ЮБІЛЕЙ СЬВЯТАРА Ў САЎТ РЫВЭРЫ
Год таму настаяцелем прыходу праваслаўнай царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі, стаўся а. протапрасьвіцер Стаўрас Русас. Да прыбыцьця ў Саўтр-Рывэр ён адслужыў сьвятаром 24 гады. Такім чынам, на сёлета прыпалі 25-я ўгодкі ягонага сьвятарства й першыя ўгодкі душпастырскай апекі над прыхаджанамі саўтрывэрскай беларускай царквы. За год часу людзі вельмі палюбілі а. Стаўраса. Прыход ажыў, царква напоўнілася вернікамі, пачала прыходзіць моладзь, "памаладзеў" царкоўны хор.
Айцец Стаўрас служыць па-царкоўнаславянску й па-ангельску, а апошнім часам ужывае ў багаслужбах і беларускую мову. Пропаведзі гаворыць па-ангельску. Прапаведнік ён выдатны. Прыхаджане з задавальненьнем адзначаюць, што яны шмат чаго даведаліся зь ягоных пропаведзяў аб праваслаўнай веры, у тым ліку пра сьв. Еўфрасіньню Полацкую, сьв. Кірылу Тураўскага ды іншых беларускіх сьвятых. Да кожнай нядзелі а. Стаўрас выдае друкаваны лісток зь інфармацыяй пра бягучыя сьвяты й падзеі вакол іх. Ніколі не забываецца адзначыць удзел у царкоўным жыцьці кожнага з прыхаджанаў, падзякаваць кожнаму за той ці іншы ўчынак на карысьць царквы, даведацца пра здароўе хворых, наведаць іх у шпіталі. Людзі бяруць усё такое да сэрца, і яны паказалі сваю ўдзячнасьць за гэта ў нядзелю 18-га траўня, наладзіўшы ў гонар а. Стаўраса люднае адзначэньне 25-годзьдзя ягонага сьвятарства.
Пасьля багаслужбы, у якой узялі ўдзел а. Сергій Кухарскі й дыякан Джон Сучэрнік, суседнюю з царквой залю Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру напоўнілі прыхаджане й госьці - усіх каля 150 чалавек. Справу падрыхтоўкі залі й частаваньня гасьцей узяло на сябе сястрыцтва парафіі (старшыня Ліля Гіліш), сяброўкі якога шчыра папрацавалі, каб усё прайшло спраўна. Накрытыя белымі абрусамі сталы, кветкі на іх, вялікі шматколерны плякат з прывітаньнем юбіляру (па-мастацтку размаляваны Оляй Дзямешчык), сонечны дзень за вокнамі - усё стварала ўрачыстую атмасфэру, якая цешыла сэрцы ўдзельнікаў сьвяткаваньня. Перад галоўным сталом у ганар юбіляра, стаяў пышны, удэкараваны каласкамі й васількамі, традыцыйны беларускі каравай, сьпечаны сп-няй Надзеяй Запруднік.
На ўрачыстасьць быў запрошаны мэр Саўт-Рывэру сп. Робэрт Шэгеты. Яго прадставіў публіцы старшыня царкоўнае рады сп. Робэрт Цупрык. Мэр Шэгеты, прывітаў а. Стаўраса ды ўручыў яму грамату, у якой адзначаная важная роля парафіі Сьв. Еўфрасіньні Полацкай й ейнага духоўнага кіраўніцтва, у тым ліку а. Стаўраса, у жыцьці гораду.
Ад імя ўсіх парафіянаў гаварыў сп. Міхась Сенька. "Адзін год - гэта маленькі адрэзак часу ў нашай парафіі, якая існуе 53 гады, -- сказаў ён. - З прыходам да нас а. протапрасьвіцера Стаўраса пачулася духоавая лучнасьць і супольнасьць поглядаў паміж настаяцелем і парафіянамі. Акрамя прыгожых Божых службаў, глыбока прадуманых пропаведзяў, штотыднёва друкаванага лістка, была адноўлена дзейнасьць парафіяльнае школкі, вучні якое ўжо змаглі выступіць з мастацкай праграмай падчас Ялінкі. Айцец Стаўрас заўсёды стараецца быць разам з парафіянамі ў бядзе, і ў радасьці, і годна рэпрэзэнтаваць нашу беларускую парафію й Беларускі Народ, за што яму належыцца самая шчырая падзяка. Падзяка належыцца й матушцы Дэборы, якая, як прафэсіянальная настаўніца, дапамагла зарганізаваць школку, і за яе ўдзел у цакоўным хоры."
У часе сьвяткаваньня адбыўся абмен падарункамі. Айцец Стаўрас ахвяраваў кожнаму з прыхаджанаў асьвячаную іконку Божай Маці, а царкве - кнігу "Апостал" у ангельскім перакладзе. Айцу Стаўрасу й матушцы Дэборы таксама былі ўручаныя падарункі ад прыходу. Апрача гэтага, а. Стаўрас падарыў матушцы й дзьвюм дочкам вялікую ікону трох жанчын-сьвятых, названых іхнымі імёнамі: Дэбора, Ніка й Кіра.
Адбылася мастацкая частка. Хор самых маленькіх выканаў дзьве песьні, адну духоўную амэрыканскую, а другую беларускую з трапным прыпевам: "Што пасееш, то й пажнеш". Хор падлеткаў прапяяў некалькі песьняў; харысткі выступілі з дэклямацыямі. Тры нумары солё выканаў сп. Віталі Чайка, які валодае прыгожым лірычным барытонам. Падрыхтавала малых і маладых харыстаў да выступу, з дапамогаю Лілі Тур, Рыты Юхнюк і Каці Марлоў, сп-ня Таня Дзямешчык; яна-ж выканала на піяніна твор Моцарта. На заканчэньне царкоўны хор пад кіраўніцтвам рэгента сп. Валянтына Дзямешчыка прапяяў а. Стаўрасу рэлігійную оду "Радуйтеся, людие" і "Многая лета".
Прачулены да сьлёз а. Стаўрас шчыра дзякаваў усім-усім за такі прыгожы й неўзабыўны дзень у ягоным жыцьці.
(Я.З.)