КАСТРЫЧНІЦКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
У Нью Ерку ў Фундацыі імя П. Крэчэўскага прайшоў 12-га кастрычніка чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. З кароткім аглядам навінаў зь Беларусі за апошні месяц выступіў старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка. Ен спыніўся, у прыватнасьці, на выбарах старшыні Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў, значэньне якіх выходзіць за межы пісьменьніцкай арганізацыі. Справа ў тым, што на загад рэжыму шэраг ягоных апалягетаў у Саюзе Беларускіх пісьменьнікаў зрабіў спробу раскалоць арганізацыю, і, па магчымасьці, паставіць начале яе сваю асобу, прыхільную да рэжыму. Гэтага, дзякуючы пазыцыі большасьці сяброў Саюзу, не адбылося. Старшынём Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў на пазачарговым 14-м зьезьдзе гэтай арганізацыі быў абраны сп. Алесь Пашкевіч, малады літаратар і патрыёт. На зьезьдзе адбыліся накаленыя дэбаты аб будучыні Саюзу і аб будучыні Беларусі, было выказанае непрыняцьце этнацыду, які праводзіць рэжым. Так, Генадзь Бураўкін, вядомы паэт і былы прадстаўнік Беларусі ў ААН, адзначыў, што выгладае на тое, што зьнішчэньне беларускай мовы й культуры адбываецца па "запаветах" губернатара Муравьева-Вешальніка: "В Северо-Западном крае т.н. белорусский язык необходимо свести на ничто, ибо, если этого не сделать, он постоянно будет инспирировать мысль об отдельном белорусском народе и о праве этого народа на этническую самостоятельность и национально-государственную суверенность, чего допустить нельзя". Пісьменьнікі прынялі вострую рэзалюцыю супраць лукашэнкавага гандлю незалежнасьцю Беларусі й супраць імпэрскіх памкненьняў Расеі.
Спроба паставіць Саюз пісьменьнікаў пад кантроль рэжыму паказвае, што Лукашэнка імкнецца зьнішчыць абсалютова ўсе праявы незалежнай думкі й дзеяньня ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Ідзе націск на незалежныя газэты й журналістаў. Прафсаюзы й Акадэмія Навук фактычна зробленыя часткай дзяржаўнага апарату, пад патрэбы рэжыму створаная штучная маладзёвая арганізацыя, ідэалягічны кантроль пануе ва ўсіх галінах навукі й адукацыі. Адною зь нешматлікіх грамадзкіх дзялянак, якія пакуль ня ёсьць пад кантролем рэжыму, застаюцца незалежныя інстытуцыі па апытаньні грамадзкай думкі. І гэта занепакоіла Лукашэнку менавіта цяпер, калі ягоны рэйтынг стала зьніжаецца. Таму неўзабаве адбудзецца перагляд дзейнасьці незалежных сацыялягічных службаў пры дапамозе стварэньня рэжымам "камісіі па апытаньні грамадзкай апініі", якая зоймецца "ўпарадкаваньнем" правядзеньня сацыялягічных апытаньняў. Ясна, што незалежныя арганізацыі, якія займаюцца досьледам грамадзкай апініі, апынуцца пад пагрозаю жорсткага кантролю рэжымам іхнай дзейнасьці, а нават і ліквідацыі.
Выступоўца спыніўся таксама на такіх падзеях, як: прыняцьце палатаю прадстаўнікоў новага антыдэмакратычнага закону аб веравызнаньнях у Беларусі й прайшоўшых акцыях пратэсту супраць яго; агульнабеларускі страйк прыватных прадпрымальнікаў; апошнія акцыі ўладаў па шантажы й застрашваньні журналітаў незалежных выданьняў, ды іншых.
Пасьля гэтага адбылася невялікая літаратурная вечарына, прысьвечаная творчасьці Янкі Купалы й Якуба Коласа, 120-гадовы юбілей якіх сьвяткуецца сёлета. Сп. В. Зайка даў кароткі агляд творчасьці пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, адзначыўшы між іншага, што і Колас, і Купала былі таксама беларускімі нацыянальнымі грамадзкімі дзеячамі, марылі й заклікалі ў сваёй творчасьці да пабудовы вольнай, незалежнай Беларусі, каб беларускі народ сам вырашаў свой лёс і будаваў сваю дзяржаву. Расейскія камуністычныя заправілы ніколі не даравалі гэтага нашым песьнярам, і шэраг іхных твораў быў забаронены ў савецкія часы, а ў 1937-м годзе нават плянавалася зрабіць паказальны працэс супраць беларускага нацыяналізму, дзе на лаве падсудных меркавалі зьмясьціць Купалу і Коласа.
Ня дужа даспадобы беларускае слова і сёняшнім уладам у Беларусі, якія зрабілі ўсё, каб юбілей нашых прарокаў-песьняроў прайшоў ціха і незаўважана, каб не спрычыніўся да абужэньня нацыянальных пачуцьцяў і сьведамасьці ў народзе. Прысутныя паслухалі вершы Янкі Купалы й урыўкі з паэмы "Новая Зямля" Якуба Коласа, якія хораша, натхнёна прачытала сп-ня Валянціна Якімовіч.
З паведамленьнем пра народнага майстра Ўладзімера Пузыню, якога ў выніку інтрыгаў антыбеларускіх сілаў пазбаўляюць майстэрні-лабараторыі па вырабе народных музычных інструмэнтаў "Беларуская хатка" пры менскім Унівэрсытэце культуры, выступіла сп-ня Валянціна Якімовіч. Яна распавяла пра складаны жыцьцёвы шлях і творчасьць народнага майстра, пра перасьлед яго ўладамі.
Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць зрабіў паведамленьне пра надрукаваную нядаўна кнігу "Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі", якая выйшла ў Менску пры ўдзеле В. Кіпеля й З. Саўкі ў "Бібліяграфічнай сэрыі" Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва (БІНіМ) у Нью Ерку і падае інфармацыю пра ўсе ведамыя сёньня слоўнікі й энцыкляпэдыі, пачынаючы ад Лаўрэнція Зізанія і да нашых дзён. Выданьне зьмяшчае таксама зьвесткі пра дагэтуль неапублікаваныя рукапісы й картатэкі. Сп. Шукелоць даў шырэйшы агляд выдавецкай дзейнасьці беларускай эміграцыі, ўзгадаў дасягненьні беларускіх мовазнаўцаў, этнографаў ды іншых навукоўцаў.
У разьдзеле "Рознае" прысутныя маглі зрабіць абвесткі й паведамленьні, паслухаць гасьцей аддзелу.
Сп-ня Ганна Сурмач, супрацоўніца Радыё "Свабода", старшыня суполкі "Скарына" ў Чэхіі, былая дырэктарка Архіву Літаратуры і Мастацтва і былая старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", перадала прысутным прывітаньне ад праскіх беларусаў, падзялілася ўражаньнямі ад свайго першага наведваньня Фундацыі імя Крэчэўскага 8 гадоў таму, распавяла пра сваю працу па падрыхтоўцы кнігі й сэрыі радыёперадачаў, прысьвечаных 50-годдзю беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода", якое будзе адзначацца ў траўні 2004-га году. Сп-ня Сурмач таксама распавяла пра праграму перадачаў "Беларускае Замежжа", якую яна вядзе разам зь Сержуком Сокалавым-Воюшам, і запрасіла прысутных прыняць у ёй удзел.
Архіяпіскап Юры паведаміў прысутным пра апошнія падзеі ў пасёлку Пагранічны на Горадзеншчыне, калі прадстаўнікі амэрыканскае амбасады не былі дапушчаныя да сустрэчы зь вернікамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якія ладзілі набажэнства ў намёце на месцы разбуранай уладамі царквы. Ен паведаміў таксама, што сёлета спаўняецца 10 гадоў, як былі закладзеныя капсулы ў падмурак першых будаваных у Беларусі храмаў Беларускай Аўтакефальнай Народнай Праваслаўнай Царквы.
Пасьля афіцыйнай часткі прысутныя, як заўсёды, мелі магчымасьць пабавіць час у прыемных сяброўскіх гутарках пры каве й напоях.

Віталь ЗАЙКА