КНІГА ПРА ПАСЬЛЯВАЕННЫ СУПРАЦІЎ
Напрыканцы мінулага году ў выдавецтве Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску выйшла кніжка Ігара Валахановіча "Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944-1953 гг.".
Ігар Валахановіч - супрацоўнік цэнтральнага архіву КГБ Беларусі, кандыдат гістарычных навук (ягоная кандыдацкая і сталася асноваю для гэтай кніжкі). Таму варта было чакаць ад ягонага дасьледаваньня абнародаваньня раней сакрэтных дакумэнтаў. Часткова Валахановіч гэтыя надзеі апраўдаў.
Згаданая кніга разглядае ня толькі беларускае падпольле й партызанку, але й польскае, украінскае, летувіскае, якія дзеялі на тэрыторыі БССР у 1940-50-ыя гады. Нас-жа найперш цікавяць матэрыялы пра Беларускі Супраціў. Раней у дасьледаваньнях камуністычных і кагэбісцкіх дасьледчыкаў згадкі пра яго былі мінімальнымі, а ягоная дзейнасьць - тэндэнцыйна пададзеная. Ігар Валахановіч пастараўся амаль цалкам адмовіцца ад ідэалягічных штампаў, зьмяшчаючы як найбольш сухіх фактаў. Некаторыя зь іх, мы й разгледзім у гэтым артыкуле.
Шкялёнак нелегальна жыў у Варшаве
І. Валахановіч згаджаецца, што галоўным арганізатарам беларускага партызанскага і падпольнага руху была Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП), таму шмат піша пра яе дзейнасьць. Напрыклад, пра стварэньне летам 1944-га ў Заходняй Беларусі 5 партызанскіх аддзелаў "каліноўшчыкаў", пра дэсанты батальёна "Дальвіц". Гісторыя Ўсевалада Караля, наагул, вартая дэтэктыўнай аповесьці. Ен, былы кіраўнік незалежніцкага Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні, перад вайною камсамольскі актывіст у Коўне, летам 1941-га быў эвакуяваны ў Маскву, дзе трапіў у спэцшколу ГРУ. Два разы ён з групамі выконваў заданьні ў тыле немцаў, пасьля скончыў курсы радыстаў і быў закінуты з групаю ў Летуву. Там яго арыштавала віленскае СД, але, даведаўшыся пра ягонае "нацыяналістычнае мінулае", Караля вызвалілі. Ен працаваў перакладчыкам у Менску, пасьля лекарам у Баранавічах. Кіраўнік БНП Усевалад Родзька меркаваў адправіць яго, як паўнамоцнага прадстаўніка, на перамовы з польскім урадам у Лёндан. Праўда, з гэтага нічога не атрымалася.
Валахановіч трохі прыадкрывае тайну зьнікненьня віцэ-прэзыдэнта БЦР, гісторыка і публіцыста Міколы Шкялёнка. Аказваецца, пасьля капітуляцыі Нямеччыны Шкялёнак прабраўся з Бэрліну ў Варшаву. Там 17-га чэрвеня 1945-га году на кансьпірацыйнай кватэры ён прымаў удзел у тайнай нарадзе актыву БНП. Акрамя яго на нарадзе прысутнічалі Родзька, браты Луцкевічы й Язэп Пабяржын. Шкялёнак атрымаў заданьне вярнуцца ў Бэрлін і ўстанавіць сувязь зь беларускімі эміграцыйнымі цэнтрамі. Што зь ім было далей, Валахановіч ня піша.
Саюз Барацьбы Супраць Камунізму
Арганізацыя пад такою назваю дзейнічала ў 1945-51 гадох у Пліскім раёне Полацкай вобласьці. Спачатку ёю кіраваў Пятро Шыпка. Дзесьці ў 1946-м годзе да Саюзу Барацьбы Супраць Камунізму (СБСК) далучылася падпольная група Георгія Бортніка. Бортнік быў сябрам СБМ, а ў 1944-м годзе, апынуўшыся ў Чэхіі, уступіў у падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю, служыў у беларускіх вайсковых аддзелах у Нямеччыне, закончыў падафіцэрскую школу. У сьнежні 1945-га году, як рэпатрыянт, Бортнік вярнуўся на Бацькаўшчыну, у Пліскі раён. Разам зь ім вярнуліся таксама сябры БНП Лялюш, Сташкевіч, Дубна і Сталяр. Неўзабаве яны стварылі падпольную групу ды навязалі кантакт з СБСК. У 1948-м годзе Шыпка быў забіты чэкістамі, і Ўладзімер Бортнік, які ўжо стаў праваслаўным сьвятаром, ачоліў арганізацыю.
Паводле Валахановіча, у СБСК ня было сваіх праграмных дакумэнтаў, а яе сябры кіраваліся інструкцыямі кіраўніцтва БНП, якія былі надрукаваныя ў пятым нумары "Бюлетэню БНП" ад сьнежня 1944-га году. Галоўным чынам арганізацыя займалася антысавецкаю агітацыяй сярод мясцовага насельніцтва. Праўдападобна, выдавала ўлёткі. У канцы 1950-га - пачатку 1951-га году СБСК быў ліквідаваны савецкаю дзяржбясьпекаю. У жніўні 1951-га году Ўладзімер Бортнік быў прыгавораны да расстрэлу, астатнія падпольшчыкі атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня. У 1991-м годзе ніхто з удзельнікаў Саюзу Барацьбы Супраць Камунізму рэабілітаваны ня быў.
Партызанскі аддзел Раманчука
І.Валахановіч зьмяшчае ў кнізе матэрыялы пра дзейнасьць у 1947-49 гадох у Нясьвіжскім раёне партызанскага аддзелу Івана Раманчука. Раманчук нарадзіўся ў 1920-м годзе ў вёсцы Баяры на Нясьвіжчыне. Падчас нямецкае акупацыі працаваў настаўнікам, інструктарам Беларускай Народнай Самапомачы, дырэктарам Народнага дому ў Нясьвіжы. Працаваў Раманчук настаўнікам, дырэктарам школы ў вёсцы Высокая Ліпа пасьля вяртаньня бальшавікоў летам 1944-га году. Адчуўшы пільную ўвагу з боку НКВД, у верасьні 1944-га ён пераходзіць на нелягальнае становішча. У 1946-м годзе ён пачынае стварэньне падпольнае арганізацыі "Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі", а ў 1947-м годзе арганізоўвае невялікую партызанскую групу зь вялікаю сеткаю сувязных. Паплечнікам Раманчука стаў ягоны аднагодак Мікола Дэмух, былы франтавік, які на нелегальным становішчы знаходзіўся з восені 1946-га году. У аддзеле апынуўся і Браніслаў Бука, былы жаўнер БКА і Войска Польскага, які ў пачатку 1948-га году уцёк у лес ад арышту.
Валахановіч прыводзіць некалькі прыкладаў акцыяў аддзелу Раманчука. У верасьні 1947-га году быў забіты супрацоўнік Нясьвіжскага райаддзелу МГБ Вегонскі й "істрабок" Шапавал, у студзені 1948-га - чэкіст Гейсік і г.д. У траўні 1949-га году аддзел Раманчука быў разьбіты чэкістамі, а яго ўдзельнікі арыштаваныя (Раманчука ўзялі параненым). Адбыліся арышты й удзельнікаў Саюзу Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі. Ад расстрэлу Івана Раманчука выратаваў тагачасны мараторый на сьмяротную кару ў СССР - ён атрымаў 25 гадоў канцлягероў, якія ўсе адсядзеў. Па вяртаньні на Бацькаўшчыну жыў у Барысаве, стварыў сям'ю. Памёр у траўні 1987-га году.
