Павал ГУЗ
15.08.24 - 17.08.03

З Аўстраліі дайшла сумная вестка аб тым, што адыйшоў з жыцьця ведамы беларускі дзеяч ў Аўстраліі сп. Павал Гуз. Выказваем шчырыя спачуваньні родным і блізкім памерлага.
Рэдакцыя
Рэдакцыя атрымала гэты матар'ял яшчэ да таго, як прыйшла сумная вестка з Аўстраліі. Друкуем яго цяпер ў якасьці некралёга.

Да 79-гадзьдзя Паўла Гуза
Упершыню сустрэў я спадара Гуза ў 1997-м годзе, калі прыехаў у Банантан парк, каб узяць удзел у арганізаванай беларускім актывам 12-й Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі.
Ходзячы паміж выстаўленымі пад цяністымі дрэвамі сталамі спакойнай, нават па-медзьвядзінаму разлапістай паходкаю, Паўла Гуз не прыцягваў да сябе хуткай увагі. Але праз нейкі час, пачуўшы ягоную размову з іншым нашым беларусам, я далучыўся да іх і моўчкі пачаў слухаць. Талькі тады я зразумеў, што гэта зусім немалы чалавек у беларускім руху ў Аўстраліі, а адзін зь ведамых дзеячоў беларускага грамадзкага і палітычнага эміграцыйнага жыцьця.
Ужо працуючы сакратаром Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі я даведаўся больш пра сп. Гуза, што ён быў адным з заснавальнікаў бкларускай грамады ў Мэльбурне, што працуе сёньня адначасна ў некалькіх беларускіх арганізацыях і шмат іншага. Яшчэ больш даведаўся толькі пасьля арганізацыі Беларускага Гістарычнага Згуртаваньня ў Аўстраліі, калі пачаў працаваць над архівамі, вялікую частку якіх перадаў мне Старшыня Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі сп. А. Груша.
Нарадзіўся Паўлюк Гуз 15-га жніўня 1924-га году недалёка ад станцыі Бабічы ў вёсцы Дуброва, што знаходзіцца ў маляўнічым лясным масіве тады ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці. Бацькі-сяляне, маючы надзел зямлі жылі й працавалі на гаспадарцы. Паўлюку было толькі тры гады, калі памёр бацька. Дзяцінства Паўлюка не было завідным. Сяляне тых мясьцін, Мазыра, Рэчыцы, Калінкавічаў, Хойнікаў, Горвалі, Васілевічаў, жылі вельмі цяжка.
У школьным узросьце належаў да драматычнага гуртка, якім кіравала настаўніца фізікі, браў удзел у пастаноўках п'есаў, якія адбываліся ў вясковым клюбе. Пасьля школы спрабаваў паступіць у Гомельскае чыгуначнае вучылішча, але безпасьпяхова, што прымусіла Паўлюка прыняць кіраваньне спажывецкаю крамаю за два кілямэтры ад роднае вёскі. Праз пару месяцаў пачалася вайна.
Вясковыя хлопцы атрымалі стрэльбы й пачалі ахоўваць вёску Дуброва. "Сьмех гэта, - гаворыць сп. Гуз, - але тады бачылі сябе героямі." Калі фронт падыйшоў да Мазыра, усіх хлопцаў кінулі на эвакуацыю так званай дзяржаўнай маёмасьці, якой было, як кот наплакаў. Але Паўлюку пашанцавала вярнуцца дахаты аж з-пад Курску, ужо глыбокаю восеньню, калі маці пасьпела адплакаць і адсьпяваць свайго сына. У вёсцы пачалося звыклае сялянскае жыцьцё. Але ненадоўга. Пачалі дакучаць савецкія банды. У выніку іх дзейнасьці немцы спалілі суседнія вёскі Крынкі й Дзямяхі, якія былі побач чыгункі. Тыя, каму пашанцавала ўцячы, шукалі да каго прытуліцца. Паўлюк з маці й двума братамі падаўся да мамінай цёткі ў Васілевічы ды пачаў шукаць працу.
Разам з братам Мікалаем паступіў служыць у самаахову тарфазаводу і цагельні, за што ім давалі паёк - 8 кг мукі на месяц. Але фронт ужо каціўся назад, і гэта прымусіла Паўлюка зьбірацца ў дарогу, каб ня трапіць пад бальшавіцкую расправу. У Берасьцейскім лягеры стала зразумела, што трэба ўцякаць і ад гэтага акупанта. Людзі далі прытулак недалёка ад станцыі ў разьбітай хаце. На працягу дзесяці месяцаў прыйшлося думаць толькі аб кавалку хлеба, працаваў краўцом, разьбіраў цэглу, жабраваў па вёсках. Потым ізноў падаўся ў дарогу. Пабываў у лягеры Дахаў, зь якога накіравалі ў Аўстрыю на рамонт чыгункі, якая ішла ў Італію. Але тут вайне прыйшоў канец.
Акупацыйная зона папала пад амэрыканскі кантроль, але хутка перайшла французам, што было лепш, бо яны былі больш антысавецкія. Пачалася лоўля людзей Рэпатрыяцыйнай місіяй. Людзі пачалі зьбірацца ў групы, каб было лягчэй абараніць сябе і ня трапіць ізноў пад апеку "бацькі народаў". Многія беларусы, у тым ліку і Паўлюк, падаюцца да польскіх лягероў, дзе запісаліся палякамі й такім чынам уратавалі сабе жыцьцё. Выпадкова трапіла яму ў рукі беларуская газэта, якая дала адрасы беларускіх асяродкаў на эміграцыі. У той час існаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Мюнхэне, дзе людзі былі сьведамыя ў нацыянальным адраджэньні - такія патрыёты як Васіль Тамашчык і Віталь Кажан. Сп. Тамашчык, пакладзены пазьней у япіскапы, ачоліў Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.
