ВЕРАСЬНЁЎСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
Напачатку сходу старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка распавёў прысутным пра Дзень Беларускай Вайсковай Славы, які сьвяткуецца ў Беларусі ўжо больш за 12 гадоў, нягледзячы на рэпрэсіі сьпярша савецкай, а цяпер лукашысцкай улады. Сьвята гэтае ўшаноўвае разам з адзначэньнем гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну ў лістападзе памяць змагароў за вольную і незалежную Беларусь, прымеркаванае штогод да гадавіны слаўнай пабеды пад Воршаю войска старажытнай беларускай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, над захопніцкім войскам Маскоўшчыны 8-га верасьня 1514-га году.
З гэтае нагоды сп. Вячаслаў Мішук пазьней распавёў пра сьвяткаваньне Дня Беларускай Вайсковай Славы, якое правяло ў Менску Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў у 1992-м годзе.
Затым з аглядам падзеяў у Беларусі выступіў заступнік старшыні Рады БНР і супрацоўнік Радыё "Свабода" сп. Сяргей Навумчык. Ен адзначыў, што выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў Крамлі з прапановамі аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расеі, Пуцін раскрыў свае карты. Есьць думкі, што ён проста хацеў пазьдзеквацца з Лукашэнкі, якога асабіста не паважае. Але дагэтуль Пуцін ні да каго ня ставіўся гэтак грэбліва - ані да грузінскага прэзыдэнта Шэварнадзе, ані да малдоўскага прэзыдэнта Вароніна, ці якога іншага лідэра ў СНД. Аналіз і маніторынг рэакцыяў палітычнай эліты Расеі на гэтыя прапановы паказвае, што за выключэньнем лічаных асобаў, там існуе згода пра тое, што ўключэньне Беларусі ў выглядзе губэрняў у Расейскую Фэдэрацыю адпавядае расейскім інтарэсам. І таму ёсьць усе падставы лічыць заявы Пуціна пачатакам ажыцьцяўленьня больш рашучай і радыкальнай праграмы па зьнішчэньні незалежнасьці Беларусі. І варыянт яднаньня "на ўзор Эўра-Зьвязу" няшмат чым адрозьніваецца ад наўпростай інкарпарацыі ў Расею.
Якая рэакцыя Лукашэнкі на гэтыя заявы? На першы погляд - абурэньне й фразэалёгія пра непрыняцьце анэксыі й страты незалежнасьці. Аднак працяг ягонай рыторыкі пра "саюзны дагавор" ды "інтэграцыю", далейшы ўціск беларушчыны паказвае, што незалежнасьць дзяржавы для Лукашэнкі - толькі аб'ект гандлю. Гэтым разам прапанаваныя Пуцінам умовы гандлю яму асабіста не падыходзяць, і толькі ў гэтым прычына абурэньня Лукашэнкі, якому стала раптам "крыўдна за дзяржаву". Лукашэнка не рабіў у гэты такі адказны для лёсу дзяржавы перыяд ніякіх намаганьняў паразумецца або хаця-б правесьці сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі, як ён рабіў калісьці, пасьля абраньня прэзыдэнтам у 1994-м годзе. Працягваецца перасьлед беларускамоўных газэтаў, зачыняюцца беларускія школы, адбываецца пагром беларускіх літаратурных часапісаў, ціск на беларускіх пісьменьнікаў. Рэжым не зрабіў нават найдрабнейшага, хоць сымбалічнага жэсту ў бок беларускай інтэлігенцыі, каб яна адчула, што курс на вынішчэньне беларускасьці мяняецца. Пракаповіч з Нацбанку як езьдзіў у Маскву дамаўляцца там аб скасаваньні беларускай нацыянальнай валюты, так і езьдзіць цяпер. Расейскія памежнікі надалей засталіся на беларускіх межах. Засталіся і расейскія вайсковыя базы. Таму падставаў казаць, што Лукашэнка перайшоў на незалежніцкія пазыцыі (пра што часам пісалі ў недзяржаўным друку) - такіх падставаў абсалютова няма. Лукашэнка, безумоўна, імкнецца захаваць свой уласны ўплыў і кантроль, але робіць ён гэта як нейкі "пахан" (крымінальны атаман) лягеру зьняволеных ("зоны"), а не як дзяржаўны дзеяч, не як кіраўнік незалежнай краіны.
