СУСТРЭЧА ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ ПАЛІТЫКАМІ
29-га чэрвеня ў памешканьні Фундацыі Крэчэўскага адбылася сустрэча з трыма беларускімі палітыкамі, што наведалі ЗША ў складзе 5-асабовай групы прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацыяў па запрашэньні амэрыканскага ўраду для ўдзелу ў назіраньні за мясцовымі выбарамі й для азнаямленьня з амэрыканскім досьведам мясцовага самакіраваньня. Сустрэцца з беларускай грамадою Нью Ёрку прыйшлі сп. Міхась Пліска, сябар палітычнай рады Аб'еднанай грамадзянскай партыі Беларусі, сп. Алег Гулак, выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсінскага Камітэту і сп. Міраслаў Каўбаса, прадстаўнік Фонду Льва Сапегі й грамадзкай ініцыятывы "Зямельная Рэформа". Госьці коратка расказалі пра сябе, паведамілі пра мэты й вынікі паездкі ў ЗША, адказалі на пытаньні прысутных.
Сп. Міхась Пліска ў палітыку прыйшоў на прыканцы 1980-х гадоў, быў дэпутатам Менскага гарсавету, удзельнічаў у стварэньні Дэмакратычнай партыі Беларусі ў 1990-м годзе, якая ў 1995-м годзе аб'ядналася з Грамадзянскай партыяй, утварыўшы Аб'еднаную грамадзянскую партыю. Сп. Пліска таксама рэдагуе часапіс "Адкрытае грамадзтва". Коратка спыніўшыся на падзеях апошняга часу ў Беларусі, сп. Пліска адзначыў, што, на ягоную думку, найбольш значнымі зьяўляюцца падзеі вакол кансультацыйна-назіральнай групы Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе (КНГ АБСЭ), і падрыхтоўка да маючых адбыцца ў Беларусі ў сакавіку будучага году выбараў у мясцовыя саветы. Станоўчым момантам для апазыцыі ёсьць рашэньне ісьці на выбары, адмовіцца ад практыкі байкатаваньня выбараў, якая не ішла на карысьць нацыянальным дэмакратычным сілам. Разыходжаньні паміж правымі й левымі сіламі ў апазыцыі застаюцца, але тым ня менш ёсьць жаданьне весьці дыялёг і кансалідаваць сілы. Левыя партыі - сацыял-дэмакратычная "Народная Грамада" ( М. Статкевіча), камуністы (ПКБ Калякіна) і Партыя працы (Бухвостава) заключылі пагадненьне, але агульнае пагадненьне ўсіх дэмакратычных сілаў пакуль не дасягнутае. Праблемы з гэтым назіраюцца пераважна ў Менску і пераважна паміж асобнымі амбітнымі палітыкамі. У цэлым па краіне, на мейсцах, такіх супярэчнасьцяў няма. Місія АБСЭ фактычна выціснутая Лукашэнкам зь Беларусі, зьехалі Г.-Г. Вік, М. Рывалье. Засталася прадстаўляць місію толькі Аліна Жосан, грамадзянка Малдовы. Лукашэнка адкінуў усе прапановы супрацоўніцтва і адштурхнуў ад сябе нават найбольш памяркоўныя і лагодныя сілы ў АБСЭ. Рада Эўропы мае намер стварыць камісію па высьвятленьні праблемы зьніклых людзей у Беларусі.
Сп. Алег Гулак зь Беларускага Гэльсінскага Камітэту распавёў пра паездку ў ЗША, пра азнаямленьне з мясцовымі выбарамі ў Арланда, Солт Лэйк Сіты, пра сустрэчы ў Кангрэсе ЗША. На ўсіх сустрэчах распавядалі пра становішча ў Беларусі й пра неабходнасьць падтрымаць дэмакратычныя сілы. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах, згодна з ацэнкамі апазыцыі, за Лукашэнку прагаласавала каля 50-55% насельніцтва. Цяпер, па выніках сацыялягічных апытаньняў, падтрымка Лукашэнкі насельніцтвам зьменшылася да 30%. Аднак рэйтынг дэмакратычных сілаў, нажаль, істотна не павялічыўся. Перад апазыцыяй стаіць задача - разварушыць "балота", палітычна абыякавых людзей, прыцягнуць іх да дзейнасьці, стымуляваць пошук паляпшэньня жыцьця. Трэба зьмяняць тактыку палітычнай працы. Раней усе людзі бачыліся ў чорна-белым сьвятле, "калі хто ня з намі - той супраць нас". Такая палітыка ня мае перспэктываў. Трэба працаваць і з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў, з дэпутатамі "Народнага сходу", зь мясцовымі ўладамі, каб праводзіць сваю палітыку. Тое, што партыі дамаўляюцца - гэта вялікая справа, і мясцовыя выбары яны мусяць максымальна скарыстаць. Вельмі добра, што Амэрыка імкнецца дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі, гэта паказвае праект закону аб падтрымцы свабоды ў Беларусі "Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі-2002", які прайшоў слуханьні ў Кангрэсе ЗША.