Няўлоўны Жыхар
На Пастаўшчыне і Глыбоччыне Аўген Жыхар - асоба легендарная. Пры падтрымцы мясцовага насельніцтва ён ваяваў з савецкаю ўладаю з 1946-га да 1955-га году. Паводле Валахановіча, Жыхар нарадзіўся ў 1925-м годзе у вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёну. Настаўнік па адукацыі, у 1944-м годзе ён стаў сябрам падпольнай БНП, увайшоў у склад дэсантнага батальёну "Дальвіц". У 1945-м годзе ў Нямеччыне быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, але хутка дэмабілізаваўся, вярнуўся ў Дунілавіцкі раён, працаваў настаўнікам у Верацеях. У 1946-м годзе яго няўдала спрабавалі арыштаваць, пасьля чаго Жыхар перайшоў на нелегальнае становішча. Спачатку ён быў партызанам у аддзеле Каралёнка, а пасьля сам узначаліў яго. Валахановіч прыводзіць факты забойстваў аддзелам Жыхара чэкістаў, міліцыянтаў, савецкіх актывістаў. Былі гэта пераважна людзі прыежджыя з Расеі: Федотов, Міхайлов, Ячменев, Шаров, Савін…
У пачатку студзеня 1955-га году Жыхар быў абкладзены чэкістамі ў вёсцы Карповічы Дунілавіцкага раёну. Падчас перастрэлкі ён загінуў. Сьведкі тых падзеяў кажуць, што забітага атамана чэкісты прывязалі да плоту, каб зрабіць фатаздымак. Таму ў ягонай справе гэты фотаздымак мусіць быць.
Забыўся пра "Чорнага Ката"
І. Валахановіч у сваёй кніжцы нічога ня піша пра дзейнасьць партызанкі й падпольля "Чорнага Ката", нават ня згадвае пра гэтую арганізацыю. Гэта тым больш дзіўна, бо пра "Чорнага Ката" і Міхала Вітушку ўжо пісаў іншы, дапушчаны да архіваў КГБ, гісторык Сяргей Жумар. Валахановіч, аднак, вырашыў прамаўчаць ды "арыгінальна" абыйшоў "праблему" генэрала Вітушкі. Ен напісаў, што той загінуў у студзені 1945-га году ў баі з савецкімі войскамі ды спаслаўся на… кнігу Яўгена Сямашкі "Армія Краёва на Беларусі". Нібыта, у архіве КГБ на гэты конт няма дакумэнтаў. А калі няма Вітушкі, значыць ня варта пісаць і пра дзейнасьць ягоных партызанскіх аддзелаў…
Выглядае так, што КГБ, раскрываючы інфармацыю пра дзейнасьць некаторых беларускіх партызанскіх аддзелаў, вырашыў пакуль прыхаваць матэрыялы пра найбольш сур'ёзную і актыўную баявую арганізацыю Супраціву - "Чорны Кот". Ня згадваецца ў кнізе, што антысавецкая беларуская партызанка дзеяла ня толькі ў заходніх абласьцях БССР, але й на Бабруйшчыне, Гомельшчыне, Браншчыне, Смаленшчыне, Віленшчыне. Ні слова не гаворыцца пра беларускіх партызанаў, якія яшчэ з часоў нямецкае акупацыі дзеялі на заходнебеларускім Палесьсі (некаторыя зь іх прабіліся на Захад) і г. д.
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя хібы, можна канстатаваць, што рана ці позна, КГБ змушаны будзе адчыніць для дасьледчыкаў усе свае архівы па пасьляваеннаму Супраціву, каб мы змаглі пабачыць поўную і маштабную карціну гэтага руху. Каб усе беларускія патрыёты, якія склалі свае галовы ў барацьбе за волю і незалежнасьць Беларусі, занялі сваё пачэснае месца ў нашай гісторыі.

Сяргей ЕРШ

На здымку: атаман Іван Раманчук у зьняволеньні, 1959 год. Фота з архіву сям'і Раманчукоў. Друкуецца ўпершыню.