Рэальна і правільна, у адрозьненьне ад лідараў апазыцыі ў Менску, ацаніла гульню Лукашэнкі з Пуцінам беларуская дыяспара. Зусім слушнымі ёсьць заявы лідараў дыяспары, у прыватнасьці Рады БНР, пра абсалютную пільнасьць і непрыняцьце прапагандысцкіх заяваў Лукашэнкі за "чыстую манэту". Ціск на рэжым у Менску мусіць працягвацца.
Затым сп-ня Валя Якімовіч правяла прэзэнтацыю кнігі вершаў выдатнага паэта сёнешняй Беларусі Анатоля Сыса. Яна распавяла пра гэтую складаную і неадназначную постаць у сучаснай беларускай літаратуры, пачаўшы ад самых вытокаў паэтавага жыцьця. Калі маці ягоная была цяжарная Анатолем, яе апякло агнём маланкі. Маланка ў народным успрыняцьці ёсьць сымболем і абранасьці, і вырачонасьці, і дабра - бо з маланкай ідзе жыцьцядайны дождж, і кары - бо яна спальвае, асьляпляе.
Так і ў лёсе Анатоля Сыса гэты выпадак адмыслова адлюстроўвае змаганьне дзьвюх сілаў, спалучэньне цемры й сьвятла, ухваленьня й асуджэньня. Выдатны майстра паэтычнага радка, А. Сыс з цудоўнымі, западаючымі адразу ў памяць рыфмамі, спалучае глыбокую філязофію, асэнсаваньне лёсаў беларускаяй зямлі й глыбокае, сэрцам прачутае веданьне ўсіх таямніцаў яе жыцьця. "Ці чуеш ты, як зьвіняць каласы?" - пытаецца паэта. Жыта ёсьць для яго сымболем вечнасьці. Сяўба й жніво, што зьмяняюць адно адное на гэтай зямлі сотні й сотні гадоў - яднае сотні й тысячы пакаленьняў беларусаў, якія жывуць цяпер, ужо адыйшлі ці яшчэ прыйдуць на нашую зямлю. Прырода грае велізарную ролю ў творчасьці паэта, яна прысутная ў кожным амаль ягоным вершы. З гэтым усім спалучаная таксама грамадская, прарочая скіраванасьць твораў А. Сыса. Шмат якія вершы - "Маналёг Апанаса Філіповіча", "Дух" ды іншыя - раскрываюць Сыса, як правідцу, як сумленьне нашага народу, як адлюстраваньне ягонай трагічнай гісторыі.
Сп-ня Валя Якімовіч, якая асабіста фундавала выданьне кнігі паэта, прыгожа прачытала ягоныя вершы, азнаёміла прысутных зь біяграфіяй і творчым шляхам паэта. Прысутныя з захапленьнем паслухалі дэклямаваньне вершаў Анатоля Сыса і раскупілі ўсе асобнікі прэзэнтаванай кнігі, што прынесла сп-ня Якімовіч.
Прысутная на сходзе госьця зь Менску - грамадзкая дзяячка, выдавец і мастацтвазнаўца сп-ня Валянтына Трыгубовіч распавяла прысутным пра сытуацыю ў Беларусі, пра дзейнасьць і выданьні грамадзкай арганізацыі "Беларуская Перспэктыва", якою яна кіруе.
Як заўсёды, прысутныя на сходзе мелі магчымасьць пазнаёміцца з новымі людзямі, якіх бачна ўсё болей на сходах аддзелу, і прыемна пабавіць час пры кубку кавы ў кампаніі сяброў і знаёмых.

Віталь ЗАЙКА