Сп. Міраслаў Каўбаса, па адукацыі юрыст, былы дэпутат Менгарсавету, распавёў пра дзейнасьць Фонду Льва Сапегі й грамадзкай ініцыятывы "Зямельная Рэформа". Ён у прыватнасьці адзначыў, што ў кожнай дзяржаве самакіраваньне ёсьць найважнейшай умовай для існаваньня дэмакратыі. У Беларусі яго няма, і гэта пачатак усіх бедаў. Фактычна мясцовыя ўлады аўтаматычна зацьверджваюць усе рашэньні прэзідэнцкай "вертыкалі", ня маюць іншых функцыяў акрамя спагнаньня мясцовых падаткаў і збораў (што складае мізэрныя 0.5% у мясцовым бюджэце) ды прызначэньня мясцовых рэфэрэндумаў (якіх не было на мясцовым узроўні). Да таго-ж каля 80% сёнешніх дэпутатаў мясцовых саветаў працуюць у дзяржаўных структурах і праз гэта непасрэдна залежаць ад волі рэжыму. Трэба мець на ўвазе, што рэжым не падабаецца шмат каму, і нават тым, хто працуе ў структурах гэтага рэжыму. І трэба думаць - як стварыць умовы, каб людзі не баяліся ісьці супраць рэжыму, бо страх ёсьць. Да таго-ж сродкі масавай інфармацыі манапалізаваныя рэжымам, людзі ня ведаюць, што робіцца на самой справе ў краіне, ня маюць, асабліва па-за вялікімі гарадамі, альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, нічога ня ведаюць аб праграмах і дзейнасьці апазыцыі. На вёсцы нават за чытаньне "Народнай Волі" могуць усчаць рэпрэсіі старшыня калгасу ці які іншы "начальнік".
Сп. Пліска дадаў, што раней не вялася праца з расейскімі палітыкамі, і шкада, бо на рэжым трэба ціснуць з усіх бакоў. Сп. Гулак адзначыў, што дапамога вольнага сьвету беларускай апазыцыі, у параўнаньні з дапамогай для палітычнай апазыцыі ў іншых краінах, амаль нулявая.
Сп. Каўбаса адзначыў, што каля 80% калгасаў у Беларусі стратныя, і рэжым Лукашэнкі мусіць мяняць сытуацыю, але, усе распрацаваныя праекты рэформаў зводзяцца толькі да замены назвы "калгас", а сутнасьць застаецца тая самая.
Госьці адказалі на пытаньні, у прыватнасьці, пра апошнія заявы Пуціна аб непрыймальнасьці для Расеі лукашэнкавай канцэпцыі беларуска-расейскай інтэграцыі - Пуцін заціскае Лукашэнку ў больш жорсткія рамкі, змушае на саступкі расейскім алігархам. Ці існуе сёньня асоба, здольная перамагчы Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах - сёньня мы яе ня ведаем, але яна ёсьць. Сп. Пліска заўважыў на пытаньне пра тое, ці вёўся для іх пераклад з ангельскай мовы па-беларуску, што падчас сустрэчаў заўсёды патрабавалі перакладчыка зь беларускай мовы, але адказ быў - "прабачце, ня маем". Становішча беларускай культуры мусіць атрымаць належную ўвагу з боку міжнароднай супольнасьці, на гэта трэба працаваць. Паездка дала вялікі плён, і кантактакты з амэрыканскімі ўладамі мусяць працягвацца. Неабходна таксама палепшыць каардынацыю дэмакратычных сілаў на Бацькаўшчыне з беларускай грамадой Амэрыкі. Прысутныя падзякавалі гасьцям за сустрэчу, і гутаркі й абмеркаваньні працягваліся за сяброўскім пачастункам.

Вiталь ЗАЙКА