама падтрымкі й салідарнасьці ад іншых народаў Эўропы ды іхных арганізацыяў у ЗША, якім ў свой час была працягнутая рука дапамогі народаў Вольнага Сьвету, і перш за ўсё амэрыканскага народу.
Сп. Уліх зачытаў ліст падзякі БАЗА ад імя Камітэту, а пасьля гэтага - прывітальны ліст ад Прэзідэнта, у якім у прыватнасьці гаворыцца, што Беларусь, як адзіная несвабодная пакуль краіна Эўропы, выклікае заклапочанасьць ЗША, а змаганьне яе народу за свабоду, незалежнасьць і дэмакратыю мае падтрымку і сымпатыю амэрыканскага ўраду і народу Злучаных Штатаў. Прысутныя аплядысмэнтамі прывіталі сп. Хорста Уліха і словы падтрымкі ад Прэзыдэнта ЗША.
Затым старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка азнаёміў прысутных з асноўнымі падзеямі ў Беларусі або зьвязанымі з Беларусьсю, за апошні месяц.
Затым слова ўзяў сп. Антон Шукелойць, старшыня Галоўнай управы БАЗА, які распавёў пра важнасьць удзелу ўсіх сяброў аддзелу ў 25-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, коратка спыніўшыся на мэтах і значэньні гэтага форуму беларусаў Заходняе паўкулі.
Сп. Шукелойць таксама падкрэсьліў, што ад тых людзей, хто атрымаў падтрымку і дапамогу БАЗА ў справе палітычнага прытулку ў ЗША, вымагаецца адпаведная падтрымка грамадскай і палітычнай дзейнасьці арганізацыі, адною з праяваў якой ёсьць падрыхтоўка і правядзеньне 25-й Сустрэчы.
Прысутныя мелі нагоду пазнаёміцца з новымі людзьмі, што прыйшлі на сход, пачуць аб'явы й паведамленьні, сустрэцца зь сябрамі й знаёмымі.

Віталь Зайка

На здымку: Старшыня Галоўнай Управы БАЗА Антон Шукелойць, Старшыня Камітэту Паняволеных Народаў Хорст Уліх і Старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка.