ЛІСТАПАДАЎСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
Адзначэньне ЎгодкаЎ Слуцкага паўстаньня, уручэньне ганаровых адзнакаў Аддзелу
9-га лістапада адбыўся чарговы сход аддзелу БАЗА. На пачатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка нагадаў прысутным, што 27-га лістапада спаўняецца 82 гады з часу Слуцкага Паўстаньня. У 1920-м годзе насельніцтва Случчыны паднялося на барацьбу супраць расейска-бальшавіцкай навалы. Сілы былі няроўныя, пасьля некалькіх тыдняў баёў беларускія вайсковыя аддзелы мусілі адступіць і былі інтэрнаваныя палякамі. Але чыста вайсковая вартасьць Слуцкага Збройнага Чыну не ідзе ў параўнаньне з вартасьцю грамадзкай і гістарычнай. Слуцкае паўстаньне стала для беларусаў тым, чым ёсьць Фэрмапілы для грэкаў або Аламо для амэрыканцаў. Гэтая падзея зрабілася сымбалем збройнага змаганьня супраць чужынцаў, за свабоду і незалежнасьць свайго краю. Далей сп. Зайка сказаў: "Ахвярнасьць і адданасьць свайму краю, што вялі некалі ў бой случчакоў, не загінулі. У наш час мы маем шмат людзей, якія аддана, не шкадуючы сябе, працавалі й працуюць на карысьць Бацькаўшчыне. І трох такіх людзей мы, ад імя нью ёрскага аддзелу БАЗА, хацелі-б ушанаваць сёньня ганаровымі адзнакамі - залатымі значкамі з выяваю Пагоні". Значкі былі адмыслова вырабленыя сп. Валерам Дворнікам на ўзор гэрбу з тытульнага аркушу Статуту Вялікага Княства Літоўскага.
Першым гэтую адзнаку атрымаў Старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Дзякуючы за ўзнагароду, сп. Шукелойць сказаў, што вельмі крануты ацэнкай ягонай дзейнасьці, а таксама тым, што ўзнагароджаньне адбываецца ў гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну. Ен узгадаў, як некалі пры сьвяткаваньні ў Ашмяне адной са Слуцкіх гадавінаў, Макар Краўцоў адзначыў, што сапраўдным героем зьяўляецца народ Случчыны. Так і ён, атрымліваючы ўзнагароду, сказаў, што героем лічыць не сябе, а беларускі народ, што выжыў і змагаецца, нягледзячы на нягоды й выпрабаваньні.
Затым ганаровая адзнака была ўручаная сп. Зянону Пазьняку, заснавальніку Беларускага Народнага Фронту, старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. У сваім зваротным слове сп. Пазьняк адзначыў, што "…сёньня шмат што, у тым ліку гэрб Пагоня, ўспрымаецца, як дадзенасьць. Між тым яшчэ ня так даўно ніхто і ня думаў, што Пагоня і Бел-чырвона-белы сьцяг у выніку змаганьня адраджэнскіх сілаў будуць афіцыйнымі сымболямі, што Беларусь стане незалежнай. Сёньня край перажывае цяжкія часы. Але галоўнае наперадзе, і гэта - вольная і незалежная Бацькаўшчына, дзеля якой усе мы жывем і дзеім".
Сьледам ганаровую адзнаку атрымаў старшыня Партыі БНФ, адзін з заснавальнікаў адраджэнскага руху найноўшага часу сп. Вінцук Вячорка. Ен падзякаваў за адзнаку, і сказаў: "Рука Пагоні з узьнесеным мечам - гэта рука змагарнай шляхты да новых пакаленьняў ваяроў за Беларусь, рука, якая пасылае сыгнал: "Паўстаньце, перамажыце!" Усьведамляю гэтую адзнаку, як ацэнку дзейнасьці усіх, хто сёньня ў Беларусі змагаецца супраць пра-маскоўскага рэжыму".
Затым са сваім бачаньнем падзеяў у Беларусі выступіў сп. Зянон Пазьняк. Ен адзначыў важнасьць кантактаваньн тут, у Амэрыцы, сусьветная палітыка робіцца ў ЗША. Важнай задачаю ёсьць таксама дапамагчы беларускім людзям усьвядоміць стратэгічныя пытаньні барацьбы за незалежнасьць. Калі беларускаму авангарду ўдалося ўзяць незалежнасьць у 1991-м годзе, народ быў непадрыхтаваны. Праз гэта нацыянальныя сілы, асягнуўшы незалежнасьць, не здабылі ўлады. У краіне кансалідавалася прамаскоўская пятая калёна. Кебіч, Лукашэнка, іншыя дзялкі імкнуліся перакрычаць адзін аднаго ў адданасьці Маскве. Пагроза расейскага імпэрыялізму тады не атрымала належнай увагі. Калі зьявіўся артыкул "Аб рускім імперыялізме і ягонай небясьпецы", пачалося цкаваньне й мэтанакіраваная кампанія па аслабленьні беларускіх нацыянальных сілаў. "Паўзуна" Лукашэнку ацанілі ў Маскве, прывялі да ўлады. І сёньня краіна апынулася ў тупіку, блізкая да страты незалежнасьці. І цяпер, як ніколі, мы мусім усьвядоміць, што гэта - сьмяротная небясьпека.
