Віталь КАЖАН
(9.Х.1916 - 17.І.2004)

Жыцьцё чалавека вымяраецца працавітасьцю і адданасьцю высакароднай справе. З гэтага гледзішча жыцьцё сьв. пам. Віталя Кажана было поўным, багатым і прыгожым. Плён ягонай самаахвярнай працы ды працы ягонай жонкі, спн. Любы Кажан, застаўся ўвасобленым у дзецях, належна ўзгадаваных і адукаваных, ды ва ўзмоцненым стане беларускай нацыянальнай справы, якой нябожчык аддаваў увесь свой вольны час у якасьці доўгагадовага Скарбніка і сябры Прэзыдыюму Рады БНР.
Віталю Кажану давялося прайсьці складаны жыцьцёвы шлях ад роднае Дзісьненшчыны да амэрыканскага гораду Стамфарду ў штаце Канэтыкэт, дзе ён паваханы. Апошнія гады ён жыў у гарадку Пэнінгтане ў Нью-Джэрзі, але ў Стамфардзе прайшла большая частка ягонага жыцьця ў Амэрыцы.
Нарадзіўся Віталь у невялікай вёсцы Балбекі над прыгожаю рэчкаю Мнютай. Там ён вырас у сям'і прадпрыймальнага селяніна, які, здабыўшы асьвету, працаваў сакратаром ў земскага начальніка. Маці Віталя паходзіла з заможнай сялянскай сям'і. Бацькі мелі 20-гэктарную гаспадарку.
Пад польскай акупацыяй бацька спачатку быў выбраны войтам гміны, але пасьля трох гадоў яго зволілі за нястачу "польскасьці" і ён заняўся гандлем.
Віталь скончыў у Дзісьне польскую гімназію, адбыў вайсковую службу ды ў 1938 годзе падаўся ў афіцэрскую школу, куды быў прыняты не зважаючы на праваслаўную веру. Пасьля польска-нямецкай вайны працаваў настаўнікам у родных мясьцінах.
У жніўні 1942 году адбыў першыя курсы беларускіх афіцэраў у Менску, адкуль быў пасланы ў Браслаў для вядзеньня падафіцэрскіх курсаў для Беларускай Самааховы. Як ведама, немцы паставіліся да Самаахвовы адмоўна. У выніку гэтага Віталь працаваў пэўны час у Глыбокім сакратаром і заступнікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы.
У сакавіку 1943 году на пастанову беларускага актыву, працаваў у Вялейцы загадчыкам беларускай канцылярыі пры нямецкай установе.
Беларусь пакінуў у чэрвені 1944 году. У Бэрліне працаваў у БЦР, браў удзел у рыхтаваньні беларускіх афіцэраў. У лістападзе 1944 году палкоўнік Кушаль прызначыў яго сваім ад'ютантам.
1 сакавіка 1945 году Віталь ажаніўся з Жэняй Кароль, якая парацавала ў канцылярыі палкоўніка Кушаля. А праз месяц, калі альянты дабівалі гітлераўцаў, Кажаном удалося перабрацца ў заходнюю частку краіны, каб не патрапіць пад савецкую акупацыю.
Пасьля некалькіх пераездаў зь лягеру ўцекачоў у лягер, Віталь Кажан, трапіў на пасаду заступніка каманданта лягернай паліцыі ў Шляйсгайме ля Мюнхэну. Там прабыў ад ліпеня 1946 па люты 1948 году. Пасьля пераезду ў лютым 1948 году ў беларускі лягер Остэргофэн выконваў абавязкі адміністратара газэты "Бацькаўшчына", а ад лістапада таго-ж году - яшчэ і абавязкі каманданта лягернай паліцыі. Быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Амэрыканскую зону Нямеччыны.
У кастрычніку 1948 году прайшоў спэцыяльныя курсы для камандантаў лягернай паліцыі ў горадзе Штутгарце, дзе ад імя ўсіх курсантаў вітаў жонку прэзыдэнта ЗША Элеанору Рузвэльт.
У чэрвені 1949 году, калі быў арганізаваны адзіны лягер для беларусаў у Розэнгайме, працаваў там бухгальтарам аддзелу прадуктаў ды адначасна прайшоў курсы ангельскай мовы. Працаваў там-жа выкладчыкам пачаткаў ангельскай мовы ў беларускай школе.
Чацьвертая сэсія Рады БНР у Розэнгайме ў кастрычніку 1949 году надала Віталю Кажану становішча галоўнага Скарбніка Рады БНР. Гэтую адказную функцыю нябожчык выконваў з надзвычайнай працавітасьцю і сыстэматычнасьцю да самага канца свайго жыцьця, нават калі ўжо быў цяжка хворы.
У чэрвені 1950 году Віталь з жонкаю і дачушкай Ларысай вадаплавам прыбылі ў гаманлівы Нью Ерк. Вясковаму сыну фабрычная праца не прыпала да сэрца. Праз год Кажаны перабіраюцца ў горад Стамфард у штат Канэтыкэт. Тут Віталь атрымаў працу ў добрай кампаніі, дзе і адпрацаваў на пасадзе прараба амаль трыццаць гадоў.
У сакавіку 1952 году Віталя напаткала трагедыя: жонка нарадзіла сына Аўгена, а пасьля родаў сама памерла.
У кастрычніку 1953 году Віталь ажаніўся зь Любай Пронькай, ранейшай знаёмай з Шаркаўшчыны. У іх нарадзіліся дзьве дачкі, Юля і Маргарыта.
Каб забясьпечыць чатыром дзецям вышэйшую асьвету, Віталь Кажан пачаў у 1954 годзе, у дадатак да фабрычнай працы, свой бізнэс - маляваньне дамоў навонкі й унутры. Гэта ён рабіў аж да 1984 году ў час адпачынку ды сьвяточнымі днямі. Усім дзецям Віталь з жонкаю забясьпечылі вышэйшую адукацыю. У сваім аўтабіяграфічным нарысе, апублікаваным у зборніку "Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый" (сэрыя "Беларусіка-Albaruthenica", Мінск, "Беларускі кнігазбор", 2001) Віталь піша: "Здаецца, што мы, я і мая спадарожніца Люба, можам ганарыцца сваімі дзяцьмі. Усе яны былі добрымі вучнямі й сёньня зьяўляюцца добрымі людзьмі. Таксама важнае, што яны жывуць у добрай дружбе-сяброўстве паміж сабою і нас бацькоў паважаюць і шануюць. І яшчэ - усе яны добрыя хрысьціяне і добра ведаюць, што яны беларускага паходжаньня, і вельмі важна, што ўсе яны з намі, бацькамі, гавораць толькі па-беларуску".
Сьв. пам. Віталь Кажан быў чалавекам здольным, працавітым і аддданым сваёй сям'і ды свайму народу. Жыцьцё такога чалавека не канчаецца зь ягонай фізычнай сьмерцю. Сваім зыркім прыкладам ён застаецца жыць у сьведамасьці тых, хто яго ведаў, хто бачыў ягоную сумленнасьць і самаахвярную адданасьць высокаму ідэалу.
Абрад пахаваньня сьв. пам. Віталя Кажана выканаў сьвятар БАПЦ а. Вячаслаў у царкве Жыровіцкай Маці Божай у Гайленд-Парку. Ля пакрытай бел-чырвона-белым сьцягам труны разьвіталіся зь нябожчыкам выказваньнямі спачуваньня сям'і й памінальным словам аб памерлым Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ды сябры Рады БНР Янка Запруднік і Антон Шукелойць.
Вечная памяць вернаму сыну Беларусі.
Янка ЗАПРУДНІК