Празь нейкі час Паўлюк навязаў лучнасьць зь беларускаю рэлігійнай місіяй у Францыі, на чале якой стаяў а. Леў Гарошка. Пачаў атрымліваць беларускую літаратуру, рэлігійныя малітоўнікі. Пачаў пісаць артыкулы ў часапісы, навязаў лучнасьць з сп. Сяргеям Хмарай (Сіняк) з Канады, распаўсюджваў газэты "Беларускі эмігрант", "Бацькаўшчыну", "Беларускае Слова", "Беларускую Трыбуну" ды іншыя. Разам з братам Алесем (айцец Аляксандар Грыцук) закладае Беларускую групу ў лягеры Куфштайн у французкай зоне і робіць радыёперадачы па-беларуску, што выклікала вялікае незадавальненьне сярод расейцаў і палякаў.
Паўлюк зьвязаўся зь "Беларускімі скаўтамі на чужыне" (Нямеччына) пад кіраўніцтвам Вацлава Пануцэвіча, які меў добрыя адносіны з галавою ўсіх скаўтаў палкоўнікам Манэ. Хутка Паўлюк атрымаў пасьведчаньне, што арганізацыя зарэгістраваная як "Скаўт Інтэрнэйшнал" і дастаў будынак пад сядзібу, дзякуючы старэйшаму скаўту Алесю Грыцуку.
Паўлюк закладае "Зьвяз імя Івана Луцкевіча" і робіць дзьве дружыны хлапцоў і адную дзяўчат. Пачынаецца культурнае жыцьцё - на вечарыных у лягеры гучаць беларускія песьні. У хуткім часе сам палкоўнік Манэ наведаў лягер, і увесь зьвяз атрымаў ад яго падзяку, а Алесь Грыцук (брат Паўла ад другога бацькі) быў накіраваны ў Баварыю на міжнародныя спаборніцтвы скаўтаў. Палкоўнік Манэ выдаў адзнакі на рукавы ды іншыя рэгаліі скаўтаў.
Хутка пачынаецца эміграцыя. Выяжджае і Паўлюк Гуз з маці й братам. У Нэапальскім порце (Італія) знаёміцца зь беларусам па прозьвішчу Міхась Зуй. Праз доўгія гутаркі на параплаве даведваецца аб дзейнасьці Беларускай Незалежніцкай Партыі.
Па прыезьдзе ў Аўстралію Паўлюк трапляе ў лягер Банегіла (1949 г.) і ўступае ў рады БНП. Бярэ актыўны ўдзел у грамадзкай працы, навязвае кантакт зь іншымі беларусамі ў Аўстраліі (М. Скабей, В. Клуніцкі ды іншыя). 25-га Сакавіка 1950-га году ўпершыню сьвяткуецца Дзень Незалежнасьці Беларусі ў Аўстраліі, на якім Паўлюк чытае вершы, напісаныя ў Аўстраліі.
Наладжваюцца вечары, на якіх чытаюцца беларускія газэты. Ствараецца культурны клюб, а праз пару месяцаў аддзел Беларускага Аб'еднаньня на штат Вікторыя, дзе Паўлюка выбіраюць сакратаром. Разам з Алесем Грыцуком закладае "Скаўтаў Вікторыі" й футбольную дружыну "Зубар", а таксама нядзельную школку для беларускіх дзетак.
Пачынае выходзіць часапіс "Новае жыцьцё", дзе друкарна-тэхнічную працу выконвае Паўлюк разам з братам. Часапіс гэты рассылаецца па ўсяму сьвету. Сьвяткуюцца нацыянальныя сьвяты: 25-га Сакавіка, Слуцкае паўстаньне, 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс. Паўлюк бярэ актыўны ўдзел у закладаньні беларускага праваслаўнага прыходу Сьв. Еўфрасіньні Полацкай пры Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве. Алесь Грыцук становіцца настаяцелям. У Беларускім Аб'еднаньні ён выконвае абавязкі культурна-асьветнага рэфэрэнта.
Зь першага дня закладаньня Беларускага Кааператыву сп. Гуз становіцца ягоным сакратаром. Пасьля аб'еднаньня беларускіх грамадзкіх сілаў у Вікторыі ствараецца Беларускі Цэнтральны Камітэт (БЦК), дзе Паўлюк на доўгія нады займае пасаду сакратара-скарбніка. Ён сьпявае ў беларускім хоры пры БЦК, які праіснаваў на працягу 30 гадоў.
У апошнія гады сп. Гуз зьяўляецца Старшынём БЦК і сакратаром Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі.
Актыўная Грамадзкая дзейнасьць Паўлюка Гуза выяўляецца ў напісаньні рэфэратаў да розных імпрэзаў.
Закладаецца Аўстралійска-Чарнобыльскі Фонд для дапамогу дзеткам, пацярпеўшым ад аварыі, у якім Паўлюк робіць вялікую працу па зборы ахвяраваньняў і адпраўцы дапамогі ў Гомельскі абласны шпіталь, а таксама арганізоўвае прыезд дзетак у Аўстралію на аздараўленьне. У хаце Паўлюка жыла дзяўчынка Воля Марозава зь Менску, якая і цяпер піша яму лісты як да роднага чалавека. Па прыезьдзе спартоўцаў зь Беларусі, Паўлюк бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі іх прыёму. Паўлюк таксама прымаў гасьцей-фільмоўцаў зь Беларусі ды сустракаў сп. Аўгена Лецку, які прыяжджаў у Аўстралію, і зь якім і цяпер трымае сувязь.
Сп. Гуз быў дэлегатам на Пленумах БЦР ад 14-га да 19, спрыяў абраньню Міхася Зуя Прэзыдэнтам БЦР. За актыўную грамадзкую працу атрымаў ўзнагароды: нададзены ранг капітана Прэзыдэнтам Р. Астроўскім, нададзены ранг маёра Прэзыдэнтам Н. Мядзейкам, узнагароджаны трыма медалямі: Беларускія Вэтэраны на Чужыне, Беларуская Краёвая Абарона і Жыве Беларусь!
Ня гледзячы на хваробу ён працягвае працаваць і сёньня. Не памылюся, калі скажу, што беларусы Аўстраліі жадаюць доўгіх гадоў жыцьця і працягу нястомнай працы на ніве беларускага нацыянальнага і грамадзкага адраджэньня ў Аўстраліі нашаму ведамаму лідэру спадару Паўлу Гузу!
Віктар КАВАЛЕЎСКІ
Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне ў Аўстраліі

