"БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА" Ў КАНАДЗЕ
У канцы траўня выйшаў з друку чарговы другі нумар квартальнае газэты Згуртаваньня Беларусаў Канады "Беларускае Слова". Калі першы нумар меў фармат бюлетэню на 12-ці бачынках, дык другі ўжо набыў выгляд поўнафарматнае газэты на 12 бачын.
Пасьля прачытаньня першага нумару, відаць, шмат у каго склалася ўражаньне ў перарванасьці традыцыяў старэйшага пакаленьня беларусаў Канады і новых маладых эмігрантаў. На гэта адразу адгукнуліся вэтэраны беларускага руху ў Канадзе Д-р Раіса Жук-Грышкевіч і пісьменьнік Кастусь Акула. У сваіх артыкулах яны зьвяртаюць увагу, што гісторыя беларускіх арганізацыяў і беларускага друкаванага слова ў Канадзе маюць даўнія і багатыя традыцыі.
У газэце зьмешчаныя артыкулы й зацемкі пра сьвяткаваньне Новага году і Калядаў у Таронта, выступ гакэйнае зборнае Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях.
Падрабязна асьвятляецца прабег сьвяткаваньняў 84-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі ў Таронта, Монтрэалі й Атаве, а таксама надрукаваны гістарычны артыкул Вольгі Яноўскай пра падзеі напярэдадні , падчас і пасьля абвешчаньня незалежнасьці БНР.
Газэта надрукавала адказ Міністэрства Замежных справаў Канады на адкрыты ліст, ухвалены 38-м Зьездам ЗБК.
Старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Д-р Пётр Мурзёнак піша пра цяжкасьці й праблемы ЗБК, пра мэты, якіх прытрымліваецца кіраўніцтва арганізацыі ў сваёй дзейнасьці.
Рэдакцыя "Беларускага Слова" выказваецца ў падтрымку пастановаў канфэрэнцыі "Праблемы нармалізацыі клясычнага беларускага правапісу", якая адбылася ў Празе 5-6-га сьнежня 1998-га году. Вядома, што пастановы канфэрэнцыі ў некаторых выпадках розьняцца ад правілаў, якіх прытрымліваліся беларускія выданьні замежжа да гэтага. Патрэба хучэйшай уніфікацыі тарашкевіцы відавочная, што падказвае і рэдакцыі "Беларуса" абмеркаваць гэтае пытаньне. Цікава было-б давецацца думку чатачоў "Беларуса" адносна пастановаў канфэрэнцыі ў Празе?
8-ю бачыну газэты займае расклад Багаслужбаў у царкве Сьв. К. Тураўскага БАПЦ ў Таронта, царкоўныя аб'явы й артыкул а. Вячаслава "Вялікі Пост".
Тры з паловаю бачыны займае літаратурна-мастацкі альманах "Шкварка", дзе знайшлі месца апавяданьні, гумарэска, урывак зь дзёньніка, мэмуары.
У "Анталёгіі эмігранцкай літаратуры распавядаецца пра Міхася Кавыля.
Новае канадыйскае выданьне ўжо заваявала сымпатыі, аб чым сьведчыць ахвярнасьць яго чытачоў. Хочацца пажадаць рэдакыі далейшых посьпехаў.
Зацікаўленыя атрымліваць "Беларускае Слова" пішыце на адрас:

BIELARUSKAJE SLOVA
524 St. Clarens Ave
Toronto, ON M6H 3W7
CANADA

Я. Забалінскі