СЬВ. ПАМЯЦІ ЛЕАНАРД НОРЫК
4.7.1929 - 28.9.2002

Беларускія могілкі ў Іст Брансвіку 3-га кастрычніка прынялі на вечны спачын сьв. пам. Леанарда Норыка, ведамага інжынера, сябру беларускіх арганізацыяў у ЗША.
Леанард Норык нарадзіўся ў Вераскаве на Наваградчыне. Пачатковую асьвету здабываў у беларускіх школах на Бацькаўшчыне. У часе эміграцыі акончыў польскі тэхналягічны ліцэй у французкай зоне акупацыі Нямеччыны. У 1949-м годзе разам з бацькамі пераехаў у ЗША ў штат Нью Джэрзі, дзе працаваў на фабрыцы шкла ў Сэйрэвіле. У 1951-м годзе ў часе Карэйскай вайны быў пакліканы ў амэрыканскае войска. Пасьля войска, паступіў у мічыганскі ўнівэрсытэт у Эн Арбор, які скончыў з тытулам інжынера мэханіка. Быў выбраны ў ганаровыя інжынерскія арганізацыі "Tau Beta Pi" i "Pi Tau Sigma". У 1961-м годзе атрымаў тытул магістра па спэцыяльнасьці інжынера мэханіка пры палітэхнічным інстытуце Рэнсілэр.
Леанард Норык пачаў сваю інжынерскую кар'еру ў 1957-м годзе ў Прат і Вітні Эйркрафт, штат Канэктыкут, ведамай фабрыцы матораў для самалётаў, у якой працаваў 34 гады. Выйшаў на пэнсію ў 1991-м годзе, зрабіўшы вялікую кантрыбуцыю для амэрыканскага лятунства. У 1976-м годзе ён атрымаў патэнты ў гэтай галіне.
Лёня, як яго называлі сябры, ажаніўся ў 1958-м годзе з Элеанорай (Кінусяй) Каханоўскай, унучкай Эміліі Шабуня (роднай сястры братоў Івана і Антона Луцкевічаў). Яны пражылі шчасьліва ў сужэнстве 43 гады.
Лёня любіў таварыскае жыцьцё. Апрача беларускіх арганізацыяў належаў да многіх клюбаў, аб чым сьведчылі розныя атрыманыя ім узнагароды. У вольны час любіў займацца садаводствам. Дбаў заўсёды ня толькі аб сваёй сям'і, але дапамагаў у патрэбе сваім сябрам, суседзям і супрацоўнікам. Дывізам ягонага жыцьця было "чыніць людзям тое, што хацеў-бы мець для сябе". Аб гэтым сьведчыць тое, што ў мясцовае пахавальнае бюро й на памінкі прыйшло больш за сотню асобаў, у тым ліку ягоныя шэфы й супрацоўнікі з Прат і Вітні, сябры й суседзі. Разьвітальныя словы сказалі сын Віктар, зяць Мікалай Мултары й пляменьнік Юры Андрусышын.
У вялікім суме пакінуў ён жонку Элеанору, дачку Ніну з мужам Мікалаем Муштары, сына Віктара з жонкаю Мэры й унукамі Мэлісаю, Гэтэр і Кайлам, а таксама ў Беларусі брата Рамана з сям'ёю.
Абрад пахаваньня выканаў айцец Вячаслаў з БАПЦ у Гайланд Парку, Нью Джэрзі, а разьвітальнае слова й спачуваньне сям'і нябожчыка ад БАЗА выказаў Антон Шукелойць. Вечная памяць!