Вячаслаў ІЛЬЧУК

22-га ліпеня пасьля цяжкай хваробы адыйшоў у вечнасьць скончыўшы 82 гады жыцьця блажэнны Вячаслаў Ільчук. Айцец Ільчук, з паходжаньня ўкраінец, родам з Валыні, быў жанаты на беларусцы з Клецка Ірэне Пілецкай. Ен вельмі прыхільна ставіўся да нас, беларусаў, і са сваёю жонкаю Ірэнаю ўспамагалі нас у нашай рэлігійнай і грамадзкай працы.
Паховіны айца Вячаслава Ільчука адбыліся 25-га ліпеня ў украінскай праваслаўнай царкве Сьв. Уладзімера ў Чыкага. Цела нябожчыка спачыло на праваслаўных могілках у Элмвуд. Вечная яму памяць, а жонцы Ірэне, дачкам з унукамі жадаем вытрываласьці ў гэтай, так вялікай, сямейнай страце. Ягоныя добрыя ўчынкі будуць вечна жыць у нашых сэрцах.
Вера РАМУК

Міхась МАЛАХОЎСКІ

У Менску 29-га жніўня 2003-га году бяз часу адыйшоў у іншы сьвет беларус, бацька і муж, вялікі жыцьцялюб і шматпакутны чалавек Міхась МАЛАХОЎСКІ.
Сябры БАЗА выказваюць спачуваньні ягонаму сыну Руслану Малахоўскаму і жонцы Валянціне ў іх вялікай страце і журбе.
Сьветлая яму памяць і няхай будзе яму пухам родная зямля-маці, якую ён так бясконца любіў.