ЭКАНАМІЧНАЯ СТАГНАЦЫЯ БЕЛАРУСІ:
Што гэта, чаму гэта, і калі гэта скончыцца?
Кожнае грамадства мусіць максымальна валодаць інфармацыяй пра сябе. Памяць пра мінуўшчыну і разуменьне сучаснасьці ва ўсіх яе праявах ёсьць зарукай лепшай будучыні. Беларускае грамадства, на жаль, ня дужа шмат ведае пра мінуўшчыну, і не зусім разумее, што зь ім адбываецца. І адна з галінаў, дзе яно найбольш недасьведчанае - гэта галіна эканамічная. Ад самага развалу СССР у Беларусі, якая атрымала незалежнасьць "з чорнага ходу", шырака распаўсюдзілася апінія што, маўляў, прападзем. Без Расеі - прападзем! Гэты своеасаблівы калектыўны комплекс непаўнавартасьці меў дачыненьне найбольш да эканомікі, хоць падсьведама йшло таксама пра небясьпеку захопу "сінявокай Беларусі" мітычным акупантам-Захадам. Довады пра эканамічнае разьвіцьцё й прагрэс у Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, што без Расеі не прапалі, а наадварот, падвышаюць узровень жыцьця - падаў і падае на глухія вушы.
Мінула спора часу, як на мапе сьвету ня стала Савецкага Саюзу. Аднак 74-х гадовая савецкая гісторыя кідае доўгі цень на гісторыю і лёсы фармальна незалежнай Рэспублікі Беларусь, і невядома, калі Беларусь выйдзе з гэтага ценю, асабліва зь ценю савецкай марксысцкай квазі-эгалітарнай ідэялёгіі й ейнай пост-савецкай мутацыі - перакананьня, што "усе крадуць і будуць красьці".
Амаль усе пастуляты клясыкаў марксізму пра розныя сацыяльна-эканамічныя пытаньні адыйшлі ў нябыт. Зь імі зьніклі таксама розныя фармулёўкі ды тэорыі, над якімі марна біліся, імкнучыся зразумець іх у апошнюю ноч перад іспытамі, некалькі пакаленьняў БССР-аўскіх студэнтаў. Аднак у адным Маркс, пэўна, такі меў рацыю - эканоміка вызначае палітыку, а ігнараваньне патрэбаў эканомікі вядзе да лёсавызначальных нэгатыўных наступстваў, што могуць дацца ў знакі на дзесяткі ды болей гадоў.
Як адна з сатрапіяў у неабсяжнай савецкай імпэрыі, Беларусь была часткай жорстка цэнтралізаванай плянавай эканамічнай сыстэмы. Сыстэма-ж гэтая стала прадуктам ня столькі эканамічнай навукова-тэарэтычнай думкі, хай сабе й марксысцкай, або плодам мэтадычнага дасьледу эканамічнай практыкі. Створаная палітычнымі патрэбамі й зьбегам акалічнасьцяў, гэтая сыстэма ўяўляла сабою хаатычны хаўрус альтруістычных памкненьняў, абсалютнай дэтэрмінаванасьці загадзя расьпісаных дзяржапаратам роляў, максымальнага абмежаваньня эканамічных правоў асобы, аж да выключэньня яе з дыскурсу, поўнай дамінацыі дзяржавы ва ўсіх, нават драбнюткіх, эканамічных праявах. І ўсё гэта падносілася як навуковы сацыялізм.
Між тым, Маркс ня столькі пісаў пра сацыялізм або камунізм, як крытыкаваў капіталізм сваёй эпохі - сярэдзіны ХІХ-га стагодзьдзя. Дарэчы, у канцы жыцьця Маркс зайшоў у тупік у пытаньні вызначэньня вартасьці працы - гэта відаць з ІІІ тому "Капіталу", што быў складзены Энгельсам па рукапісах Маркса. Акрамя закліку да зьнішчэньня прыватнай уласнасьці, у чым сам Маркс ня быў да канца пэўны, нічога сьпэцыфічнага пра сацыялізм у клясыкаў ня знойдзеш, больш таго - нацыяналізацыя на карысьць дзяржавы выразна адкідалася Энгельсам. Ленін не дапісаў працу "Дзяржава і рэвалюцыя", у якой меўся абгрунтаваць ролю дзяржавы ў трансфармацыі эканомікі, і даў задні ход у радыкальных зьменах, уводзячы НЭП і прызнаючы патрэбу ў канкурэнцыі.