Трэба, каб не было ілюзіяў наконт Расеі. Захад уяўляе, што там ідуць дэмакратычныя пераўтварэньні й краіна вось-вось далучыцца да клюбу цывілізаваных дзяржаваў. Між тым у Расеі працягваецца палітыка ігнараваньня чалавечага жыцьця, капіталы пераводзяцца на Захад, паўсюль карупцыя й крадзёж. І калі ня будзе спадзяваньня на свае сілы - мы прайграем. Ня трэба ўспрымаць спрэчкі Лукашэнкі з Пуціным як абарону незалежнасьці. Гэта спрэчкі двух злодзеяў пра долю ў нарабаваным майне.
У супрацьдзеяньні ўсяму гэтаму можна абаперціся толькі на наш народ, іншага не дадзена. Таму так неабходнае нацыянальнае асьветніцтва, тлумачэньне небясьпекі страты суверэнітэту, стварэньне найшырокага руху супраць расейскай агрэсіі. Трэба ўлічваць усе варыянты, у тым ліку і варыянт паразы, быць гатовымі да змаганьня ў падпольлі. Таму напачатку верасьня быў створаны Камітэт абароны Бацькаўшчыны, вядзецца праца па стварэньні мясцовых структураў.
Важным кірункам дзейнасьці ёсьць удзел у міжнароднай палітыцы, кантактах й каардынацыі дзейнасьці з урадамі й арганізацыямі краінаў вольнага сьвету.
Затым з інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі выступіў сп. Вінцук Вячорка. Ен распавёў пра акцыі БНФ па ўшанаваньні памяці змагароў за вольную Беларусь. Спыніўшыся на беларуска-расейскіх адносінах, сп. Вячорка сказаў, што ўльтыматум Пуціна пра "ўваходжаньне губэрнямі" быў ня столькі ў адрас Лукашэнкі, колькі ў адрас Беларусі. Маскоўскія паліт-тэхнолягі высунулі гэтае пудзіла, для шантажу нашага грамадзтва. Гэта знак бяды, але ён мабілізуе на змаганьне. Пытаньне незалежнасьці, якое знаходзілася на задворках сьвядомасьці, выходзіць на першы плян. Трэба тлумачыць важнасьць незалежнасьці для краінаў ва ўсім сьвеце, бо ёсьць яшчэ ў жыхароў Беларусі боязь узяць свой лёс у свае рукі. І трэба разьбіваць гэты страх. Наперадзе выбары, перш мясцовыя, затым парляманцкія. Дамінацыя рэжыму пакідае няшмат шанцаў на посьпех дэмакратычных сілаў. Але выбары - нагода выказацца, выйсьці на інфармацыйную прастору, рэдкая нагода дайсьці да людзей па ўсёй Беларусі. Дайсьці да гэтых людзей - вось задача на выбары. Трэба карыстаць з кожнай нагоды, бо сьвятой мэтай ўсяго ёсьць незалежная Бацькаўшчына.
У палітыцы немагчыма абысьціся без кампрамісаў. Не з усімі нашыя пагляды супадаюць, але максымальна скарыстаць з салідарнасьці й кансалідацыі на сваю карысьць, на карысьць Беларусі - вось нашая задача.
Расейскія дэмакраты, пэўныя эўрапейскія палітыкі прапануюць нам фальшывую дылему: або дэмакратыя з Расеяй, або - незалежнасьць з дыктатарам. Некаторыя зь беларусаў клюнулі на гэта, але большасьць палітычных сілаў верыць, што незалежнасьць і дэмакратыя мажлівыя і без дыктатуры, і без Расеі.
Сп. Вячорка распавёў пра сваю паездку па ЗША ў складзе дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі, пра плянуемыя акцыі Партыі БНФ: "Акцыю за незалежнасьць і свабоду", збор подпісаў пад адозваю да ўрадаў сьвету аб выкананьні Будапескіх пагадненьняў аб гарантыях незалежнасьці Беларусі. Прысутныя на сходзе змаглі паставіць свае подпісы пад гэтай адозваю.
Затым са сваімі назіраньнямі пра сытуацыю ў Беларусі й стан справаў у незалежніцкіх сілах выступіў сп. Антон Шукелойць. Ен адзначыў, што слова "пагром" па звычцы ўжываецца толькі адносна рэпрэсіяў супраць гэбраяў. Але гэтае слова ў поўнай меры датычыць дзеяньняў лукашэнкавага рэжыму ў адносінах да свайго народу, ягонай мовы й культуры. Сп. Шукелойць адзначыў, што змаганьне супраць гэтага рэжыму мусіць весьціся разам усімі палітычнымі сіламі. На прыкладах з уласнага досьведу сп. Шукелойць адзначыў, што аснова беларускага адраджэньня - гэта рух моладзі, бо толькі з моладзьдзю і праз моладзь адбываецца пераняцьце справы змаганьня за вольную Беларусь.
Пасьля гэтага прамоўцы адказалі на пытаньні. У "Розным" прысутныя маглі пазнаёміцца зь людзямі, што ўпершыню прыйшлі на сход, паслухаць паведамленьні й абвесткі. Пасьля сходу можна было ў неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць з гасьцямі, пачаставацца з багатага стала прыгатаванага да сустрэчы.

Віталь ЗАЙКА