Антон ШУКЕЛОЙЦЬ

СЬВ. ПАМ. ЛЮДОВІКА БУДЗЬКА-БЯЛЕНІС
4.09.1911 - 17.09.2002
Памерла Людвіка Будзька-Бяленіс, дачка ведамага беларускага дзеяча Эдварда Будзькі, равесьніка Янкі Купалы й Якуба Коласа, зь якімі ён супрацоўнічаў у "Нашай Ніве", але быў старэйшым за іх нашаніўцаў і належаў да старэйшых беларускіх дзеячоў. Быў ён актыўным беларусам перад 1905-м годам, ужо ў 1901-м годзе зарганізаваў беларускую калёнію ў Рызе, Латвія. Грамадзкі дзеяч і арганізатар, пашыральнік беларускай сьведамасьці, публіцыст, рэдактар-выдавец беларускай газэты "Дзяньніца" ў Петраградзе ў 1916-м годзе, а ў 1920-м "Беларускай Думкі" ў Вільні. Займаўся ён рознымі сялянскімі й гаспадарчымі справамі, арганізаваў каапэратывы й выбіраўся на аднаго з найлепшых каапэратараў у Беларусі. У каапэратывы ён нёс беларускую кніжку і газэты - нацыянальную сьведамасьць.
Гавару тут пра Эдварда Будзьку, бацьку Людвікі зь дзьвох прычынаў: каб сказаць, што яблык ад яблыні далёка ня коціцца, а таксама, каб успомніць, што сёлета юбілей - 120 гадоў ад нараджэньня беларускага дзеяча Эдварда Будзькі.
Людвіка Будзька-Бяленіс родам з Будслава Вялейскага павету, памерла ў Чыкага 17-га верасьня 2002-га году. Нарадзілася 4-га верасьня 1911-га гаду. Людвіка, як і ейная старэйшая сястра Ірэна ды малодшы брат Часлаў сілаю абставінаў былі занураныя ў беларускім нацыянальным руху, узгадоўваліся й пасьля сталіся дзейнымі беларускімі патрыётамі. Вучылася Лювіка ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а пасьля, як студэнтка Ўнівэрсытэту Сьцяпана Батуры, была сябраўкаю Беларускага Студэнцкага Саюзу. Людвіка й Ірэна з выдатным слухам і добрымі галасамі былі ўдзельнікамі беларускага студэнцкага хору ў Вільні пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Сьв. пам. Людовіка была, у поўным значэньні гэтага слова, мастачкай. Усё, што выходзіла зь яе рук, зь яе ініцыятывы й творчасьці, было ў кампазыцыі, выкананьні й дэталях высакаякаснага мастацтва, надзвычай прыгожае. Па сяньня ў каталёгах музэяў Летувы захаваліся экспанаты - мастацка размаляваныя вялікодныя яйкі, якія Людовік Будзька зрабіла і падаравала Беларускаму музэю імя Івана Луцкевіча ў Втльні, які ў 1939-м годзе Сталін аддаў разам зь Вільняю Летуве, якая тыя багатыя зборы забрала ў свае музэі й кажа, што гэта здабытак летувіскай культуры.
Мастацкія вышыўкі, беларускія лялькі ды іншыя творы Людовікі Будзька-Бяленіс экспанаваліся на выставах, арганізаваных Канадыйскім музэем у Атаве, Канада, на працягу 1970-х гадоў у Беларускім павільёне Каравану Таронта, МЕНСК ды на бязьлічных выставах у Чыкага.
У беларускім ДП лягеры Ватэнштэт у Нямеччыне Людовіка Будзька працавала са скаўтамі й скаўткамі, вучыла іх правільна пяяць беларускія песьні, вучыла моладзь танцааць беларускія танцы, рыхтавала іх да выступаў на міжнародных фэстывалях. Сама шыла танцорам нацыянальныя строі, глядзела, каб маладыя артысты ня толькі добра танцавалі, але й выглядалі беззаганна.
І з натуры Людовіка была беззаганная - сьціплая, шчырая, дзейная і творчая беларуская патрыётка. Была добрым чалавекам, які нікому зла не ўчыніў, які на нікога й благога слова не сказаў.
Вечная Табе памяць, Люня - Людовіка Будзька-Бяленіс, і вечны Табе супакой.
Выказваем шчырыя спачуваньні сястры Ірэне Будзька-Пануцэвіч і яе нашчадкам.

Раіса ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