Галоўны інстытут эканамічнай сістэмы - уласнасьць - належыць дзяржаве, г.зн., праз складаны ланцуг узаемасувязяў - абмежаванаму колу асобаў, што не заўсёды ўяўлялі, або лепш - заўсёды не ўяўлялі, як і куды рухаецца экноміка краіны, і чым яна ёсьць. Панятак абмежаванасьці рэсурсаў у гэтай сістэме не існуе, як не існуе панятак канкурэнцыі. Абмен у ёй - плянавы, і таму грошы, як эканамічная катэгорыя, таксама не існуюць, за выключэньнем вузкага сэгмэнту спажывецкага рынку. Праз гэта ня мелі сэнсу ўсе астатнія эканамічныя катэгорыі - "субсыдыя", "падатак", "эканамічнае разьвіцьцё". Мела рацыю Роза Люксембург, кажучы, што "Перамога рабочае клясы ёсьць апошні акт палітычнай эканоміі як навукі". Пра гэта-ж казаў Бухарын, даводзячы непрыдатнасьць эканамічнай навукі пры сацыялізме.
Такім чынам грошы ў камуністычнай сыстэме не нясуць функцыі меры вартасьці й замяняюцца плянам. Дзяржаўная ўласнасьць вядзе да бесканкурэнтнага абмену. Канкурэнцыя-ж, нагадаем, ёсьць механізмам для мінімізацыі выдаткаў рэсурсаў, бо як слушна адзначаў Маркс, канкурэнцыя ўсталёўвае неабходныя выдаткі працы й часу на вытворчасьць прадукта. Камуністычнае плянаваньне адвольна разьмяркоўвала рэсурсы, а пасьля адвольна праводзіла амен, ці, дакладней, разьмяркаваньне прадуктаў вытворчасьці. І адно, і другое ня мела нічога агульнага з эканамічнымі катэгорыямі.
Пры трансфармацыі т.зв. сацыялістычнай сістэмы ў рынкавую эканоміку галоўнае ўзьдзеяньне ідзе на асноўны інстытут сыстэмы - уласнасьць. Падчас пераходу ўласнасьці зь дзяржаўнай формы ў прыватную зьнішчаецца плянавы абмен і ствараюцца ўмовы для канкурэнцыі. Уключаецца фактар абмежаванасьці рэсурсаў і вартасны абмен, а зь ім - уваскрашэньне грошай як меры вартасьці. Але раней грошы, што ёсьць рысай рынкавай эканомікі, замяняліся плянам. Ня стала пляну, і на ягоным мейсцы - пустата, грошы ня могуць зьявіцца ніадкуль. Цяпер, ва ўмовах пераходу ад пляну да рынку ўзьнікае зьява, якую мы назвалі "манэтарным вакуумам". Зьява гэтая характэрызуецца высокім узроўнем бартэрнага гандлю - калі абмен ідзе без удзелу грошай, узаемнаю запазычанасьцю прадпрыемстваў і стварэньнем дзіўных утварэньняў - канцэрнаў ("Белнафтахім", "Беллесбумпром", "Беллегпром"), якія аднолькава чужыя і сацыялізму, і рынку.
Усё зьвязана з адсутнасьцю фінансавага капіталу. І менавіта ў гэтым сутнасьць зьявы манэтарнага вакууму і корань усіх праблемаў пераходнага перыяду ад сацыялізму да капіталізму. На макраэканамічным узроўні гэтая праблема выяўляецца ў надзвычайна нізкім узроўні субсыдыяў (значна ніжэй чым і ў разьвітых, і ў разьвіваючых краінах), і ў надзвычай высокім узроўні падаткаў. Прадукцыя быццам і ёсьць, але нікому не патрэбная. Нешта падобнае было ў часы савецкай "эпохі застою", з той розьніцый, што пры "сацыялізме" быў рост без разьвіцьця (была вытворчасьць прадукцыі, але індустрыя не разьвівалася). Цяпер-жа няма ані росту, ані разьвіцьця, і немагчыма прадаць нават тое, што было выраблена.
І менавіта гэтая зьява манэтарнага вакууму ёсьць адметнай рысай беларускай эканомікі, а таксама агульнай рысай для ўсіх эканомік у краінах пераходнага перыяду, хай сабе гэта будзе Венгрыя, Кітай, Расея ці Манголія. Гэта не заўсёды разумеюць урады тых краінаў, як не заўсёды разумеюць гэта міжнародныя фінансава-эканамічныя установы - Міжнародны Валютовы Фонд (МВФ), Сусьветны Банк, Сусьветная Гандлёвая Арганізацыя (WTO) ды іншыя. Часьцяком пераходныя краіны трактуюцца як разьвіваючыя краіны трэцяга сьвету, хоць адна і другая група дужа адрозьніваюцца і маюць свае адмысловыя рысы. Прыкладаючы механізмы й меркі, прыстасаваныя для краінаў трэцяга сьвету, МВФ ды іншыя ня здолелі з эканамічнага пункту гледжаньня растлумачыць высокую інфляцыю, праблему запазычанасьці прадпрыемстваў, транфармацыйны спад ды розныя іншыя дзівосы пераходных краінаў, у тым ліку і Беларусі. Часта робяцца спасылкі на іррацыянальныя прычыны, як карупцыю, мэнталітэт насельніцтва, слабое выкананьне законаў. Але гэта хучэй наступства, чым прычына праблемы. Таму пераходныя краіны патрабуюць свайго адрознага статусу ў міжнароднай эканоміцы, а іхныя праблемы мусяць вырашацца не па шаблонах для разьвіваючых краінаў.
Рэжым Лукашэнкі, канешне-ж, абвастрае эканамічныя праблемы, і ёсьць палітычнай перашкодай рэформам. Але перад тымі, хто прыйдзе на месца гэтага рэжыму, у галіне эканомікі будуць стаяць пераважна тыя-ж пытаньні, што існуюць сёньня. І справа ня столькі ў пераадоленьні палітычнага непрыйманьня рэформаў. Рэфарматары мусяць ясна разумець шлях і зьмест рэформаў, і мусяць быць здольнымі даступна і пераканаўча выкласьці гэты шлях для ўсяго народу Беларусі.
Праблема манэтарнага вакууму вырашаецца пераходнымі краінамі па рознаму. Усходнеэўрапейскія краіны (Венгрыя, Польшча, Чэхія, Эстонія) вырашаюць яе праз замежныя інвэстыцыі, Кітай і Расея - праз эксплюатацыю прыродных багацьцяў, Літва - часткова праз транзытныя зборы, і г.д. Якім шляхам пойдзе Беларусь, калі ўсе путы й перашкоды будуць зьнятыя? Напэўна праз камбінацыю ўсіх вышэй азначаных спосабаў. Кампактнасьць і геаграфічнае распалажэньне краіны, адукаванасьць насельніцтва і таннасьць ягонай працы, існуючая падставовая інфраструктура і адносная блізкасьць да заходнеэўрапейскіх рынкаў зробяць сваю справу. Рэформы пойдуць, рэальныя эканамічныя механізмы запрацуюць. Як 1990-я гады паказалі, што беларусы могуць гандляваць, так 21-е стагоддзе пакажа, што яны могуць гаспадарыць. Але гады бягуць... Час - найбольш хіба каштоўны й незваротны з усіх рэсурсаў - сыходзіць. Тое, што можна зрабіць сёньня, відаць прыдзецца рабіць заўтра, пасьля Гандурасу, Уганды й Буркіна Фасо.

Надзея ЛІСОЎСКАЯ